Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сідарэвіч: Рада БНР была больш легітымная, чым сёньняшняя "палатка"


Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Сёньняшні Анатоль Сідарэвіч расказвае пра тое, што рабілі арганізатары БНР 24 сакавіка 1918 году.


– 23 сакавіка 1918 году фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе БНР вырашыла ўсе галасы свае падаць за незалежнасць.

Анатоль Сідарэвіч. Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Цягам тыдня ён будзе расказваць пра тое, як утваралася БНР, пра яе ўрокі для сёньняшніх змагароў за незалежную дэмакратычную Беларусь.

Мы ня ведаем, калі адбылося пасяджэньне Прэзыдыюму Рады БНР. Можна думаць, што ўвечары 23 сакавіка, бо не пазьней як уранку 24 сакавіка сябры Рады атрымалі запрашэньне, падпісанае Янкам Серадой і Канстанцінам Езавітавым, у якім паведамлялася, што пасяджэньне Рады Рэспублікі адбудзецца ў нядзелю 24 сакавіка а 5-й гадзіне ўвечары паводле сярэднеэўрапейскага часу, гэта значыць а 6-й паводле нашага. Пасяджэньне мелася адбыцца ў зале на 3-м паверсе ў доме № 43 па Захараўскай вуліцы.

На разгляд Рады БНР выносілася тры пытаньні: даклад прадстаўнікоў Віленскай Беларускай Рады, даклад мандатнай камісіі і даклад менскага гарадзкога галавы. У выніку абмеркаваньня другога пытаньня Радзе належала абраць свой Прэзыдыюм, сэньёрэн-канвэнт і выпрацаваць модус прадстаўніцтва ў Радзе БНР розных палітычных, грамадзкіх, прафэсійных і рэлігійных арганізацый.

Што такое Рада БНР у дзень 24 сакавіка 1918 году? Гэта перш-наперш сябры Рады дэмакратычна абранага Ўсебеларускага зьезду, які адбыўся ў сьнежні 1917 году. Калі бальшавікі разагналі Зьезд, яго дэлегаты сабраліся назаўтра ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і абвясьцілі Раду Зьезду часоваю краёваю ўладаю. 21 сьнежня Рада прыняла на сябе ўладныя абавязкі і вырашыла дапоўніць свой склад “прадстаўнікамі сялянаў, рабочых і салдат”, а таксама “нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партый”. Таму ў складзе Рады БНР па стану на 24 сакавіка мы побач зь беларускімі сацыялістамі бачым сацыялістаў-сіяністаў, бундаўцаў, расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і польскіх сацыялістаў. Не дэлегавалі ў склад Рады сваіх прадстаўнікоў толькі меншавікі і бальшавікі. Дзесяць прадстаўнікоў накіравала Менская гарадзкая дума, дзевяць – земствы, восем – нацыянальныя меншасці, шасьцярых – беларускія вайскоўцы. У Радзе былі прадстаўленыя беларусы, габрэі, летувісы, палякі, расейцы, украінцы.

Такім чынам, увечары 24 сакавіка 1918 году пра лёс Беларусі меўся разважаць яе першы парлямэнт, або перадпарлямэнт, у якім былі прадстаўленыя розныя партыі і ўсе нацыянальныя групы Беларусі. Як жа ад Усебеларускага зьезду і Рады БНР будуць адрозьнівацца сфармаваныя бальшавікамі І Усебеларускі Зьезд Саветаў і ЦВК БССР! Як жа ад Рады БНР адрозьніваецца цяперашняя створаная на бальшавіцкі ўзор Палата прадстаўнікоў!

XS
SM
MD
LG