Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкая плошча — ня месца для сьвяткаваньня Дня Волі


Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў апазыцыі правесьці на Савецкай плошчы мітынг да гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.


У адказе чыноўнікі аргумэнтавалі сваю пастанову тым, што для правядзеньня мітынгаў, ініцыяваных грамадзянамі, гарвыканкам вызначыў іншае месца — на пляцоўцы ля дома № 64-а на вуліцы Чалюскінцаў.

“Мы на Савецкую плошчу 25 сакавіка ўсё адно прыйдзем. Прыйдзем, каб ускласьці кветкі да будынка абласнога краязнаўчага музэю. У ім 12 ліпеня 1918 году сход прадстаўнікоў грамадзкасьці прызнаў у горадзе ўладу БНР. На жаль, дагэтуль мы не атрымалі адказу з гарвыканкаму на нашу ініцыятыву супольна адзначыць гадавіну абвяшчэньня БНР. Як можна адзначаць такую падзею на гарадзкой ускраіне?” — кажа адзін з ініцыятараў мітынгу, прафсаюзы актывіст Юры Новікаў.

Летась мітынг ды шэсьце да Дня волі гарвыканкам не дазволіў правесьці і ў вызначаным месцы. Сваю адмову чыноўнікі аргумэнтавалі рамонтам пляцоўкі. Рамантуюць пляцоўку каля дома № 64-а на вуліцы Чалюскінцаў дагэтуль.

Што да сёлетніх спробаў апазыцыі публічна адзначыць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, то пакуль яны застаюцца безвыніковымі. На пачатку сакавіка кіраўніцтва Цэнтру культуры і адпачынку магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі адмовіла аргкамітэту ў арэндзе залі, каб правесьці ўрачыстую вечарыну да Дня Волі. Паводле кіраўніцтва цэнтру, там 25 сакавіка нібыта павінна адбыцца заплянаванае раней мерапрыемства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG