Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выдасьць Беларусі чарговыя 500 мільёнаў даляраў крэдыту бліжэйшым часам. Пра гэта сёньня заявіў міністар фінансаў Расейскай Фэдэрацыі Аляксей Кудрын. Ён знаходзіўся 20 сакавіка ў Менску, дзе праходзіла супольнае паседжаньне калегій міністэрстваў фінансаў дзьвюх краінаў.

Паседжаньню папярэднічала сустрэча расейскага міністра з кіраўніком беларускага ўраду Сяргеем Сідорскім. На ёй Аляксей Кудрын згадаў, што Расея, пачынаючы зnbsp;канца 2007 году, ужо выдзеліла Беларусі тры мільярды даляраў крэдыту “на самых ільготных умовах”. Міністар падкрэсьліў, што і надалей Расея “гатовая прадстаўляць рэсурсы галоўным нашым партнэрам, да якіх адносіцца і Беларусь”.

Намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД у Маскве Ўладзімер Жарыхін тлумачыць, чым выкліканая такая шчодрасьць ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызісу:

Уладзімер Жарыхін
“Гэта — не дабрачыннасьць. Гэта — цьвярозае разуменьне таго, што ў выпадку ўзьнікненьня сур’ёзных праблем на беларускіх найбуйнейшых прадпрыемствах страты Расеі таксама будуць значныя. Можа, нават і большыя за тыя крэдыты.

Бо беларускія праблемы пацягнуць за сабою і ланцужок праблемаў у расейскіх пастаўшчыкоў. Беларуская прамысловасьць адносна расейскай па-ранейшаму працуе як зборачны цэх. І калі на зборцы ўзьнікаюць праблемы, то, адпаведна, узьнікаюць праблемы і ў пастаўшчыкоў“.

Маскоўскі навуковец Уладзімер Жарыхін ня думае, што за расейскімі крэдытамі з боку Крамля ўзьнікне патрабаваньне прызнаньня афіцыйным Менскам сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі. Ён лічыць, што расейскія крэдыты дазволяць расейскаму бізнэсу больш упэўнена адчуваць сябе на тэрыторыі Беларусі:

“Лукашэнка ўвесь час гаворыць: у нас павінны быць умовы гаспадараньня аднолькавыя — там і там. Ну дык вось яны і сапраўды павінны стаць аднолькавымі — і там, і там. То бок ня толькі для Беларусі на тэрыторыі Расеі, але і для Расеі на тэрыторыі Беларусі”.

Беларускі палітоляг Аляксандар Класкоўскі ня бачыць у дзеяньнях Расеі “ніякай філянтропіі”. Але прычыны гэтага ён бачыць іншыя, чым ягоны маскоўскі візаві:

Аляксандар Класкоўскі
“Таму што сутнасьць палітыкі Расеі на постсавецкім абсягу — аднавіць свой уплыў, ня даць, як там лічаць, аднавіць Захаду пляцдарм у зоне расейскага ўплыву. І калі зьвяртацца да Беларусі, то адбываецца своеасаблівае тузаньне. Эўразьвяз хоча ўключыць Беларусь у сваю новую праграму «Ўсходняе партнэрства». І на гэта выдаткоўвае пэўныя сродкі. І Расея, натуральна, калі казаць груба, хацела б перакупіць і ня даць ёй выйсьці з зоны свайго ўплыву. І такі падтэкст, вядома, прысутнічае ў яе фінансавай дапамозе”.



Аляксей Кудрын удакладніў, што 500 мільёнаў даляраў — гэта будзе чарговая частка стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 мільярды даляраў, які Расея дае Беларусі ў 2008—2009 гадах.
XS
SM
MD
LG