Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агнешка Рамашэўская адноўлена ў якасьці дырэктара польскага тэлеканалу "Белсат". Яна была зьнятая з пасады за «ігнараваньне рашэньняў нагляднай рады» і за тое, што «публічна крытыкавала рашэньні рады».

СЛУХАЦЬ:


Агнешку Рамашэўскую сёньня запрасіў на размову дырэктар польскай тэлевізіі і паведаміў сваё рашэньне. Яна зайшла ў кабінэт Пятра Фарфала ў 10:30 паводле польскага часу. Яе калегі чакалі вынікаў размовы.

Гаворыць супрацоўнік “Белсату” Зьміцер Гурневіч:

“Тэлефанаваў калегам, якія займаліся запісам перадач на заўтра. Яны адразу ў тую сэкунду, як яна ўвайшла, па твары зразумелі. Папросту была вясёлая. Яны адразу сказалі, што вярнулася. Потым яна сама гэта пацьвердзіла. Будзе толькі дырэктаркай “Белсату”. Усе людзі, якія падпісаліся ў яе абарону, а падпісаліся амаль усе супрацоўнікі “Белсату”, вельмі ўсьцешаныя гэтым крокам, таму што гэта сьведчыць пра тое, што канал будзе далей працаваць”.

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі паведаміў “Свабодзе”:

“Мы, канечне, усе тут у маім аддзеле інфармацыі, і ўвогуле ўсе, цешымся, што спадарыня Рамашэўская вяртаецца на канал. Бо яна гэты канал стварыла, яна вялікі ўнёсак зрабіла, каб гэты канал пачаў працаваць, каб яго ведалі ў Беларусі.

Мы зьбіралі подпісы, давалі камэнтары ў сродках масавай інфармацыі, каб зрабіць вакол гэтага як мага больш шуму. Ну, і, на шчасьце, кіраўніцтва польскага тэлебачаньня зьмяніла сваё рашэньне і вярнула дырэктарку”.

“Белсат” цяпер ня будзе мець тых грошай, якія атрымліваў раней. Фінансаваньне істотна скарацілася. Аляксей Дзікавіцкі ня выключыў, што канал можа ў пэрспэктыве зьмяніць сваё месцазнаходжаньне:

“Цяпер мы ў больш складанай фінансавай сытуацыі, таму што польскае тэлебачаньне адмовілася дафінансаваць наш праект. Гэта азначае, што прынамсі на мільён эўра ў нас будзе меней. Мы, вядома, далей будзем разьвівацца, але гэта ўжо давядзецца рабіць у межах тых грошай, якія мы маем.

Спадзяюся, што цяпер будзе перагледжаная мэтазгоднасьць знаходжаньня нашага канала ў тым месцы, дзе мы знаходзімся. Магчыма, гэта час падумаць пра тое, каб выйсьці са структураў польскага тэлебачаньня.

Гэта, у прынцыпе, тэхнічнае пытаньне, бо ўсе нашы сэрвэры, наша кампутарная сетка — аўтаномная. Мы не ў структуры тэлебачаньня. Пытаньне ў перадатчыках, якія перадаюць сыгналы на спадарожнік. Яны даволі дарагія”.

***

23 красавіка 2007 году Польскае грамадзкае тэлебачаньне (TVP) і Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісалі пагадненьня пра стварэньне спадарожнікавага тэлеканалу “TV Беларусь”. Дырэктаркай каналу была прызначаная спадарыня Рамашэўская. 18 ліпеня TVP зацьвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, якія атрымаў назву “Белсат”. Ягонае тэставае вяшчаньне пачалося 10 сьнежня 2007 году.

Праграмы “Белсату” выходзяць пераважна на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканалу — даваць грамадзянам Беларусі аб’ектыўную й праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў краіне, Эўропе і сьвеце.

“Белсат” фінансуецца з рэзэрвавага бюджэту польскага МЗС. Паводле паведамленьня прэсавай службы тэлеканалу, у 2009 годзе на фінансаваньне тэлеканалу вылучана 5 мільёнаў 655 тысяч даляраў ЗША.

У сьнежні 2008 году ў МЗС Беларусі былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю беларускага прадстаўніцтва “Белсата” як структурнага падразьдзяленьня Польскага тэлебачаньня. У рэгістрацыі было адмоўлена на падставе няправільнага афармленьня дакумэнтаў. Пры гэтым у афіцыйным адказе МЗС гаварылася, што разгляд пытаньня пра адкрыцьцё ў Беларусі карэспандэнцкага пункта тэлеканала “Белсат” можа быць узноўлены пасьля ліквідацыі заўваг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG