Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У эканамічным аглядзе – галасы з Баранавічаў пра самыя нізкія ў Беларусі заробкі. А таксама пра тое, што замінае фэрмэрам Гарадзеншчыне пачаць веснавыя працы ў полі.

СЛУХАЦЬ:


Баранавічы


У Баранавічах падатковая інспэкцыя абвясьціла, што сума, якую атрымае бюджэт з усіх дэкляраваных за 2008 год прыбыткаў — найменшая за ўсе апошнія гады. Чым гэта тлумачыцца, высьвятляў на месцы Анатоль Кругавец.

Паводле афіцыйных зьвестак, найбагацейшы бізнэсовец у Баранавічах зарабляе дзьве тысячы даляраў у месяц. Таму тамтэйшы эканаміст і прадпрымальнік Мікалай Чарнавус заяўляе: баранаўцы цяпер найбяднейшыя ў параўнаньні з жыхарамі падобных гарадоў:

“Яшчэ зь верасьня мінулага году заробкі пачалі зьніжацца. І ўсё горш ды горш. А цяпер, як заводы становяцца, то будзе яшчэ горш. Прыяжджала камісія з аблспажыўсаюзу. Што яны сказалі? Хлеб жа ня ўсюды аднолькава каштуе. А зарплаты — у Баранавічах меней, у Менску болей. Падаткі ж — аднолькавыя”.

Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рыгор Грык дадае:

“Сёньня жыхары нашага гораду купляюць мінімум ежы. Уся зарплата ідзе толькі на паслугі й харчаваньне”.

У Баранавіцкім унівэрсытэце заробкі меншыя, чым у школах

У тутэйшым унівэрсытэце, які ў народзе называюць прэзыдэнцкім, заробкі значна меншыя, чым у менскіх выкладчыкаў.

“У параўнаньні зь іншымі ўнівэрсытэтамі і нават са школамі тут зусім мізэр плацяць. Асабліва цяпер. Паздымаюць прэміі. Чаму? Бо ён ня мае катэгорыі і мець ня будзе. Тут ня любяць кандыдатаў навук і дактароў. Пасады дэканаў, загадчыкаў катэдраў займаюць выпадковыя людзі”, — разважае кандыдат навук Анатоль Янкоўскі.

Афіцыйны камэнтар узяць не ўдалося. Чыноўнікі з гарвыканкаму на мае пытаньні пра нізкія даходы не адказвалі.

“Ня ведаю, адкуль такая інфармацыя. Толькі нядаўна прыйшла статыстыка, і яна яшчэ не разархіваваная. Я такіх лічбаў ня знаю”, — сказала начальнік упраўленьня працы Тацяна Латысава.

Ліда

Фэрмэры Лідчыны ў крызісны час засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Перадае Міхал Карневіч.

Фэрмэрская гаспадарка Яўгеніі Чычкан месьціцца ў вёсцы Цябы Лідзкага раёну. У гаспадыні 32 гектары зямлі, ёсьць трактар, інвэнтар да яго, сеюць збожжа, вырошчваюць садавіну, гадуюць на продаж сьвіней, трымаюць кароў і цялят.

Чаму фэрмэры зьбіраюцца збываць гаспадарку?

Яўгенія Чычкан кажа, што апошнім часам стала зусім цяжка: нават сваю прадукцыю нікуды немагчыма прадаць, і гаспадарка цярпіць адчувальныя страты.

Чычкан: “Ну вось, да прыкладу, сьвіней няма дзе збыць, і цялят малочных таксама. Атрымліваецца, што прадаеш усё задарма, я на мінулым тыдні палічыла — ну задарма. Капусту па восені не маглі збыць, так парсюкам і кормім”.

Сельскагаспадарчая прадукцыя, са слоў спадарыні Чычкан, танная, а вось салярка й запчасткі для тэхнікі — дарагія.

Чычкан: “Ужо можа быць праз год-два, як яшчэ Бог дасьць здароўя на гэтыя два гады, патрымаю і закрыюся. Бо дзяцей не падахвоціш, яны бачаць, як гэта ўсё цяжка”.

Я запытаўся ў гаспадыні — ці дапамагае фэрмэрам дзяржава?

Чычкан: “Ніякай дапамогі дзяржава ніколі не аказвала, нават ніякага крэдыту не далі. Некаторыя начальнікі, наадварот, кажуць, каб кідалі зямлю: маўляў, грошай на ёй не заробіце. Яны хочуць, каб усе ў калгасы ішлі, бо што тады чыноўнікі будуць рабіць без калгасаў?”

Фэрмэр зь вёскі Ваверка таго ж Лідзкага раёну, Станіслаў Савіцкі, наракае на тыя самыя праблемы.

Савіцкі: “Вырасьціць не праблема, прадаць — праблема. Агракамбінаты — манапалісты, нікуды нас не пускаюць. Усё толькі яны ў крамах. Сілаю, загадваюць, і ўсё”.

У спадара Савіцкага 52 гектары зямлі, некалькі трактароў, інвэнтар. Ён вырошчвае збожжавыя культуры і гародніну. Што тычыцца дапамогі ў крызісны час — таксама махае рукою.

Акрамя мясцовага камбінату хлебапрадуктаў, іншых рынкаў збыту няма

Я зьвярнуўся да начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Лідзкага раёну Яна Пальчыса з пытаньнем: чаму ў крызісны час дзяржава не падставіць плячо фэрмэрам?

Спадар Пальчыс сказаў, што летась сабралі ўраджай у паўтара раза большы, чым пазалетась, а таму цяжка некуды збыць збожжа ня толькі фэрмэрам, а й дзяржаўным гаспадаркам.

Пальчыс: “Мы нідзе нікому не забараняем свабодна прадаваць. У нас, акрамя камбінату хлебапрадуктаў, іншых рынкаў няма. Не забараняем прадаваць хоць на рынку, хоць на вёсцы. Куды чалавек хоча, туды няхай і вязе”.
XS
SM
MD
LG