Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Двойчы на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пабываў зь візытамі ў Расеі – напярэдадні і пасьля таго, як Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне пра далучэньне Беларусі да праграмы “Усходняга партнэрства”. З чым зьвязаныя гэтыя візыты? Як паўплывае далучэньне Беларусі да “Усходняга партнэрства” на беларуска-расейскія дачыненьні? Што атрымае ад яго наша краіна?Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Аляксандрам Класкоўскім.

Дашчынскі: Ці толькі магчымасьць удзелу беларускіх будаўнікоў ва ўзьвядзеньні спартовых аб’ектаў у Сочы абмяркоўвалі ў выходныя А.Лукашэнка і Дз.Мядзьведзеў. Ці можна казаць пра нейкія перамены ў расейска-беларускіх дачыненьнях пасьля далучэньня Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”?

Класкоўскі: Афіцыйны Менск, беларускае кіраўніцтва даволі спрытна прызвычаіліся манэўраваць паміж двума цэнтрамі сілы. І калі робяцца нейкія саступкі, то яны, канечне, робяцца па мінімуме. Гэта мы бачылі цягам апошніх месяцаў і ў дачыненьні да Брусэля...
Тое, што Маскве гэта актыўнасьць Беларусі на заходнім кірунку не падабаецца, гэта адназначна. І, адпаведна, актыўнасьць Брусэлю, які пачаў рэалізоўваць гэту сваю новую праграму. Масква бачыць у гэтым геапалітычны падкоп, спробу вывесьці Беларусь з зоны расейскага ўплыву. Разам з тым ні Мядзьведзеў, ні Лаўроў не заявяць на шырокую аўдыторыю, што вось мы не пусьцім Беларусь, хай толькі Лукашэнка рыпнецца, мы закруцім кранік. Хаця, канечне, кулюарна вядуцца такія выхаваўчыя размовы. Магчыма, гэта нават галоўны сэнс гэтых таямнічых сустрэчаў. Канечне, вось гэтая геапалітычная арыентацыя Беларусі – зь кім вы менскія таварышы – гэта магло быць самым галоўным пытаньнем гэтых сустрэч”.

Дашчынскі: Але як доўга А.Лукашэнка можа ўтрымацца на гэтай “палітыцы арэляў” паміж Усходам і Захадам?

Класкоўскі: “Насамрэч прастора для манэўраў застаецца і, я думаю, што яна яшчэ будзе заставацца на аглядную пэрспэктыву. Расея будзе палохаць Эўропу і тут гармоніі ў стасунках яшчэ доўгі час не будзе. Беларускае кіраўніцтва будзе дзейнічаць так, каб атрымліваць дывідэнды з аднаго і іншага боку. Але ні Масква, ні Брусэль не маюць моцнай, выразнай палітыкі ў беларускім пытаньні. Што тычыцца Масквы, усе гэтыя выхаваўчыя размовы сканчаюцца тым, што даюць нейкіх пернікаў. Маскве не падабаецца “Усходняе партнэрства” і яны проста будуць мінімізаваць удзел у ім Беларусі. Адзін з такіх чыньнікаў, які, на думку Масквы, можа ўліць лыжку дзёгцю ў бочку гэтага “Усходняе партнэрства” – гэта пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

У гэтым пытаньні мусяць ціснуць даволі жорстка і я не зьдзіўлюся, калі на вясеньняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў гэты акт, які не пажаданы для Эўропы, адбудзецца. Эўропа нікуды не падзенецца, бо гэты цягнік “Усходняга партнэрства” скрануўся і выкідаць зь яго Беларусь на хаду не будуць. Іншая рэч, што фармат, маштаб, пэрспэктывы ўдзелу нашай краіны ва “Усходнім партнэрстве” шмат у чым будуць вызначацца чыньнікам маскоўскім і чыньнікам унутранай палітыкі беларускага рэжыму”.

Дашчынскі: “Усходняе партнэрства” скіравана на палітычнае збліжэньне Брусэлю з краінамі-удзельніцамі праграмы, іх эканамічную інтэграцыю ў ЭЗ. Адначасова ЭЗ будзе садзейнічаць рэформам, скіраваным на дэмакратыю і рынак. Таксама Беларусь можа разьлічваць на адмену візавага рэжыму з ЭЗ. На фінансаваньне праграмы выдзяляюцца сотні мільёнаў эўра".

Класкоўскі: “Гаворка ж не пра тое, што па кішэнях будуць раздаваць гэтыя грошы. Расея дае такія вось дозы допінгу, а Эўропа прапануе не порцыю рыбы, а вуду. Яна хоча, каб навучыліся жыхары той ці іншай краіны лавіць гэту рыбу. Інакш кажучы, жыць па законах рынкавай эканомікі. Таму галоўнае – гэта абсяг магчымасьцяў. Гаворка ідзе пра зону вольнага гандлю, новыя магчымасьці для атрыманьня інвэстыцый, мадэрнізацыі вытворчасьці. Гэта ўзьнікае пэрспэктыва мадэрнізацыі краіны. І калі браць гуманітарнае вымярэньне, то вяртаньне яе ў эўрапейскі кантэкст, гэта вельмі важна для Беларусі. Сёньня лепей мілімэтры ў Эўропу, чым у імпэрыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG