Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы змагаюцца за памяць Каліноўскага ў Вільні


Беларуска-літоўска-польскі “Паўстанцкі ланцуг” у дзень сьмерці Кастуся Каліноўскага ў Вільні сабраў на Лукішскім пляцы некалькі дзесяткаў чалавек.


Асаблівую ўвагу да ўшанаваньня памяці героя выклікалі нядаўнія дыскусіі адносна праектаў рэканструкцыі Лукішскай плошчы, бальшыня зь якіх не прадугледжвае захаваньня памятнай пліты паўстанцам 1863 -1864 гг і крыжа змагарам за свабоду Літвы, усталяванага над плітой.

"Вечная памяць змагару" - так называецца грамадзкая кампанія, якую прыдумала беларуская моладзь у Вільні. Студэнцкае аб’яднаньне Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту “СтудАльянс” (StudAlliance) ініцыявала кампанію ў гонар Кастуся Каліноўскага на пачатку гэтага году, правяла некалькі акцыяў і завяршыла яе беларуска-літоўска-польскім “Паўстанцкім ланцугом” 22 сакавіка. У гэты дзень роўна 145 гадоў таму Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на Лукішскай плошчы.

Паўстанцкі ланцуг у дзень сьмерці

Каб ушанаваць памяць героя, на плошчу да мэмарыяльнай пліты у гонар паўстанцаў 1863-1864 гг. на заклік арганізатараў – студэнцкага аб'яднаньня ЭГУ і Таварыства беларускай культуры (ТБК) ў Літве – 22 сакавіка прыйшлі студэнты ЭГУ, грамадзкія актывісты, віленчукі розных узростаў і нацыянальнасьцяў.

Удзельнікі акцыі трымалі партрэты Каліноўскага, расьцяжку зь вядомым у трох краінах лёзунгам паўстанцаў “За нашу і вашу свабоду!”, бел-чырвона-белыя сьцягі і літоўскія трыкалёры.

Актывісты запалілі белыя і чырвоныя сьвечкі, паклалі кветкі на пліту ў памяць паўстанцаў.

Паводле маладафронтаўца Кірыла Атаманчыка, кіраўніка “СтудАльянса” (StudAlliance), акцыя “аб’яднала беларусаў, літоўцаў і палякаў у справе ўшанаваньня памяці Кастуся Каліноўскага, а ланцуг сымбалізаваў еднасьць розных нацыяў і пакаленьняў у змаганьні за справядлівасьць”.

Героя ў Вільні не шануюць?

Выступоўцы адзначалі, што памяць Каліноўскага ў Вільні належным чынам дасюль не ўшанаваная.

Ніякага памятнага знаку на Замкавай гары, дзе ён пахаваны, сёньня няма. На месцы, дзе 22 сакавіка 1864 г., стаяла шыбеніца каля будынку суда пры Лукішскай плошчы, цяпер знаходзіцца сымбалічны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. А мэмарыяльная пліта каля касьцёла Сьв. Якуба разам з крыжом можа не захавацца ў выніку рэканструкцыі Лукішскай плошчы.

Актывісты змагаюцца

На адкрытым паседжаньні у Віленскай мэрыі напрыканцы лютага з удзелам прадстаўнікоў грамадзкасьці абмяркоўваліся вынікі другога этапу конкурсу праектаў перабудовы плошчы.

Толькі адзін зь сямі праектаў пакідае месца для мэмарыяльнага знака паўстанцам. Лідэр “СтудАльянсу” Кірыл Атаманчык, кіраўнік ТБК у Літве Хведар Нюнька, іншыя беларускія актывісты узялі удзел у абмеркаваньні праектаў, каб адстаяць памятны знак, які ў Вільні часьцяком называюць “крыж Каліноўскаму” і да якога цягам апошніх гадоў прыносяць кветкі і сьвечкі актывісты і беларускія школьнікі.

З пратэстам супраць конкурсу праектаў рэканструкцыі Лукішскай плошчы выступілі і прадстаўнікі Віленскага аддзела грамадзкага руху “Саюдзіс”. Яны заявілі, што конкурс мэрыі незаконны, паколькі, паводле рашэньня Сойму 1999 г. , лёс плошчы мае вырашаць урадавая, а не муніцыпальная камісія. На цяперашні момант разгляд праектаў рэканструкцыі плошчы прыпынены.

Змагароў падтрымала Бацькаўшчына

На пачатку сакавіка Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” даслала зварот да прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса з просьбай дапамагчы захаваць мэмарыяльны знак у гонар паўстанцаў 1863-64 гг. на Лукішской плошчы.

Віленскія актывісты заявілі на акцыі 22 сакавіка, што будуць сачыць за лёсам памятнага знака і змагацца за ўшанаваньне памяці Кастуся Каліноўскага у Вільні.

Праекты рэканструкцыі плошчы можна пабачыць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG