Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікаў і дэпутатаў запрасілі на страйк


Сёньня прадпрымальнікі Рэчыцы запрасілі на папераджальны страйк прадстаўнікоў райвыканкаму й дэпутатаў Гомельскага абласнога Савету.


Аднадзённы страйк на рынках “Славянскі” й “Цэнтральны” прызначаны на заўтра. Ён выкліканы істотным падвышэньнем ставак адзінага падатку, якія нядаўна прынятыя сэсіяй Гомельскага абласнога Савету.

Распавядае рэчыцкі лідэр руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алег Шабетнік:

“У райвыканкам, у прыёмную першага намесьніка старшыні выканкаму, я занёс пратакол агульнага сходу прадпрымальнікаў рынку “Славянскі”. У гэтым пратаколе ёсьць і просьба, каб заўтра ў 9 гадзін 15 хвілін прадстаўнікі райвыканкаму папрысутнічалі на нашым страйку.

Дэпутатцы Гомельскага абласнога Савету Сьвятлане Бадзюлі аддалі копіі пратаколаў з двух рынкаў. З трэцяга рынку прадпрымальнікі сёньня самі занясуць ёй запрашэньне. Да страйку ў нас далучыўся й трэці рынак. Гэта — “Гандлёвыя рады “Рытм”.

Прадпрымальнікі дзівяцца рашэньню мясцовых уладаў павялічыць у крызіс падаткі:

“Тут час зьніжаць падаткі, каб захаваць працоўныя месцы, каб людзі засталіся на працы. А ў нас — павышаюць. Учора, да прыкладу, людзі падлічылі, што за гандаль абуткам трэба заплаціць на месяц каля 900 тысяч рублёў. Каб гандляваць у красавіку, да 28 сакавіка трэба заплаціць каля 900 тысяч рублёў падаткаў. Дзіцячы абутак каштуе 20—25 тысяч, і трэба 50 пар прадаць гэтага абутку, каб заплаціць толькі падаткі”.

Калі ніякіх зьменаў ня будзе, то ўжо ў красавіку шмат хто з прадпрымальнікаў Рэчыцы адмовіцца ад свайго бізнэсу. Іншыя пяройдуць на 10-дзённую працу.
XS
SM
MD
LG