Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрашэньне Беларусі да ўдзелу ў праграме “Ўсходняе партнэрства”, выказваньні кіраўніка краіны на адрас беларускай апазыцыі, эканамічны крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Беларусь запрасілі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”, якая прадугледжвае шчыльнейшае супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Прыняўшы Беларусь у праект “Усходняе Партнэрства”, Эўразьвяз найперш паклапаціўся пра грамадзян Беларусі. А Лукашэнка хай скажа вялікі дзякуй за тое, што Эўразьвяз спрабуе яму дапамагчы ўнікнуць залежнасьці ад Расеі”.

Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас апазыцыі падчас ягонай працоўнай паездкі ў Віцебск — яшчэ адна тэма абмеркаваньня:

Мікалай Антонавіч: “Апазыцыя незадаволеная, што прэзыдэнт назваў яе пятай калёнай, ворагамі народу. На маю думку, ён не памыліўся. Кіраўнікі апазыцыі, вы робіце шмат памылак. Народ ведае, хто робіць добра, а хто дрэнна”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Нездарма прэзыдэнт сталінскімі фразамі тыпу “ворагі народу” пачаў кідацца менавіта ў Віцебскай вобласьці. Нездарма яны пачаліся ў нас, на Віцебшчыне, самай беднай, самай адсталай, на жаль, самай падуладнай самазабойствам сярод насельніцтва”.

Спадарыня: “Слушна сказаў прэзыдэнт пра апазыцыю. Няма чаго крыўдзіцца і пераносіць гэтае выказваньне на ўвесь наш народ. Паглядзіце, хто ў гэтай апазыцыі. У асноўным — былыя, якія ніяк ня могуць зьмірыцца са стратай цёплых месцаў. Карысьці дзяржаве ад гэтай апазыцыі ніякай”.

Спадар: “Чаму так абразіў Лукашэнка апазыцыю ворагамі народа? Таму што ён ведае, што з выбараў у выбары адбываецца фальсыфікацыя выбараў. А апазыцыя — вораг народу таму, што яна нічога ня робіць, каб фальсыфікацыі не было”.

Наступныя выказваньні на тэму эканамічнага крызісу.

Дзядзька Міхась: “Правальную палітыку нашы ўладары неяк хочуць сьпіхнуць на сусьветны крызіс. Асноўным пакупніком нашых тавараў зьяўляецца саюзная наша дзяржава Расея. А тут атрымалася, што правал тут і надарыўся”.

Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч спасылаецца — крызіс, бачыце. Так кепска, таму горш стала. Нічога падобнага — у нас заўжды было дрэнна”.

Спадар:
“Ня так даўно казалі пра беларускі цуд,
А сёньня дзе той цуд, можа, яму капут?
А пазык цяжкі груз набралі,
З гэтымі пазыкамі закладнікамі сталі.
Хто і калі іх будзе аддаваць?
Вось тады гэты цуд да нашых дзяцей абавязкова вернецца апяць”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Раней кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька часта выступала па вашым радыё. А цяперашняе кіраўніцтва Хэльсынскага камітэту нешта маўчыць. Можа, усё добра ў нашай рэспубліцы з правамі чалавека?”

Адказвае намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацьцяна Гацура:

“Цяжка сказаць, лепш стала з правамі чалавека ці горш. Хутчэй за ўсё, што проста зьмянілася рыторыка, якая дае новыя спадзяваньні. Але праблемаў хапае, і мы пра іх не маўчым. Перадусім, мы адлюстроўваем гэта на нашым сайце. А па-другое, мы плянуем арганізаваць прамую тэлефонную лінію са старшынём БХК Алегам Гулаком. Таму чалавек, якія зьвяртаўся на Радыё Свабода”, няхай сочыць за паведамленьнямі ў СМІ. І ён сам зможа патэлефанаваць Алегу Гулаку і задаць пытаньні, якія яго цікавяць”.

Працягваем праграму яшчэ адным пытаньнем.

Васіль Сініцкі: “Паважанае Радыё Свабода! Адкажыце, калі ласка, на такое пытаньне. У Лельчыцах дзейнічае з пачатку 90-х гадоў руская праваслаўная царква, служэньне адбываецца па-расейску. І беларускі каталіцкі касьцёл, дзе служэньне адбываецца на беларускай мове. Прыхаджане касьцёла са згоды Лельчыцкага райвыканкаму пры ўезьдзе ў Лельчыцы паставілі крыж. І вось намесьнік старшыні райвыканкаму дае ўказаньне зьнесьці гэты крыж і на яго месца паставіць праваслаўны крыж. Дзе знайсьці ўправу?”

Адказвае праваабаронца Алесь Бяляцкі:

“Улічваючы далікатнасьць міжканфэсійных адносінаў, то ў гэтай сытуацыі я б параіў мясцовым уладам падумаць і паставіць недзе побач і праваслаўны крыж. Я думаю, што гэта б вырашыла пытаньне прысутнасьці католікаў і праваслаўных у Лельчыцах”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы:

Павал Давыдзенка: “У мяне меркаваньне. Вязьні патрабуюць ільготы. А хто аплоціць інвалідам Чарнобыля, калі пэнсіі адвечна рабуюцца чыноўнікамі?”

Спадарыня Тацяна Барэй: “Я люблю сваю Беларусь, люблю сваю мову, хачу ведаць яе яшчэ лепш, таму ў мінулыя выходныя пісала нацыянальную дыктоўку “Родная мова” паводле Ўладзімера Караткевіча. Адзнаку атрымала лепшую, чым летась. І гэтым вельмі ганаруся”.

Спадар Алесь: “5 красавіка адбудзецца матч чэмпіянату Беларусі па футболе. Будуць сустракацца “Дынама-Мінск” і футбольны клюб “Мінск”. Футбольны клюб “Мінск” — гэта адзіны клюб, на эмблеме якога надпіс на беларускай мове. Таму мая прапанова ўсім сьвядомым беларусам заўзець за гэты клюб — футбольны клюб “Мінск”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG