Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галіньскі: “Рэспубліка бэтоннай пліткі і сярэднявечных шклопакетаў”


Цэзары Галіньскі

Цэзары Галіньскі

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – польскі журналіст Цэзары Галіньскі. Сёньня ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі наконт таго, чаго варты беларускі пратэст супраць зносу ў Вільні крыжа ў гонар Кастуся Каліноўскага.


– Ужо пэўны час уважліва адсочваю інфармацыю наконт спробаў захаваньня крыжа ў памяць Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Знак у гонар кіраўніка нацыянальнага паўстаньня ня ўпісваецца ў архітэктурныя пляны гарадской мэрыі, датычныя Лукіскага пляцу, дзе 22 сакавіка 1864 году быў павешаны “Яська, гаспадар з-пад Вільні”.

Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў.

Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода.

Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ — газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале Белсат. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве…

Нічога ня скажаш, рашэньне ўладаў літоўскай сталіцы скандальнае. Але ўсё ж такі пэўную лёгіку можна ў ім адсачыць. Прадстаўнікі адной з трох нацыяў, якія ў гістарычным і культурным кантэксьце прэтэндуюць на Вільню, цяпер там законныя гаспадары. І трэба сказаць – добрыя гаспадары.

Я а памятаю свае першыя сустрэчы зь Вільняй, яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Прыкладна тады я пачынаў знаёміцца таксама зь беларускай Горадняй. І шчыра кажучы – акрамя большай колькасьці захаваных помнікаў архітэктуры, вялікай розьніцы паміж гэтымі гарадамі ня бачыў. Тыя самыя цёмныя вуліцы, тая самая аблезлая фарба на фасадах – што ў завулках каля Дыджоі, што ў падворках каля Савецкай.

За 20 гадоў ўсё стала іншым. Літоўцы як сапраўдныя гаспадары адрадзілі свой горад, які дарэчы ў гэтым годзе стаў культурнай сталіцай Эўропы. А што адрадзілі яго як СВОЙ горад?.. Ну, што ж – іхнае права.

А я ўзгадваю мае гарачыя спрэчкі зь менскімі адраджэнцамі пачатку 1990, якія пераконвалі мяне, што Вільня – не літоўская і ня польская, але беларуская. Калі слухаць гэта было ўжо немагчыма, я біў ніжэй пояса. “І слава Богу, што Вільня засталася за літоўцамі, – казаў я тады. – Пайшла бы мяжа далей на поўнач, не было б зараз ні Вострай Брамы, ні Катэдры, ні мясьцінаў, зьвязаных зь Міцкевічам...” Канешне, мае менскія сябры тут жа пачыналі дуцца і абзываць мяне антыбеларускім шавіністам.

Але лепшы такі шавінізм, чым інтэлектуальныя мроі аб старажытных ліцьвінах і спадчыне Вялікага Княства – на фоне грамадзкай (ды і грамадзянскай) абыякавасьці да фізычнага разбурэньня матэрыяльнай спадчыны вялікай гісторыіі ва ўласнай краіне. Нясьвіскі замак – без пачварнай цыбуліны на вежы і з сапраўднымі мурамі – ужо не вярнуць.

Літоўцы нават без крыжа на Лукішках неяк выжывуць. Помнікаў гісторыі там хапае, і яны пад надзейнай аховай. Kostas Kalinauskas там таксама не адзіны герой. Таму раптоўная актыўнасьць з нагоды абароны лукіскага крыжа з боку беларусаў выглядае амаль крывадушнай.

Што, у самой Беларусі няма чаго абараняць? Хто клаўся на гарадзенскім бруку, хто днём і ноччу абараняе ад тзв. рэстаўратараў сьвятыя муры Каложы? Дзе былі ланцугі неабыякавых людзей на вуліцах Замкавай і Гандлёвай у Менску? Не было. І вуліцаў таксама ўжо няма. Зноў узгадваецца адзінокі Пазьняк і бульдозэры на Нямізе...

Літоўцу і паляку гэтага не зразумець. А беларусам складана будзе даказаць суседзям све правы на спадчыну Вялікага Княства, Каліноўскага і Касьцюшкі.

Канешне, пакуль можна ўсё валіць на калгасны рэжым Лукашэнкі. Але жыць у гэтай краіне прыйдзецца і пасьля яго. Няўжо да таго часу гэта будзе краіна муляжоў і “сярэднявечных” шклопакетаў? «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг можна вярнуць хоць заўтра, але пабудаваць на бэтоннай плітцы нацыянальную сьвядомасьць і гонар за Радзіму будзе значна цяжэй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG