Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя супраць запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу


Сьвяточны фаервэрк у Празе з нагоды таго, што Чэхія на паўгода ўзначаліла Эўразьвяз

Сьвяточны фаервэрк у Празе з нагоды таго, што Чэхія на паўгода ўзначаліла Эўразьвяз

Беларусь запрошана ў праграму “Ўсходняга партнэрства”. Такое рашэньне прынятае ў Брусэлі на паседжаньні Эўрапейскай Рады. Запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, дзе кіраўнікі дзяржаў дадуць старт праграме, будзе залежаць ад яго паводзінаў цягам бліжэйшых тыдняў. Як камэнтуюць у Менску прынятыя ў Брусэлі рашэньні?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пазытыўна ставіцца да ўключэньня Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”, якая дае краіне магчымасьць інтэгравацца ў праграмы Эўразьвязу.

Анатоль Лябедзька
“Але разам з тым мы падкрэсьліваем, што праграма павінна быць скіраваная на людзей, на перамены, а не на ўладу і стагнацыю. І мы за тое, каб пры рэалізацыі праграмы «Ўсходняе партнэрства» быў прадугледжаны ня толькі рух наперад па пэўных кірунках, якія зафіксаваныя ў праграме, але і мажлівасьць вяртаньня да нулявой адзнакі пры адсутнасьці прагрэсу ў Беларусі. Такі мэханізм надзвычай важны, калі браць пад увагу спэцыфіку беларускага рэжыму”.

Паводле спадара Лябедзькі, адносна запрашэньня Лукашэнкі на саміт у Прагу павінна быць ясная пазыцыя:

“Пытаньне прынцыповае. Ці зьвязвае ЭЗ запрашэньне асабіста Лукашэнкі з прызнаньнем сваёй палітычнай капітуляцыі за папярэднія 15 гадоў? Паводле сёньняшняй сытуацыі запрашаць Лукашэнку — гэта азначае даць індульгенцыю за тое, што было, і карт-блянш на новыя дзеяньні. У Беларусі за 6 месяцаў прыпыненьня санкцый не адбыліся істотныя, сыстэмныя зьмены. Лукашэнка мае захоўваць сытуацыю ў тым абліччы, якое было апошнія 15 гадоў. Калі Эўропу задавальняе гэтая сытуацыя — можна запрашаць. Для АГП — гэта непрымальна ў кантэксьце нерасьсьледаваных спраў скрадзеных і забітых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і астатніх”.

Мікола Статкевіч
Паводле каардынатара Эўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча, далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняга партнэрства” — гэта станоўчая гістарычная падзея для беларускага народу. Бо Беларусь пачала працэс свайго інстытуцыйнага вяртаньня ў Эўропу. Але пры гэтым павінны выконвацца пэўныя ўмовы:

“Добра, што не ізалююць краіну, але трэба ізаляваць надалей людзей, якія арганізуюць рэпрэсіі ў гэтай краіне. Мне падаецца непажаданым запрашэньне спадара Лукашэнкі ў Прагу, дзе 7 траўня будзе падпісана гэтая дамова аб «Усходнім партнэрстве». Дапамагаючы краіне, нельга дапамагаць рэжыму. Фінансава значная дапамога Беларусі магчымая толькі пры ўмове, што ў краіне будзе хаця б дэмакратычна абраны парлямэнт”.

Лявон Баршчэўскі
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі мяркуе, што на саміт у Прагу павінен ехаць, да прыкладу, міністар энэргетыкі, а не Лукашэнка. А далучэньне Беларусі да праграмы не павінна быць безумоўным:

“Яно павінна ажыцьцяўляцца паэтапна, па меры выкананьня нейкіх элемэнтарных патрабаваньняў. У энэргетычных праграмах можна было б і сёньня пачынаць супрацоўнічаць з урадам. Але калі тычыцца ўсялякіх гуманітарных аспэктаў, то без выкананьня рэчаў мінімальных — то бок зьнішчэньня інстытуту палітычных зьняволеных, узнаўленьня на працы, на вучобе тых, хто з палітычных матываў быў пазбаўлены гэтага, — думаю, што гэта рашэньне няправільнае і заўчаснае. Калі такімі тэмпамі будзе сытуацыя разьвівацца, то эўрапейскім палітыкам прыйдзецца моцна пашкадаваць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG