Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Толькі пры Сталіне так шукалі злачынцаў”


Пакараньне штрафам апазыцыйнага актывіста Артура Фінькевіча, выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас беларускай апазыцыі, падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Волі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Суд Савецкага раёну Менску пакараў грашовым штрафам у паўмільёна рублёў Артура Фінькевіча. Падставай для гэтага сталася тое, што лідэр “Маладой Беларусі” нібыта наступіў на нагу міліцыянту і пры гэтым брыдкасловіў. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Асудзілі чалавека, які стаў міліцыянту на нагу і лаяўся. Гэта глупства, толькі пры Сталіне так шукалі злачынцаў. А зараз жа дэмакратыя. Якая гэта дэмакратыя?”

Спадарыня: “У сувязі са сьвятам, днём жыльлёва-камунальнай гаспадаркі атрымалі 8 працаўнікоў са 100 прэміі — аж па 35 тысяч рублёў. А як штрафы спаганяць, дык тут дзяржава шчодрая. Лічыць, што за лаянку ня сорамна 500 тысяч садраць”.

Спадар: “Судзьдзя памыліўся, нецэнзурнай лаянкай размаўляў міліцыянт пасьля таго, як Артур Фінькевіч падышоў і ні зь сяго ні з таго наступіў яму на палец. Кожны чалавек не стрымаўся б”.

Слухачы таксама працягваюць камэнтаваць нэгатыўныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас апазыцыі:

Алаксандар, Гародня: “Зь яго пункту гледжаньня, усе, хто не падтрымлівае ягоную палітыку, а такіх прыблізна палова насельніцтва, — усе ворагі беларускага народу. Ён абражае тых, хто самаахвярна змагаецца за незалежнасьць краіны, за беларускую мову, культуру, за дабрабыт людзей. А тыя, хто топча родную мову, усё беларускае, гатовыя ўсіх нязгодных пасадзіць за краты, — гэта патрыёты. Дрэнна жыць у краіне, дзе прэзыдэнт мае ўсе правы манарха і не нясе ніякае адказнасьці за свае словы і дзеяньні”.

Спадар: “Выказваньне Лукашэнкі ў Віцебску, што беларуская апазыцыя — не апазыцыя, ворагі народу, пятая калёна — характарызуюць: ён малады “рукамівадзіцель” сталінскага тыпу, заўсёды шукае ворагаў”.

Мікола: “Я лічу, што дарэмна апазыцыя нападае на нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. У яго ёсьць вялікія заслугі перад беларускай навукай. Ён бяз жонкі нарадзіў пяцігадовага Колю. Я лічу, гэта трэба занесьці ў Кнігу Гінэса”.

Працягваем праграму. 25 сакавіка спаўняецца 91-я гадавіна з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. З гэтай нагоды лідэры апазыцыі ладзяць у Менску сьвяточную вулічную акцыю. Тэлефанаваньні слухачоў:

Спадар: “Заўтра сьвята — Дзень Волі. Я віншую супрацоўнікаў “Свабоды” са сьвятам. Аднак на Бангалоры сьвяткаваць даводзіцца нам, а там бруд, сьнег. Я прапаную туды не ісьці, а патрабаваць іншае месца”.

Марыя, Гарадзеншчына: “Паважаныя мінчане! Мы едзем на сьвята ў Менск. Сустрэнемся, я веру, каля Акадэміі Навук. Сустракайце нас!”

Аляксандар, Аршанскі раён: “Дзень Волі — сапраўднае сьвята беларуса. Гэта ня хатняе сьвята, гэта народная хваля з крыкам у душы. Каму не абыякавы лёс нашай краіны — гэта тыя людзі, хто не жадае болей слухаць хлусьню пра квітнеючую Беларусь. Хто не жадае, каб лёс нашых дзяцей і ўнукаў залежаў ад капрызаў адзінага чалавека. Таму прыходзьце на сьвята зь сябрамі ды знаёмымі. У адзінстве наша сіла. Жыве Беларусь!”

Спадар: “У дзень Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Марыі Панны, 25 сакавіка — Дзень Волі і, фактычна, гістарычнага паўставаньня Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу ў Беларусі. Верым, што апазыцыя Беларусі любіць народ беларускі па-сапраўднаму. Таму што любім праўду і справядлівасьць, ня верым навінам БТ і дзяржаўным газэтам. Народ звычайна даверлівы і непастаянны. Каго ён сёньня ўзводзіць да нябёсаў, таго заўтра зрынае на дно пекла. Ісус таксама быў адрынуты народам”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Віншую супрацоўнікаў “Свабоды” і яе слухачоў, усіх сумленных сваіх суайчыньнікаў зь вялікім нашым сьвятам 25 сакавіка. Гэта двайное сьвята. Таму што 25 сакавіка — дзень Дабравесьця, калі было абвешчана Марыі аб нараджэньні Сына, Збаўцы сьвету. 25 сакавіка 1918 году была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта знак нам з вышыні пра тое, што будзе вольнай і свабоднай Беларусь. Жыве Беларусь!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG