Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Крук патрабуе пакараць начальніка астравецкага КДБ


Іван Крук

Іван Крук

Дзеля гэтага ён пісьмова зьвярнуўся са скаргай да генэральнага пракурора РБ, пракурора Гарадзенскай вобласьці і начальніка УКДБ па Гарадзенскай вобласьці.

Іван Крук лічыць, што мясцовыя сілавыя структуры незаконна перасьледуюць яго з той мэтай, каб ён і ягоныя сябры прыпынілі грамадзкую дзейнасьць у антыядзерным руху “Астравецкая атамная — гэта злачынства”.

У лісьце ён апавядае, як органы міліцыі і КДБ беспадстаўна затрымлівалі яго і як у ягонай кватэры рабілі незаконныя ператрусы, зьвязаныя са зьяўленьнем у раёне незарэгістраванага выданьня “Астравецкі весьнік”.

Іван Крук патрабуе, каб усім асобам, датычным да апэратыўных мерапрыемстваў супраць яго, была дадзеная прававая ацэнка, асабліва кіраўніку раённага КДБ С. Шмурэю, якога ён лічыць арганізатарам і каардынатарам сплянаванага супраць яго антызаконнага перасьледу.

Ператрус адбываўся з санкцыі раённага пракурора на падставе паведамленьня начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне спадара Шмурэя пра тое, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару.

“Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”.

Выданьне выйшла на чатырох старонках фармату А4, накладам 299 асобнікаў на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Мікола Ўласевіч
Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС “па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сэйсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці”. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.

Сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” ўжо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў па дазвол правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі, каб давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў раёне.

Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні да будаўніцтва АЭС.

“Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня”, — падкрэсьліў Мікола Ўласевіч.
XS
SM
MD
LG