Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозавы сок хочуць манапалізаваць


У самай паўднёвай на Беларусі Берасьцейскай вобласьці чыноўнікі спрабуюць сёлета забараніць насельніцтву нарыхтоўваць бярозавік.


Берасьцейскія чыноўнікі ўздымаюць пытаньне аб манапалізацыі бярозавіку. Даводзяць, што перапрацоўчыя прадпрыемствы замовілі лесьнікам каля 5 тысяч тон бярозавіку. Гэта на 800 тон менш, чым летась. Таму астатняе прапануецца збываць насельніцтву. А каб людзі былі больш згаворлівымі, іх запалохваюць вялікімі штрафамі за самавольны збор прадукту.

Пра штрафы і манапалізацыю кажуць вяскоўцы:

“Вялікі штраф. Дадуць на мінімалак пару. Чуў па тэлевізары, што трэба ў лясгасах купляць. Цябе ж самога ня пусьцяць спускаць”, — кажа Іван Аскерка з палескай вёскі Вялікія Круговічы.

Бярозавік будзе каштаваць даражэй

Удакладняе інфармацыю тэхнік Ганцавіцкага лясьніцтва Васіль Рабцэвіч:

“У Берасьці паўставала пытаньне, што насельніцтва ня ўмее падсочваць. Таму трэба, каб закуплялі ў нас. І, як вынікае, сёлета, хутчэй за ўсё, будзе толькі магчымасьць купляць у нас”.

Паводле службы эканамічнай бясьпекі Берасьцейскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднаньня, адзін літар бярозавіку будзе каштаваць 180 рублёў — даражэй, чым летась. Інспэктар Анатоль Лешка папярэджвае, што падвышаюцца і штрафы:

Штрафы павялічыліся да 50 базавых велічыняў

“У выпадку, калі бяроза знаходзіцца за зямельным участкам вяскоўца, нават непасрэдна за плотам, то гэта лічыцца зямля агульнага карыстаньня, значыць, трапляе пад пункт пашкоджаньня дрэў. А гэта штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў”.

Для аховы традыцыйных месцаў нарыхтоўкі бярозавіку на Берасьцейшчыне прызначаны больш як 80 інспэктараў. Дзе і як будуць прадаваць бярозавік лясгасы, пакуль не паведамлена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG