Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца сустрэчы — вядомае, маршрут — не


Акадэмія навук
Акадэмія навук

25 сакавіка а 6-й вечара каля Акадэміі навук зьбяруцца ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі. Як ідзе падрыхтоўка да масавай акцыі, прымеркаванай да 91-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Cёньня на розных каналах Беларускага тэлебачаньня паказваюць выступ Леаніда Фармагея — начальніка менскай міліцыі:

“Некаторыя радыкальныя палітычныя дзеячы адкрыта заклікаюць да вулічных шэсьцяў, прычым незаконных. Мы паважаем права грамадзянаў на свабоду сходаў і мітынгаў, права свабодна выказваць свае думкі. Але калі пад свабодай разумеюць хуліганства, масавыя беспарадкі, то такая “свабода” непрымальная ў ніводнай цывілізаванай, дэмакратычнай дзяржаве. Органы аховы парадку не дапусьцяць парушэньня закону і замахаў на бясьпеку жыхароў і гасьцей Беларусі. На міліцыю ўскладзены абавязак абараняць правы грамадзянаў, мір і спакой у нашай краіне. І мы без усялякіх сумненьняў выканаем свой абавязак перад законам і грамадзтвам”.

Таксама паведамляецца, што Міністэрства юстыцыі папярэдзіла “дзьве апазыцыйныя партыі Беларусі” аб адказнасьці. Як высьветлілася, размова ідзе пра Партыю БНФ і Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ. Адпаведнае паведамленьне разьмешчанае на афіцыйным сайце міністэрства.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч удакладняе:

Віктар Івашкевіч
“Ёсьць папярэджаньне як пакараньне. І калі іх некалькі, уздымаецца пытаньне пра закрыцьцё партыі. Гэта — ня тое папярэджаньне, гэта — не пакараньне. Гэта ліст, у якім нам нагадваюць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны выконваць законы Рэспублікі Беларусь”.

Улады настойваюць, каб удзельнікі шэсьця ішлі ад будынку Акадэміі навук на плошчу Бангалор. Але сёньня лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі падаў у гарвыканкам заяву, дзе зьвяртае ўвагу ўладаў на тое, што прайсьці да плошчы Бангалор па вуліцы Сурганава ў прынцыпе немагчыма, бо там ідзе рамонт і ўсё раскапана.

Спадар Івашкевіч распавядае:

“Мы вядзем інфармацыйную кампанію ў межах нашых магчымасьцяў. Затрыманых няма, бо мы пачалі распаўсюджваць інфармацыю пасьля таго, як было адпаведнае рашэньне гарвыканкаму. І таму пляцоўка каля Акадэміі навук ёсьць легальнае месца збору. За гэта ня могуць быць прыцягнуты людзі да адказнасьці. Легальнае месца збору — Акадэмія навук. Ніхто гэтага не адмяняў”.

КХП-БНФ пакуль ня вызначылася зь месцам акцыі ў Дзень Волі. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі. Ён тлумачыць сытуацыю так:

Юрась Беленькі
“Мы падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне мітынгу каля ўваходу ў Батанічны сад. Аднак нам у гэтым месцы адмовілі і накіравалі на Бангалор. Але ў той жа час на Бангалоры далі месца іншым заяўнікам.

Атрымліваецца, што ў адным і тым жа месцы, у адзін і той жа час плянуюцца два мерапрыемствы. Але гэта не адпавядае дзейнаму заканадаўству, паколькі паводле Закону аб масавых мерапрыемствах заяўнік павінны забясьпечыць на гэтай тэрыторыі парадак. Таму мы цяпер тэрмінова вядзем перамовы з гарвыканкамам пра пошук іншага месца”.


Заяўнікі акцыі ад Партыі БНФ меркавалі прызначыць збор удзельнікаў у 18:00 на пляцоўцы перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук. Затым яны зьбіраліся прайсьці на Кастрычніцкую плошчу. Гарадзкія ўлады пагадзіліся зь месцам збору, аднак прапанавалі зьмяніць маршрут шэсьця: прайсьці вуліцай Сурганава на плошчу Бангалор. У выніку адзін з заяўнікаў акцыі, Віктар Івашкевіч, на прэсавай канфэрэнцыі 19 сакавіка ў Менску паведаміў, што з маршрутам шэсьця ў Дзень Волі арганізатары маюць намер вызначыцца на месцы збору ўдзельнікаў акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG