Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўторыцца Плошча?


Роўна тры гады таму, у ноч з 23 на 24 сакавіка, а дакладней у 3 гадзіны 10 хвілінаў ночы на Кастрычніцкай плошчы Менску пачалося зьнішчэньне намётавага лягеру, які зладзілі моладзевыя актывісты апазыцыі, нязгоныя з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Тады былі арыштаваныя некалькі соцень ягоных абаронцаў, людзей, якія кінулі выклік уладзе, не пабаяліся уступіць зь ёй у адкрытае супрацьстаяньне. І якія дагэтуль упэўненыя -- Кастрычніцкая плошча абавязкова зьменіць свой назоў на плошчу Кастуся Каліноўскага.


Плошча ўзьнікла стыхійна. Пратэст на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Выбараў, якія назіральнікі ад шэрагу міжнародных структураў афіцыйна прызналі не адпавядаючым дэмакратычным стандартам.

У апошнюю ноч палітык Валянціна Палевікова заставалася ў лягеры за старэйшую:

“Мне патэлефанавалі сёньня жанчыны, зь якімі я сядзела ў адной камэры. Адна знаходзіцца ужо ў Расеі. Мы размаўлялі і ўспаміналі. Гэта не забылася. І застаецца такое шчымлівае пачуцьцё. Вельмі шчымлівае. Гэты дзень мне запомніўся назаўжды”.

Валянціна Палевікова кажа, што калі б гэтыя падзеі паўтарыліся, яны б зноў была ў іх эпіцэнтры:

“Канечне, я была б там, дзе экстрым, там, дзе патрэбна быць побач з моладзьдзю. Я лічу сябе дасьведчаным па жыцьці чалавекам, і, канечне, была б на вастрыі”.

Арцёма Ляву таксама забралі з Плошчы ў тую ж ноч. Ён ня лічыць, што зрабіў нешта надзвычайнае.

“Я нават і не сумняваўся, што тады зрабіў нешта не тое. Бо я лічыў, што гэта ўсё ж мой грамадзянскі абавязак падтрымаць людзей – хаця б ноччу”.

Арцём Лява думае, што пасьля новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі сытуацыя можа паўтарыцца:

“Можа нешта масавае адбыцца, калі адбудзецца. Бо цяпер накладаюцца вельмі сур’ёзныя эканамічныя праблемы. А тады такога не было. І таму альбо будзе нешта вельмі маштабнае, агульнанацыянальнае, альбо ўсё будзе спакойна. Як было раней. Але такога, як было тры гады таму, калі выйшла толькі невялічкая частка людзей, то, мне здаецца, такога ўжо ня будзе”.

Палітоляг Уладзімер Роўда спадзяецца, што Плошча-2006 не апошняя ў сучаснай беларускай гісторыі:

“Таму што гэта яскравы прыклад маральнага супраціву. У самых складаных умовах лепшыя людзі беларускага грамадзтва здолелі гэта зрабіць. Таму я спадзяюся, што гэтыя людзі выйдуць ізноў. Магчыма, іх будзе больш. Магчыма, у іх будуць больш адэкватныя палітычныя лідэры, чаго не хапала ў 2006 годзе.

Я аптыміст і спадзяюся, што наша Плошча абавязкова прывядзе да перамогі. Магчыма, не на наступных выбарах. Але ў пэрспэктыве гэта – адзіны шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG