Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас візыту ў Сочы кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 23 сакавіка ўвечары правёў сустрэчу з прэзыдэнтам непрызнанай рэспублікі Абхазія Сяргеем Багапшам. На пытаньне, ці абмяркоўвалася там сытуацыя з прызнаньнем самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі заявіў карэспандэнту Свабоды, маўляў, апошнім часам «зьявілася шмат спэкуляцый і бязглузьдзіцы вакол гэтага пытаньня».. Чаму менавіта цяпер А.Лукашэнка адважыўся на гэтую сустрэчу? І як паставяцца эўрапейцы да актывізацыі афіцыйнага Меснку ў гэтым кірунку? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з дырэктарам праграмаў “Расея — Эўразія” нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі Аляксандрам Рарам.

Дашчынскі: "Перамовы з кіраўніком непрызнанай рэспублікі адбыліся падчас рабочага візыту ў Расею, пасьля сустрэчаў з Дз.Мядзьведзевым і У.Пуціным. Чаму А.Лукашэнка пайшоў на гэтую сустрэчу?"

Рар: «Я думаю, гэта пачатак асьцярожнага і павольнага прызнаньня з боку Беларусі незалежнасьці Абхазіі. Беларусь павінна ў нейкай ступені, магчыма, таксама ў інтарэсах Расеі, прыцягнуць іншыя краіны СНД да гэтага працэсу. Расеі патрэбна, не тэрмінова, але цягам наступнай пару гадоў, прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі хаця б з боку краінаў СНД. Потым у плянах Расеі падключэньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі да АДКБ, да эканамічнага саюза Беларусі і Расеі. Я думаю, з А.Лукашэнкам Дз.Мядзьведзеў даволі жорстка пагутарыў у Сочы і папрасіў ужо рухацца ў гэтым накірунку. Таму ў Лукашэнкі цяпер і ўзьнікаюць сур'ёзныя праблемы з Эўразьвязам, бо ЭЗ пачынае яго таксама прыціскаць да сьцяны. І калі гэта прызнаньне адбудзецца, то Беларусь можа забыцца пра любы працэс зьбліжэньня з ЭЗ».

Дашчынскі: "Аднак Рада Эўразьвязу ўжо прыняла рашэньне аб далучэньні Беларусі да праграмы «Усходняга партнэрства». І як могуць разьвівацца падзеі, калі А.Лукашэнка прызнае незалежнасьць грузінскіх тэрыторый?"

Рар: «У Эўразьвязе недзе адчулі, што Беларусь ідзе на гэта прызнаньне. Не цяпер, дык ў недалёкай будучыні. Таму цяпер на адрас Беларусі гучаць прамыя пагрозы. Нават да таго, што Беларусь выключаць з суседзкай праграмы Эўразьвязу. Сапраўды, цяжка ўседзець на двух крэслах. Лукашэнка спрабуе і набліжацца да ЭЭ, і не сварыцца з Расеяй. Але абставіны могуць скласьціся так, што яму давядзецца ўсё ж перамяшчацца ў бок аднаго крэсла. І хаця б на тры чвэрці займаць адно крэсла і вызваляць месца на другім. Выйсьця амаль што ўжо няма. Бо апроч інтарэсаў Беларусі, ёсьць інтарэсы Расеі і ЭЗ, якія хочуць, каб Беларусь іх рэалізавала».

Дашчынскі: "Магчыма, А.Лукашэнка пачынае шантажаваць Эўропу, каб яго запрасілі на саміт у Прагу?"

Рар: «Гэта было б занадта проста. Яго і так запросяць. Калі б ён цяпер заявіў, што Беларусь ні ў якім разе не прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, ці ён не зацікаўлены ў прызнаньні, то яго дакладна запрасілі б. А сваёй сустрэчай з Багапшам і сваімі апошнімі выказваньнямі, ён паказвае Расеі, што ідзе ў бок прызнаньня і рызыкуе сапсаваць зноў стасункі з ЭЗ. З другога боку, ЭЗ выглядае таксама сьмешна. Нягледзячы на сытуацыю ў самой краіне, ЭЗ патрабуе ад Беларусі толькі аднаго: не ісьці ў бок расейскай паліыткі і не прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Гэта насамрэч даволі дзіўны шантаж. І гэта паказвае, што Беларусь як і раней застаецца ў вачах эўрапейцаў нейкім аб'ектам геапалітычнай гульні адносна Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG