Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады паабяцалі “вывучыць” праблему былых вязьняў “Азарычаў”


Былыя вязьні канцэнтрацыйнага лягеру “Азарычы” прыпыняюць пазоў супраць беларускіх уладаў у Камітэт па правах чалавека ААН. Кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта нарэшце паабяцала прыслухацца да аргумэнтаў людзей, якія спачатку пацярпелі ад фашысцкай навалы, а пасьля і ад сваёй жа дзяржавы.

У гэтыя дні 65 гадоў таму войскі Беларускага фронту канчаткова вызвалілі больш за 30 тысяч вязьняў Азарыцкіх канцлягераў, якія складаліся з асобных лягераў пад адкрытым небам у Калінкавіцкіх балотах. Практычна на 100% гэта было мірнае насельніцтва, прычым блізу 15 тысяч вызваленых – дзеці ва ўзросьце да 13 гадоў. Каля 20 тысяч чалавек вызваленьня не дачакаліся і загінулі ад хваробаў, голаду і холаду. Па неафіцыйных дадзеных, Азарыцкія лягеры прынялі больш за 170 тысяч чалавек, прычым першых людзей сюды пачалі зганяць не ў сакавіку 1944 году, як кажа афіцыйная гісторыя, а летам 1943-га. У любым выпадку ў дакумэнтах Нюрнбэрскага трыбуналу “Азарычы” фігуруюць у зьвязку з адным з самых “вычварных злачынстваў супраць чалавечнасьці”.

Новым этапам антыгуманнага стаўленьня да сябе былыя вязьні “Азарычаў” лічаць сярэдзіну 1990-х. У 1995 годзе “Азарыцкі канцлягер на пярэднім краі абароны” (згодна з вызначэньнем трыбуналу) рашэньнем заснаванай пры адміністрацыі прэзыдэнта навукова-кваліфікацыйнай камісіі пераўтварыўся ў “спэцыяльны лягер сьмерці”. Вывад з кантэксту слова “канцэнтрацыйны” на справе пазбавіў былых вязьняў значнай часткі матэрыяльнай кампэнсацыі ад нямецкага ўраду – замест 15 тысяч марак яны маглі прэтэндаваць толькі на 5 тысяч. Усе спробы пацярпелых спыніць рэвізію вынікаў вайны плёну ня мелі.

У мінулым годзе азарыцкія вязьні дзеля большай эфэктыўнасьці ў супрацьстаяньні бюракратычнай сыстэме выйшлі з агульнабеларускай арганізацыі былых вязьняў фашызму і заснавалі грамадзкае аб’яднаньне былых вязьняў канцлягеру “Азарычы”. Прайшоўшы усе магчымыя інстанцыі, напярэдадні 65-годзьдзя свайго вызваленьня яны абвясьцілі пра намер падаць пазоў супраць беларускіх уладаў у Камітэт па правах чалавека ААН.

Аднак, як кажа старшыня аб’яднаньня былых вязьняў “Азарычаў” Фёдар Верас, з-за новых абставінаў пакуль што на такое рашэньне накладзены часовы мараторый. Дарэчы, сам спадар Верас трапіў у лягер у 9-ці гадовым узросьце:

“Мы гэтыя матэрыялы рыхтуем. Але ад актыўных дзеяньняў мы ўстрымаліся. Пакуль што. Справа ў тым, што дзяржава ў асобе ідэоляга Натальлі Пяткевіч як быццам павярнулася ў наш бок, абавязала Міністэрства юстыцыі ўважліва паставіцца да праблемы і разгледзець яе. Ад свайго права зьвярнуцца ў ААН мы не адмаўляемся, такое рашэньне прынятае праўленьнем нашага сходу. То бок, матэрыялы ў нас усе гатовыя, але іхны рух мы прыпыняем, паглядзім, як да нас паставяцца і ці насамрэч перагледзяць дапушчаная парушэньні з боку некаторых чыноўнікаў, у прыватнасьці, кіраўніка архіву Адамушкі”.

Фёдар Верас удакладняе, што намер зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН зьявіўся збольшага ад безвыходнасьці -- усе спробы знайсьці паразуменьне з чыноўнікамі ў Беларусі скончыліся нічым:

“Канстытуцыйны суд адмёў нашы просьбы. На лісты, адрасаваныя кіраўніку дзяржавы, адказаў мы не атрымалі. Дарэчы, такіх лістоў было пяць, адзін -- за подпісам больш чым тысячы чалавек. Нашы звароты перапраўляюцца ў розныя інстанцыі, аднак ніякіх адказаў няма. А калі і былі, то ад чыноўнікаў, на якіх мы якраз і скардзіліся. Чыноўнікі што зрабілі? Проста перагледзелі вынікі вайны, перагледзелі рашэньне міжнароднага трыбуналу. Пасьля таго, як Канстытуцыйны суд адказаў, што гэта не ягоная эпархія і ён нічога ня можа зрабіць, мы зьвярнуліся ў іншыя інстанцыі. Вярхоўны суд адказаў нам, што гэта не падсудная справа, а гэта кампэтэнцыя камісіі. Тады мы падалі скаргу старшыні Вярхоўнага суду Сукалу. Ён падтрымаў ранейшае рашэньне суду. Што нам яшчэ застаецца рабіць? Тады мы прымаем рашэньне адносна ААН. А паралельна рыхтуюцца паперы на імя кіраўнікоў Беларусі і Расеі”.

У свой час, абураныя зьменай статусу канцлягеру, былыя вязьні зьвярнуліся да уладаў Нямеччыны з просьбай паўплываць на рашэньне навукова-кваліфікацыйнай камісіі пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Аднак нямецкі бок адназначна даў зразумець: права кваліфікацыі месцаў зьняволеньня -- выключная прэрагатыва згаданай камісіі.

Фёдар Верас кажа, што ў дадзеным выпадку першачарговае значэньне мае нават не грашовая кампэнсацыя, а гістарычная праўда. Хоць сталым і ў бальшыні сваёй хворым людзям лішняя капейчына не пашкодзіць -- пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам “упарадкаваньня ільготаў” былыя вязьні пазбавіліся асноўных відаў дзяржаўнай дапамогі ўдзельнікам вайны.

“Азарычы” былі адзіным у Эўропе лягерам, дзе вязьні ўтрымліваліся фактычна ў балоце, без аніякіх пабудоваў і харчаваньня. Ваду зьняволеныя пілі з-пад ног, дзе сотнямі ляжалі памерлыя ад пераахалоджваньня і голаду. Апроч таго, кажуць сьведкі, у лягер адмыслова прывозілі людзей, хворых на сыпную тыфу ды іншыя захворваньні, каб у падразьдзяленьняў савецкай арміі не было асаблівага жаданьня вызваляць заражаны сьмяротнай хваробай лягер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG