Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі гамбіт


Запрашэньне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” – чаму не паслухалі беларускую апазыцыю? Заявы Аляксандра Лукашэнкі на “Віцебскдрэў” наконт апазыцыі – сыгнал да рэпрэсіяў ці нешта іншае? Паміж молатам і кавадлам – саміт Эўразьвязу наконт партнэрства і візыт Аляксандра Лукашэнкі да Дзьмітрыя Мядзедзева ў Завідава.


Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць галоўны рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і экспэрт лёнданскай кампаніі “Sovetnik” Натальля Лешчанка. Перадачу вядзе Юры Дракахруст

Юры Дракахруст
Дракахруст:
Саміт Эўразьвязу, які адбыўся 19-20 сакавіка, запрасіў Беларусь далучыцца да “Ўсходняга партнэрства” – праграмы супрацоўніцтва ЭЗ з постсавецкімі краінамі. Гэтаму папярэднічала рашэньне нарады міністраў замежных спраў краінаў Зьвязу аб працягу прыпыненьня санкцыяў адносна А. Лукашэнкі і яшчэ 35 вышэйшых беларускіх урадоўцаў. На мінулым тыдні, калі быў скандальна скасаваны візыт у Беларусь эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальднэр, здавалася, што мядовы месяц беларуска-эўрапейскіх адносінаў скончыўся. Але рашэньні гэтага тыдня сьведчаць пра тое, што пяшчота з боку Эўропы ня зьменшылася і мядовы месяц працягваецца. Чаму? Натальля,

Лешчанка: Працягваецца таму, што захоўваецца патрэба ў гэтым. “Усходняе партнэрства” для ЭЗ ня мае сэнсу, калі ў ім будзе ўдзельнічаць толькі пяць краінаў, а ня шэсьць. Калі ўжо "закрываць" увесь усходні бок, то закрываць цалкам. Беларусь ня сталі вылучаць асобна.

Дракахруст: Натальля, але ж напачатку якраз вылучалі, гаварылася, што пяць краінаў прымаем без усялякіх папярэдніх умоваў, а Беларусь яшчэ павінна крыху прасунуцца па шляху дэмакратызацыі. А зараз ці яна так моцна прасунулася, ці гэта перастала быць такім важным?

Эўрапейскія чыноўнікі вырашылі больш не канцэнтраваць увагі на асаблівасьцях Беларусі: бярэм у партнэрства
і ўсё.
Лешчанка: Ну, гэта не зусім так. Той жа Хавіер Саляна ў Менску гаварыў, што няма ніякіх дадатковых умоваў уступленьня Беларусі ў партнэрства. Насамрэч зь Беларусьсю давялося больш працаваць. Скасаваньне візыту Фэрэры-Вальднэр якраз прывяла да парадаксальнага выніку, што эўрапейскія чыноўнікі вырашылі больш не канцэнтраваць увагі на асаблівасьцях Беларусі: бярэм у партнэрства і ўсё.

Дракахруст: Напярэдадні 16 сакавіка прадстаўнікі апазыцыі, у прыватнасьці, Аляксандар Казулін і Анатоль Лябедзька інтэнсіўна працавалі ў эўрапейскіх структурах, заклікаючы заняць больш жорсткую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску. Пры гэтым, паводле Анатоля Лябедзькі, яны мелі мандат на прадстаўленьне поглядаў “абсалютнай большасьці апазыцыі”. Аднак рашэньні гэтага тыдня паказалі, што аргумэнты апазыцыянэраў на рашэньне ЭЗ ня надта паўплывалі. Як сказала Натальля: бярэм і ўсё. Чаму? Апазыцыянэры ж выкладалі ня толькі ўласныя пажаданьні, але і факты, факты парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Аляксандар, які ваш адказ?

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі:
Мне не падаецца трапнай сама гэтая мэтафара "мядовы месяц". Тут хутчэй выпадае казаць пра "шлюб па разьліку". Ніякай рамантыкі няма ні з аднаго боку, ні з другога. Беларускі бок кажа "нявесьце" – чаго ты чапляесься па дробязях да мяне, Эўропа кажа – а чаго ў вас рэпрэсіі, каб "жаніх" не распускаў надта рукі. Няма вялікага каханьня, ёсьць вялікая патрэба і, найперш, калі казаць пра беларускі бок, дык гэта эканамічная патрэба, а Эўропу геапалітычныя чыньнікі штурхаюць на тое, каб апусьціць плянку цярпімасьці да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Звышзадача – любым чынам, "хоць тушкай, хоць чучалам", як у вядомым анэкдоце, ўцягнуць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы
Эўропа, зразумела, ня будзе перарываць кантакты зь беларускай апазыцыяй. Яе ваяжы будуць працягвацца і, магчыма, пэрыядычна выклікаць эмацыйную рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі і ў пэўнай ступені Эўропа будзе, але дастаткова стрымана, прамаўляць патрабаваньні пра дэмакратыю і правы чалавека. Але, так бы мовіць, "праз коску". Відавочна, што зараз у парадку дня гэтыя пытаньні з першых месцаў адсунутыя падалей, бо звышзадача – любым чынам, "хоць тушкай, хоць чучалам", як у вядомым анэкдоце, уцягнуць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы.

Дракахруст: Натальля, ў адной з нашых перадачаў намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч, крытыкуючы пазыцыю Эўропы, выказаў меркаваньне, што можна ж супрацоўнічаць зь Беларусьсю і ня робячы такіх знакавых жэстаў: можна дамаўляцца пра памежнае супрацоўніцтва, пра барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, уводзіць танныя візы для беларусаў, а разам з тым трымаць галоўных, палітычных прадстаўнікоў рэжыму пад санкцыямі. Хіба не?

Лешчанка: Думка цікавая, але я не зусім уяўляю, як яна магла б працаваць на практыцы. Каб заключаць нават дамовы аб барацьбе зь нелегальнай міграцыяй, патрэбныя кантакты з дастаткова высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі, якія пры санкцыях проста ня могуць прыехаць у Эўропу і заключыць такія дамовы. Па-другое, навошта гэта ўсё было б афіцыйнаму Менску пры такіх умовах? Усё ж тэхнічнае супрацоўніцтва другаснае адносна фундамэнтальнага палітычнага рашэньня: супрацоўнічаем ці не? Бяз гэтага рашэньня гэтага пытаньня немагчыма вырашаць і дробныя тэхнічныя пытаньні.

Дракахруст: Як Беларусь можа скарыстацца і як, на ваш погляд, скарыстае гэтыя шчодрыя падарункі Эўропы? Ці можа гэта не зусім і падарункі, а своеасаблівы палітычны гамбіт, ахвяра нечым, каб урэшце выйграць партыю ў аўтарытарнага Менску?

Натальля Лешчанка
Лешчанка:
Так можа быць, і гэта была, я мяркую, вельмі прыгожая партыя. Я толькі перасьцерагаю, што вы тут даяце занадта вялікі крэдыт эўрапейскім чыноўнікам.

Вяртаючыся да пачатку пытаньня, я скажу, што было б вельмі добра, каб Беларусь скарысталася паляпшэньнем адносінаў для тых мэтаў, якія дэкляравала. У першую чаргу стаялі пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, і ня толькі інвэстыцыяў як такіх, а перадачы заходніх тэхналёгіяў, прыходу заходніх кампаніяў у Беларусь, каб збалянсаваць прысутнасьць расейскага бізнэсу на тэрыторыі краіны.

Калі гэта ўсё адбудзецца, то ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе выгадна для ўладаў, а ў доўгатэрміновай – сапраўды можа прывесьці да зьяўленьня "расколінаў у муры", якія, магчыма, і разбураць беларускі палітычны фасад. Ці ёсьць у Эўразьвязу такі разьлік – гэта спрэчнае пытаньне.

Дракахруст: Аляксандар, а якія дзеяньні афіцыйнага Менску ў адказ на запрашэньне ва “Ўсходняе партнэрства” вы прагназуеце?

Паколькі сыстэма жорсткая, скручаная грубымі сталінскімі шрубамі, то варта адкруціць некалькі гэтых шрубак і ўсё можа хутка абрынуцца, што мы бачылі на прыкладзе гарбачоўскай
перабудовы
Класкоўскі: Тое, што гэта не падарунак, Менск паўтарае неаднаразова. Паводле беларускай прапаганды Эўропа ўсе папярэднія гады жорстка памылялася, праводзіла дубовую палітыку, а зараз эўрапейцы, маўляў, пачухалі рэпу, зразумелі, што яны дарэмна б’юцца галавой у сьцяну, што беларуская цытадэль непахісная, і таму пачалі намацваць больш рэалістычны пераход. Дапусьцім, што гэта больш прапагандысцкія тэзы, але і па сутнасьці, калі ўзяць эканамічны бок, але і экспэрты падлічылі, што калі тыя грошы, якія выдаткоўваюцца на “Ўсходняе партнэрства”, падзяліць на 6 краінаў на некалькі гадоў, то на адну краіну на год прыпадае 10 мільёнаў даляраў. Гэта ж адзін лядовы палац. У эканамічным сэнсе гэта сьмешна.

Зразумела, можна казаць, што калі Беларусь надта пасунецца ў сэнсе эканамічных рэформаў , а ў "адным фляконе" зь імі мусяць быць і грамадзка-палітычныя пераўтварэньні, тады значна шырэйшыя пэрспэктывы. Але менавіта гэта і муляе беларускаму боку. Гэта і выклікае такое раздражненьне.

У той публічнай рэакцыі беларускага афіцыйнага лідэра, калі ён некалькі дзён таму абрынуўся на апазыцыю, і ўскосна на Эўропу таксама, што яна, маўляў, тузае, накідае нейкія незразумелыя пытаньні. Пытаньні якраз цалкам зразумелыя, але якраз у гэтым беларускі афіцыйны правадыр адчувае небясьпеку – што ў Эўропы ёсьць плян, задума ціхай сапай, пакрысе падкапаць падмурак беларускай сыстэмы, разгойдаць яе. Ён, праўда, сказаў гэта ў іншай форме – што апазыцыя хоча разгайдаць сытуацыю, "разбамбіць краіну". Але гэта прагаворваюцца фобіі, якраз зьвязаныя з тым, што паступовая інтэграцыя Беларусі ў эўрапейскі кантэкст будзе вымагаць і нейкай адлігі ў эўрапейскай сфэры. А паколькі сыстэма жорсткая, скручаная грубымі сталінскімі шрубамі, то варта адкруціць некалькі гэтых шрубак, і ўсё можа хутка абрынуцца, што мы бачылі на прыкладзе гарбачоўскай перабудовы. Беларускае кіраўніцтва можа абраць больш абмежаваны ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве”, каб не рабіць вялікіх саступак у вельмі адчувальнай для яго палітычнай галіне.

Дракахруст: Натальля, шмат людзей, у асноўным крытыкаў “Усходняга партнэрства”, увесь час апэруюць гэтай лічбай – 600 мільёнаў даляраў на 6 краінаў. Гэта ж сапраўды атрымліваюцца "сьлёзы", калі тут Расея з царскага пляча за адзін раз дае паўмільярда даляраў адной Беларусі. Ці каштуе гульня сьвечак? Можа гэта больш для псыхалягічнай асалоды, вось, маўляў, Эўропа нас прызнала?

Калі Расея дае вялікія грошы, каб фінансаваць сацыяльныя праграмы, то з Захаду ў ідэальным варыянце Беларусь атрымае грошы, якія пойдуць у індустрыю, у гандаль, у сфэру
паслугаў
Лешчанка: Усе настолькі прызвычаіліся разглядаць падтрымку ў форме дзяржаўных інвэстыцыяў, што і ў дадзеным выпадку зважаюць на сумы, якія пойдуць наўпрост з бюджэту ЭЗ. Але справа ж зусім ня ў гэтым. Сутнасьць у тым, каб адкрыць Беларусь, каб брытанскія і іншыя эўрапейскія кампаніі ішлі ў краіну, рабілі свае прыватныя інвэстыцыі і такім чынам спрыялі эканамічнаму росту. Такім чынам размова ідзе пра два розныя працэсы: калі Расея дае вялікія грошы, каб фінансаваць сацыяльныя праграмы, то з Захаду ў ідэальным варыянце Беларусь атрымае грошы, якія пойдуць у індустрыю, у гандаль, у сфэру паслугаў і прымусяць эканоміку працаваць у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Дракахруст: Хіба не адзіная ўмова для далучэньня Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”, якую эўрапейскія прадстаўнікі агучваюць публічна – гэта непрызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Чаму гэта так важна? Вось напрыклад Аляксандар Казулін у адной з нашых перадачаў заявіў, што гэта другаснае пытаньне. І чаму эўрапейскія палітыкі, у тым ліку і высокага рангу (Шварцэнбэрг, Фэрэра-Вальднэр, Сяляна) гавораць пра гэтую ўмову публічна?

Класкоўскі: Вось тут гэтую пэдаляваную рыторыку нібыта дасьведчаных эўрапейскіх дыпляматаў я не разумею. Чаму яны так падстаўляюць Лукашэнку ў тым пытаньні, у якім дзейнічаюць форс-мажорныя вонкавыя чыньнікі? Якраз унутры краіны ён можа дазволіць крыху больш свабоды, дапусьціць крыху адлігі без вялікай рызыкі для сыстэмы. А тут Масква проста выкручвае рукі. У мяне такое прадчуваньне, што Эўропа праз пэўны час можа пачувацца, як мыла зьеўшы. Вось глядзіце – летам заяўлялі, што толькі калі выбары будуць празрыстыя і справядлівыя, мы будзем працягваць стасункі. Мы ведаем вынікі выбараў. А Эўропа здымае санкцыі і пачынае братаньне. Гаварылася – мы ўлучым Беларусь ва “Ўсходняе партнэрства”, толькі калі будуць зробленыя канкрэтныя крокі ў накірунку дэмакратызацыі. Тут за апошнія тыдні разагналі два шэсьці, арыштавалі прадпрымальнікаў-апазыцыянэраў у Ваўкавыску, трагічна загінула Яна Палякова. Зусім ня ўзорна прайшоў гэты выпрабавальны тэрмін афіцыйны Менск, але яго ўсё ж улучаюць ва “Ўсходняе партнэрства”.

Эўропа праз пэўны час можа пачувацца, як мыла зьеўшы.
І вельмі імаверна, што Мядзьведзеў даціснуў Лукашэнку падчас сустрэчы, і 2 красавіка на адкрыцьці сэсіі Палаты прадстаўнікоў у пажарным парадку ў парадак дня будзе ўключана пытаньне аб прызнаньні мяцежных грузінскіх тэрыторыяў. І што тады будзе рабіць Эўразьвяз? Ізноў будуць зьбірацца кіраўнікі краінаў і казаць – давайце адклічам запрашэньне. Яны ж не захацелі адкручваць назад, калі Ільхам Аліеў аформіў сабе фактычна пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. Я ня думаю, што яны будуць гэтак рабіць і у гэтым выпадку. Занадта тонкая палітыка ЭЗ часам прыводзіць да таго, што ён сам сябе лупцуе.

Лешчанка: Мы так часта гаворым – Брусэль, Эўразьвяз, Эўракамісія, што забываем, што гэта – жывыя людзі са сваімі інтарэсамі і прафэсійнымі патрэбамі. Наагул “Усходняе партнэрства” атрымала права на існаваньне пасьля ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй, калі ЭЗ вырашыў, што трэба займацца постсавецкімі дзяржавамі, трэба ўцягваць іх у сваю зону ўплыву, інакш яны стануць фарпостамі Расеі і яна наблізіцца да межаў ЭЗ. Такая пагроза, магчыма ўтрыраваная, і стаяла за тым, што асыгнавалі грошы на партнэрства, што гэтай тэмай пачалі сур’ёзна займацца, і што Беларусь увайшла ў тэмы для абмеркаваньня. Так што, кажучы аб непрызнаньні грузінскіх аўтаноміяў, зьвяртаюцца да хатняй аўдыторыі – не да беларускай і не да расейскай. Гэтыя заявы скіраваныя на эўрапейскіх лідэраў і эўрапейскае насельніцтва – на тых, ад каго ацэнка іх працы і залежыць.
Нам з вамі лягчэй пра гэта разважаць, чым эўрапейскім чыноўнікам, бо мы даўно займаемся Беларусьсю, адсочваем стратэгію і тактыку прэзыдэнта Лукашэнкі, а для эўрапейскіх функцыянэраў гэта тэма дастаткова новая.

Эўрапейскія чыноўнікі, кажучы аб непрызнаньні грузінскіх аўтаноміяў, зьвяртаюцца да хатняй аўдыторыі – не да беларускай і не да расейскай
Можна пагадзіцца, што палітыка выстаўленьня жорсткіх патрабаваньняў афіцыйнаму Менску абсалютна непрадуктыўная, яна не працавала і з боку Масквы. Цяжкасьць камунікацыі з Лукашэнкам, напрыклад, скасаваньне візыту Фэрэры-Вальднэр, расчароўваюць эўрапейцаў, робяць іх нецярпімымі і штурхаюць на неразумныя ўчынкі, якія робяцца, каб не згубіць твар перад хатняй аўдыторыяй. Я згодная, што такая палітыка безвыніковая, я – прыхільніца больш мяккага падыходу, але тлумачэньне сытуацыі, мяркую, такое, якое я прапанавала.

Дракахруст: На ваш погляд, што азначаў загадкавы візыт Лукашэнкі ў Расею на сустрэчу з Дзьмітрыем Мядзьведзевым? Візыт адбыўся ў той жа дзень, калі ў Брусэлі пачаўся саміт Эўразьвязу, адным з пытаньняў якога было якраз “Усходняе партнэрства”. Можа, і ў Завідаве размаўлялі пра тое ж?

Лушчанка: Мне здаецца, што расейскі прэзыдэнт знайшоў нейкі падыход, якім ён можа больш гнуць кій ў свой бок, фігуральна кажучы. Вынікі для Расеі пасьля гэтай сустрэчы значна больш карысныя, чым раней.

Дракахруст: Натальля, ці можна сказаць, што ў той момант, калі Эўропа ў Брусэлі дзьверы для Беларусі адчыніла, Расея ў Завідаве іх для Беларусі зачыніла?

Лешчанка: Дзьверы для Беларусі адчыняе і зачыняе Лукашэнка, ён, ўласна, гэтым і жыве шмат гадоў. “Усходняе партнэрства” ня будзе зачынена для Беларусі ад таго, што Лукшэнка зьезьдзіў у Маскву і не атрымаў там крэдыт і, магчыма, аддасьць яшчэ большую долю
Дзьверы для Беларусі адчыняе і зачыняе Лукашэнка, ён, ўласна, гэтым і жыве шмат гадоў
"Белтрансгазу" . Зараз галоўнае пытаньне – прызнаньне/непрызнаньне грузінскіх рэспублік і што будзе пасьля таго, як Беларусь, магчыма, пойдзе на прызнаньне. Можна асьцярожна прагназаваць, што паколькі гэтае “Ўсходняе партнэрства” для Беларусі важнае, то ў яе застанецца шанец у ім паўдзельнічаць.

Класкоўскі: Ужо мільён разоў аглядальнікі казалі, што Лукашэнка апынуўся паміж молатам і кавадлам і далей манэўраваць немагчыма. І пра цяперашнюю сытуацыю ўжо шмат кім сказана, што гэта момант ісьціны, вызначэньня, з кім Беларусь – з Эўропай ці з Масквой. Але кожны раз беларускі афіцыйны лідэр высьлізгвае і даказвае няслушнасьць гэтай мэтафары пра молат і кавадла.

Дракахруст: Даказвае большую трапнасьць прымаўкі пра ласкавае цяля, якое сьсе двух матак?

Лукашэнка даказаў, што цяляці неабавязкова нават быць надта ласкавым.
Класкоўскі: Так, менавіта. І больш таго. Лукашэнка даказаў, што неабавязкова нават быць надта ласкавым. То Масква, то Брусэль пэрыядычна атрымліваюць анучай па твары і нічога – выціраюцца. Я не выключаю, што калі ў Завідаве сапраўды даціснулі, і 2 красавіка на сэсіі палаты будуць прызнаныя гэтыя грузінскія аўтаноміі, то неба на зямлю ня зваліцца, Беларусь з вагону “Усходняга партнэрства” ня выкінуць. Шаноўная Натальля трапна заўважыла, што Эўропа, памяняўшы палітыку ў беларускім пытаньні, кіравалася ў значнай ступені фобіямі наконт жахлівай Расеі і непрадказальнага рускага мядзьведзя. Але і Расея кіруецца імпэрскімі фобіямі: што Брусэль ціхай сапай падкрадзецца, сінявокую рэспубліку ў нас скрадзе, павядзе да сябе, збудуе санітарны кардон і г.д. Абодва цэнтры сілы кіруюцца фобіямі, абодва закідаюць кручкі, абодва баяцца перагнуць кій. І пасьля сустрэчы ў Завідаве, дзе расейцы шыхтавалі беларускі бок, але назаўтра Кудрын сказаў, што Масква дае Беларусі 500 мільёнаў даляраў. Так што маскоўская падтрымка працягвае капаць. Гэтае цяля працягвае смактаць дзьвюх матак, і рэсурс гэтай палітыкі яшчэ далёка ня вычарпаны. Прастора для манэўру застаецца, бо самі супярэчнасьці паміж Расеяй і Эўропай запраграмаваныя на працяглы час. І ўявіць сабе, што гэтыя два полюсы знойдуць агульную беларускую палітыку (а гэта быў бы зьнішчальны вынік для рэжыму) – гэта са сфэры фантастыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG