Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Amnesty International” закідае Лукашэнку паштоўкамі


“Беларусь павінна адмовіцца ад ужываньня сьмяротнага пакараньня” — напісана па паштоўцы, якую тысячы актывістаў з “Amnesty International” будуць дасылаць Аляксандру Лукашэнку
“Беларусь павінна адмовіцца ад ужываньня сьмяротнага пакараньня” — напісана па паштоўцы, якую тысячы актывістаў з “Amnesty International” будуць дасылаць Аляксандру Лукашэнку

Праваабаронцы “Amnesty International” Нікола Дакворт і Хэза Макгіл прадставілі ў Менску справаздачу пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у сьвеце.

СЛУХАЦЬ:

Актывісты міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” (“Міжнароднай амністыі”) абвясьцілі кампанію за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — адзінай эўрапейскай краіне, дзе такое пакараньне яшчэ ўжываюць.

Дырэктар праграмы Эўропы і Цэнтральнай Азіі “Amnesty International” Нікола Дакворт і экспэрт арганізацыі па Беларусі Хэза Макгіл заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад ужываньня сьмяротнай кары. Паводле справаздачы, якую прэзэнтавалі сёньня праваабаронцы на прэсавай канфэрэнцыі ў гатэлі “Мінск”, Беларусь — адзіная эўрапейская краіна сярод 25 краін сьвету, дзе яшчэ ўжываюць гэтае антыгуманнае пакараньне.

Праваабаронцы “Amnesty International” Нікола Дакворт і Хэза Макгіл прадставілі ў Менску справаздачу пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у сьвеце.
“Два гады запар ААН прымае рэзалюцыі пра ўвод мараторыю на ўжываньне сьмяротнай кары з пэрспэктывай цалкам ад яе адмовіцца. Большая частка сьвету зрабіла крок наперад у вырашэньні гэтай праблемы, і толькі 25 краін працягваюць ужываць гэты антыгуманны від пакараньня. Беларусь павінна браць прыклад з тых, хто адмовіўся ад сьмяротнай кары”, — заявіла праваабаронца Нікола Дакворт.

Праціўнікі адмены сьмяротнага пакараньня кажуць, што гэта прывядзе да росту цяжкіх злачынстваў. Праваабаронцы прыводзяць дадзеныя, якія абвяргаюць такі аргумэнт:
З 2000 году колькасьць сьмяротных прысудаў у Беларусі істотна зьменшылася, але з-за гэтага цяжкіх злачынстваў ня стала нашмат болей.
з 2000 году колькасьць сьмяротных прысудаў у Беларусі істотна зьменшылася, але з-за гэтага цяжкіх злачынстваў ня стала нашмат болей. Але чаму беларускія ўлады ня хочуць цалкам адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня?

Паводле праваабаронцаў, сьмяротная кара больш уласьцівая краінам, дзе бракуе дэмакратыі. Лідэры ўжываньня сьмяротнай кары — Кітай, Іран, Саудаўская Арабія, Пакістан. У пяцёрку ўваходзяць і ЗША, дзе ў некаторых штатах, як у Тэхасе, сьмяротная кара ўжываецца досыць часта.

Грамадзтва краіны мае права на інфармацыю пра выпадкі ўжываньня сьмяротнай кары і на дыскусію пра тое, ці варта яе захоўваць, мяркуюць праваабаронцы з “Amnesty International”. Між тым, паводле экспэрта па Беларусі Хэзы Макгіл, “улады Беларусі пакуль не дэманструюць волі да таго, каб праблема сьмяротнага пакараньня была адкрыта для грамадзтва”:

“Падчас падрыхтоўкі справаздачы ў кастрычніку мінулага году мы прасілі пра сустрэчу у Міністэрстве ўнутраных спраў, але марна. Прасілі даць статыстыку выкананьня сьмяротных прысудаў, але не атрымалі адказу. Зараз зноў просім міністра ўнутраных спраў пра сустрэчу”.

Праваабаронца паведаміла, што і ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі таксама “не знайшлі часу” на тое, каб сустрэцца з прадстаўнікамі арганізацыі ды абмеркаваць сытуацыю вакол сьмяротнага пакараньня. 23 сакавіка, аднак, з актывістамі “Amnesty International” сустрэліся чыноўнікі Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы разглядаюць гэты крок як прыкмету магчымай зьмены стаўленьня беларускіх уладаў да праблемы сьмяротнага пакараньня.

Міжнародная арганізацыя “Amnesty International” аб’ядноўвае каля 4 мільёнаў актывістаў. Праваабаронцы паведамілі, што сярод актывістаў будзе распаўсюджаная паштоўка з адрасам Аляксандра Лукашэнкі, на якой зьмешчаны заклік адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. “Плянуем, што тысячы такіх паштовак актывісты дашлюць кіраўніку Беларусі”, — сказалі прадстаўнікі “Amnesty International”.



Паводле праваабаронцаў з “Amnesty International”, ад 1991 году ў Беларусі вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў. Дакладная колькасьць выкананых сьмяротных прысудаў невядомая. Вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць. Гэта здарылася ў 1999 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG