Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня ў аддзел адукацыі Салігорскага раёну выклікалі Ўладзімера Шылу, бацьку моладзевага актывіста Ільлі Шылы, якога ўлады засьцерагалі ад удзелу ў акцыі на Дзень Волі ў Менску.

Начальнік аддзелу адукацыі Мікалай Маскевіч адмовіўся паведаміць, зь якой прычыны выклікалі на размову Ўладзімера Шылу.

“Я меў права яго запрасіць. Меў права спытаць тое, што мне было трэба. А прычым тут Радыё Свабода? Я не хачу з вамі размаўляць на гэту тэму. Да пабачэньня”.

Ільля Шыла вучыцца ў выпускной адзінаццатай клясе-штрых. Ягоны бацька расказаў:

Уладзімер Шыла,
фота — saigorsk.org
“Там спачатку была Бародзіч Ала Уладзімераўна, намесьніца Мацкевіча. Яна сказала, што хвалюецца, каб у Ільлі не было ніякіх праблем, каб ён здаў іспыты, скончыў школу і усё было нармальна. Я папытаўся, ці ёсьць нейкія праблемы зь Ільлём? Яна адказала, што па вучобе пытаньняў няма, а ёсьць пытаньні па выхаваньні. Вы самі ведаеце, якія. А потым прыйшоў Мікалай Іванавіч і сказаў: «Нам вядома, што 25 сакавіка вы зьбіраецеся ехаць зь Ільлём на незаконнае мерапрыемства». Я сказаў, што яшчэ ня ведаю, паеду ці не, да таго ж, яно дазволена Менгарвыканкамам і вы павінны гэта ведаць. І тады ён сказаў, што Ільля як непаўналетні ня мае права браць удзел у падобных мерапрыемствах. Я ў сваю чаргу папрасіў яго як загадчыка аддзелу адукацыі павыкідаць са школы усе гэты камітэты БРСМ”.

Ільля Шыла, фота — nn.by
Паводле спадара Ўладзімера, настаўнікі ў школе пачалі тэрмінова падлічваць пропускі Ільлі, якіх насамрэч вельмі мала. Усе гэтыя дзеяньні чыноўнікаў з органаў адукацыі ён расцэньвае як спробу зрабіць ціск напярэдадні акцыі 25 сакавіка. На размову ў адзел адукацыі ён пайшоў разам зь мясцовым праваабаронцам Леанідам Мархоткам.

Мархотка: “Гэта вычайная ўладная гістэрыя напярэдадні 25 сакавіка. Зважаючы на лібэралізацыю, я думаў, што сёлета хоць нешта зьменіцца ў мазгах улады, і яна ня будзе настолькі жорстка прэсінгаваць напярэдадні Дня волі. Але, бачыце, пад гэтым небам нічога не мяняецца. Шкада. Калі там БТ так упэўнена, што апазыцыя дажывае апошнія дні, засталося толькі некалькі соцень “адмарозкаў”, дык навошта наогул хвалявацца і рабіць з гэтага нейкія гісторыі? Хочуць людзі зьезьдзіць у Менск, ну няхай зьезьдзяць. Чаго хвалявацца насамрэч?”

На падобныя размовы ў Салігорску выклікалі таксама бацькоў іншых актывістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG