Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паболее ў Беларусі палітычных партыяў?


У Беларусі можа значна паболець палітычных партыяў. У міністэрства юстыцыі ўжо перадалі дакумэнты на рэгістрацыю заснавальнікі Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. У красавіку плянуецца правядзеньне ўстаноўчых з’ездаў Партыі свабоды і прагрэсу ды Беларускай партыі працоўных. Напрыканцы гэтага тыдня высьветліцца дата правядзеньня ўстаноўчага сходу сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.

Размовы са стваральнікамі новых партыяў далі адказ на пытаньне, чаму менавіта цяпер узьніклі гэтыя ініцыятывы? Усе яны спадзяюцца скарыстаць працэс так званай лібэралізацыі, пра якую абвясьцілі ўлады. І што менавіта цяпер можна зарэгістравацца ў міністэрстве юстыцыі, без чаго партыя не набывае статус афіцыйна дзейнай.

Партыя свабоды і прагрэсу безвынікова рэгіструецца пяць гадоў запар. Старшыня аргкамітэту былы дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд гаворыць, што папярэдняя дата ўстаноўчага з’езду ўжо вызначаная –18 красавіка. А жаданьне стварыць новую партыю, а не далучыцца да якой-небудзь дзейнай, тлумачыць так:

“Мы раней працавалі ў рамках моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум”. Гэта – лібэральная арганізацыя, якая зьяўляецца чальцом эўрапейскіх лібэральных структураў. Мы ўжо вырасьлі ў больш моцную палітычную сілу. І таму ёсьць жаданьне зарэгістраваць такую лібэральную партыю – свабоды і прагрэсу”.

Аляксандар Бухвостаў -- старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай партыі працоўных у выходныя езьдзіць па рэгіёнах. Там ініцыятыўныя групы вылучаюць кандыдатаў на зьезд:

“Пакуль мы праводзім сходы. Я цяпер у Слуцку знаходжуся. А заўтра буду ў Магілёве. Напрыканцы сакавіка правядзем паседжаньне аргкамітэту і прызначым канчатковую дату зьезду”.

Ад 1993 году Аляксандар Бухвостаў ачольваў Беларускую партыю працы. У 2004 годзе яе закрылі. Цяпер трэба адраджаць. Але паколькі закон не дазваляе называццца старым імем, Беларуская партыя працы ператвараецца ў Беларускую партыю працоўных.

Пра жаданьне адстойваць інтарэсы шарагоўцаў кажа і Сяргей Скрабец -- старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”:

“Першая задача сацыял-дэмакратаў – ахова інтарэсаў чалавека працы. Гэты кірунак нам вельмі блізкі і зразумелы. Таму і партыя будзе звацца сацыял-дэмакратычнай. А ня нейкай там правай ці хрысьціянскай”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Я думаю, што партыяў зашмат не бывае. І вось менавіта беларускія ўлады ставяць увесь час пытаньнІ: ці патрэбны новыя партыі, колькі іх патрэбна і г.д.? І ня проста тэарэтычна ставяць пытаньні, а яшчэ і выбарачна фільтруюць партыі. І я думаю, што і ў дадзеным выпадку рэгістрацыя калі яна і будзе, то аксама выбарачнай. І гэта якраз вельмі кепска, што колькасьць партыяў залежыць ад улады. У ідэале тут, як і ў рынкавай эканоміцы, павінны працаваць законы здаровай канкурэнцыі”.

На сёньняшні дзень у міністэрстве юстыцыі Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG