Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Завадзкая: “Дачку назвалі беларускім імем — Адэля”


Сьвятлана Завадзкая

Сьвятлана Завадзкая

У Сьвятланы Завадзкай і яе мужа Сяргея Бахуна нарадзілася дачка. Першым мужам Сьвятланы Завадзкай быў апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, якога скралі невядомыя ў 2000-ым годзе. Ужо два гады як у Сьвятланы новая сям’я і вось яна папоўнілася.

Сьвятлана нарадзіла 11-га сакавіка. Роды прайшлі добра, дзяўчынка хутка набірае вагу, распавяла Сьвятлана.

“Збольшага паводзіць сябе добра. Вось толькі сёньня нешта капрызьнічае. Як нарадзілася, вага была 3 кіляграмы 150 грамаў, рост 52 сантымэтры. Нарадзілася ж трошкі раней за вызначаны дактарамі тэрмін. Плянаваліся роды прыкладна да Дня Волі, але атрымалася раней. Ужо назвалі — Адэляй, Адэлькай. Гэтак хацеў Сяржук, мой муж. Я зь ім згадзілася, бо мне таксама падабаецца гэтае імя. Мы глядзелі шмат імён, але выбралі, гэтае, беларускае.”

Карэспандэнт: “Цяпер крызіс наступае. Ці справіцеся вы ў такіх умовах матэрыяльна?”

Завадзкая: “Ведаеце, мы пра гэта ня думаем. Такое жаданае дзіця. Сяржук ужо ва ўзросьце, трэба працягваць свой род. Мы пра крызіс ня думаем. Як гэта кажуць: калі Бог дае дзіця, ён дае і на дзіця”.

Карэспандэнт: “А як справы ў вашага сына Юрыя?”

Ззавадзкая: “Добра. Ён вучыцца завочна ў Інстытуце сучасных ведаў, ужо падпрацоўвае, зарабляе грошы. Вучыцца на мэнэджэра па культурных сувязях”.

Карэспандэнт: “А як пасьля родаў адчувае сябе маладая мама?”

Завадзкая: “Добра пачуваюся. Быццам скінула 10 гадоў. Такое дзіцятка ў мяне прыгожанькае, міленькае, дае сілы, дае ўсё. Як кепска сябе адчуваць? Памятаю, як быў маленькі Юрась, як расла пляменьніца, дык Адэлька спакайнейшая. Дае маме і адпачыць, і парабіць што па доме. Усё добра”.

Сьвятлана Завадзкая сказала, што дачку ўжо зарэгістравалі як Адэлю Бахун, гэта прозьвішча Сьвятланінага мужа, грамадзкага актывіста Сержука Бахуна. Сама Сьвятлана пасьля шлюбу зь Сержуком засталася пад прозьвішчам Завадзкая:

“Калі немаўляці выпісвалі пасьведчаньне пра нараджэньне, спачатку не пагаджаліся на імя Адэля. Сяржук нават званіў пісьменьніку Ўладзімеру Арлову, раіўся, як быць. Але потым супрацоўнікі ЗАГСу пакорпаліся ў нейкіх кнігах і пагадзіліся”, — распавяла Сьвятлана Завадзкая. Сёньня яе дачцы Адэлі Бахун ужо 12 дзён.



Нагадаем, некалькі гадоў таму падчас пікету, на якім Сьвятлана Завадзкая стаяла з партрэтам свайго зьніклага мужа Зьмітра Завадзкага, амапавец ударыў яе ў твар. Сьвятлана спрабавала прыцягнуць міліцыянта да судовай адказнасьці, але марна — пракуратура адмовілася завадзіць справу на міліцыянта, які ўжыў сілу супраць жанчыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG