Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк паведамляе, што фінансавы крызіс найбольш нэгатыўна ўплывае на бедныя і слабаразьвітыя краіны сьвету. Адным са шляхоў вырашэньня праблемы для гэтых краін кіраўніцтва банку называе стварэньне адмысловага дапаможнага фонду. Як усясьветны крызіс паўплываў на эканамічнае становішча ў Беларусі й якія існуюць шляхі яго пераадоленьня?

Стаўленьне кіраўніцтва Беларусі да фінансава-эканамічнага крызісу ў краіне — як да нябожчыка: альбо добра, альбо нічога — кажуць незалежныя экспэрты. Адпаведна, неадназначную пазыцыю дэманструюць і прадстаўнікі так званага народна-гаспадарчага комплексу. Гаворыць эканаміст гомельскай абутковай фабрыкі “Праца” Аляксандар Сікорскі:

“Зараз такая сытуацыя, што мы плянуем нават спрацаваць у дзьве зьмены. Ні скарачэньня працоўнага дня, ні скарачэньня працоўнага тыдня няма. Адзіная ў нас вялікая праблема, як і ўсюды, і гэта не сакрэт, — з разьлікамі за пастаўленую прадукцыю”.

Адначасна вышэйшыя чыноўнікі Міністэрства эканомікі заяўляюць, што прамысловы сэктар прыпыняе актыўнасьць: валавы рост унутранага прадукту ў студзені складаў 4,5%, у лютым — 1,5%. Гэта тычыцца ўсіх галін эканомікі, асабліва машынабудаваньня, будматэрыялаў, лёгкай прамысловасьці і іншых. І замаўчаць гэты факт ужо немагчыма, кажа дырэктар лунінецкага заводу “Палесьсеэлектрамаш” Сяргей Карлаў:

“Будзем выжываць, канечне, але ж трэба скарачаць аб’ёмы, пераводзіць на чатырохдзёнку людзей. Я быў у цэху, брыгада ўстала і кажа: Сяргей Мікалаевіч, чаму вы не даяце нам працаваць? Я кажу — ды няма праблемаў: давайце мы за месяц зробім з вамі 20 тысяч рухавікоў. 5 тысяч я прадам, а 15 пакладу на склад, і вы будзеце тры месяцы сядзець дома задарма. Таму лепш мы пяройдзем на чатырохдзёнку, я вам буду плаціць дзьве траціны і будзем жыць яшчэ… Калі гэта ўсё скончыцца…
Ні вы, ні я ня можам сказаць, што будзе далей. Я зараз не загадваю больш чым на два дні
Ні вы, ні я ня можам сказаць, што будзе далей. Я зараз не загадваю больш чым на два дні”.

Навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук заяўляюць, што найбольш эфэктыўным шляхам выхаду з крызісу будуць супольныя праграмы дзяржавы і бізнэсоўцаў. Пакуль жа ў крызісе кожны выжывае па-свойму. Вось што паведаміў пра тое, як працуе прадпрыемства Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, старшыня таварыства Алег Шэпель:

“Мерапрыемствы па аптымізацыі працы прадпрыемства, безумоўна, праводзяцца. Гэта дазваляе нам на рынку выжыць. Праблема ў чым: ёсьць указы і пастановы, але калі справа даходзіць да мясцовых органаў улады на ўзроўні райвыканкамаў, то там у нас і пачынаюцца праблемы. Да прыкладу, ёсьць у нас вытворчасьць лямпаў дзённага асьвятленьня ў Гомелі. Перабудоўваецца школа ў адным з раёнаў вобласьці, і лямпы набываюць кітайскія. Безумоўна, ёсьць пытаньні, якія хутка не вырашаюцца”.

Арыгінальны крок у пераадоленьні крызісу прадэманстравала раённая вэртыкаль у Брагіне. Чыноўнікі абавязалі 52 мясцовыя арганізацыі набыць у сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” цыбулю і выдаць яе сваім працаўнікам у разьліку 10 кіляграмаў на чалавека. Часьцей — людзей скарачаюць, зьмяншаюць працоўны дзень і заробкі. Да прыкладу, завод кансэрваў у Паставах быў вымушаны закрыць бальшыню цэхаў, пакінуўшы толькі найбольш прыбытковую лінію па вытворчасьці віна, паведаміла тэхноляг Ганна Скрабец:

“Каля 75 працоўных месцаў ёсьць, і ўсё. Толькі падчас сэзонных працаў бярэм дадаткова людзей на лінію па перапрацоўцы ягад, каб хутчэй гэта ўсё рабілася. З году ў год гэта цягнецца, а зараз увогуле вельмі цяжкая сытуацыя. Гандаль не спраўляецца з продажам, і віно стаіць у нас на складзе ў вялікай колькасьці. Не бяруць. Стаў нейкі крызіс і ў гэтай справе, што не бяруць нашае віно”.

Каб вызваліцца ад крызісу, некаторыя ідуць нават на самагубства.
Каб вызваліцца ад крызісу, некаторыя ідуць нават на самагубства. Толькі на Віцебшчыне сёлета 73 выпадкі суіцыду, што на 16% больш, чым летась. Пераважная колькасьць самагубцаў — мужчыны працаздольнага веку. Адмыслоўцы-псыхіятры наўпрост зьвязваюць гэта з наступствамі фінансава-эканамічнага крызісу і нават правялі сэмінар “Крызісная інтэрвэнцыя і суіцыдальныя паводзіны”, кажа галоўны ўрач віцебскага псыханэўралягічнага дыспансэру Алена Мартынава:

“Трэцяга красавіка мы плянуем правесьці міжведамасны сэмінар па гэтай праблеме. І на гэты сэмінар разам зь іншымі мы запрашаем Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя. І ўжо на гэтым сэмінары, дакладна — твар у твар, мы будзем спрабаваць вырашыць, што нам рабіць, каб людзі ня гінулі гэткім чынам”.

Навукоўцы заяўляюць, што вышэйшым уладам Беларусі неабходна зьвярнуцца да нацыі з заклікам аб супольных намаганьнях у справе выратаваньня эканомікі. Спробы замаўчаць праблему крызісу ня маюць пэрспэктывы, кажа незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Калі падаваць зьвесткі, як гэта зрабіў Мінстат, то крызісу няма. Але крызіс ёсьць: гэта і прымусовая адпраўка ў адпачынак, і няпоўны працоўны тыдзень, і гэтак далей. Гэта паказвае, што занятасьць людзей скарачаецца. Што чакае далей? Урад, да прыкладу, плянуе скарачэньне бюджэтных выдаткаў, узмацняецца рэжым эканоміі рэсурсаў. Але галоўнага ўсё ж такі не адбываецца. А галоўнае — гэта як быць канкурэнтаздольнымі пасьля крызісу. Бо сродкаў на мадэрнізацыю няма, прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў таксама няма. І тое, што адбываецца лібэралізацыя, то гэта такая частковая лібэралізацыя, якая не кранае асноў беларускай эканамічнай мадэлі. І гэта таксама не дае падставаў, каб чакаць лепшых часоў”.
XS
SM
MD
LG