Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Франаку Вячорку


Франак Вячорка ў гарнізонным судзе

Франак Вячорка ў гарнізонным судзе

Менскі міжгарнізонны вайсковы суд адмовіўся прызнаць незаконнымі дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыву ў войска Франка Вячоркі.

Нагадаем, 16 студзеня ў палату вайсковага шпіталя, дзе Франак праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, уварваліся людзі ў цывільным. Яны зьбілі хлопца й адвезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз паўгадзіны завязуць у войска.

Франак запатрабаваў даць яму час, каб зьняць пабоі і зьвярнуцца ў суд на дзеяньні вайскоўцаў, якія незаконна пазбавілі волі й самавольна спынілі мэдычнае абсьледаваньне.

Пазьней суд спыніў прызыў, але праз два тыдні Франка Вячорку затрымалі міліцыянты, якімі зноў камандавалі людзі ў цывільным. Яго адвезьлі ў ваенкамат, там зьбілі й адтуль у кайданках адвезьлі ў вайсковую частку ў Баранавічах.

Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала пабоі. Бацька Франка, Вінцук Вячорка, зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што Франак празь некалькі дзён пасьля прыняцьц прысягі трапіў у шпіталь з павышанным ціскам. У судзе прагучаў аргумэнт пра тое, што нават калі й быў завочны прысуд, ён усё роўна не ўступіў у сілу, таму гвалтоўны прызыў ёсьць парушэньнем заканадаўства.

Франак і Вінцук Вячоркі
Вінцук Вячорка паведаміў, што ў судзе высьветліліся новыя акалічнасьці справы. У матэрыялах справы ёсьць сьведчаньні, што Франка сапраўды зьбілі людзі ў цывільным. Вайсковы камісар сказаў у судзе, што гэта былі людзі, якія працуюць у войску. Таму Вінцук Вячорка запатрабаваў высьветліць іхнія прозьвішчы й прыцягнуць да адказнасьці. Калі гэтыя людзі самі ня ўдзельнічалі ў зьбіцьці, то яны дапусьцілі зьбіцьцё прызыўніка ў ваенкамаце.

Вайсковы камісар Алег Загурскі сказаў, што яны дзейнічалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Вайсковы пракурор заклікаў адмовіць у скарзе, бо, на ягоную думку, не былі парушаныя ніякія нормы. Што тычыцца пабояў, то гэтае пытаньне засталося без адказу.

У інтэрвію Радыё Свабода Франак Вячорка сказаў:

Вячорка: Я не адмаўляюся выконваць ганаровы абавязак і абараняць сваю радзіму, але я дамагаюся выкананьня законаў. Я патрабую справядлівага, аб'ектыўнага расьсьледаваньня, пры якіх абставінах і кім я быў зьбіты, затрыманы і гвалтоўна прызваны на вайсковую службу. Я патрабую завядзеньня крымінальнай справы супраць тых, хто парушаў закон у дачыненьні да мяне

Радкевіч: Франак, некалькі словаў аб тым, як вам служыцца?

Вячорка: Служба працякае спакойна, начальства спрабуе мяне ўсяляк адмежаваць ад родных, блізкіх і сваякоў – раптоўна адключыўся таксафон-аўтамат, забаранілі мабільныя тэлефоны, і адзіная сувязь са зьнешнім сьветам – гэта перапіска празь лісты. Падгаворваюць салдатаў, каб са мной менш кантактавалі, пагражаючы ім праблемамі, але я стараюся трымацца мужна, моцна, адстойваць свае правы і правы іншых вайскоўцаў. У любым разе, войска – гэта ня казка, і калі ў вас ёсьць абмежаваньні па здароўі, то лепш сюды не трапляць.

Радкевіч: А як адносіны зь іншымі салдатамі?

Вячорка: Салдаты вельмі паважаюць мяне, баяцца і слухаюць. Я валодаю нейкім такім асаблівым статусам і аўтарытэтам, як у начальства, так і ў салдатаў. Стараюся гэта скарыстаць з карысьцю, прывучыць салдатаў да чытаньня, да беларускай мовы, да нейкай актыўнасьці, ініцыятыўнасьці ў грамадзкай, вайсковай і проста асабістай дзейнасьці. Ну і праводжу своеасаблівую працу з гэтай моладзьдзю. Рана ці позна гэтая моладзь стане нашым электаратам, зь якім трэба будзе працаваць, і я рыхтую іх да гэтага.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG