Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Браты Гарэцкія”


Вокладка кнігі "Браты Гарэцкія"

Вокладка кнігі "Браты Гарэцкія"

У “Бібліятэцы Бацькаўшчына” выйшла кніга “Браты Гарэцкія”. Яе аўтар – акадэмік і грамадзкі дзеяч Радзім Гарэцкі – сабраў пад адною вокладкай усе зьвесткі пра свайго знакамітага бацьку, навукоўца Гаўрылу Гарэцкага і дзядзьку, знанага пісьменьніка Максіма Гарэцкага. Выданьне падтрымала старшыня фонду “Этнічны голас Амэрыкі” Ірэна Каляда-Сьмірнова”.

Радзім Гарэцкі вызначае жанр гэтай кнігі як дакумэнтальную аповесьць. На дзьвюх з паловаю сотнях старонак ён ня толькі апавядае пра ўсе вядомыя яму факты з жыцьця братоў Гарэцкіх, але і падмацоўвае тэкст дакумэнтамі, многія зь якіх да гэтага нідзе не друкаваліся.

“Галоўным чынам там дакумэнты больш сумнага зьместу – гэта дакумэнты з КДБ. Ёсьць пратаколы іх допытаў, дакумэнты пра іх арышты, зьвяртаньні сваякоў туды. Ёсьць некаторыя дакумэнты, якія захаваліся ў нас у хаце. Больш датычных Гаўрылы Іванавіча, чым Максіма Іванавіча. Шмат лістоў, якія я таксама лічу дакумэнтам, ёсьць старонкі з бацькавай запісной кніжкі”.

Кніга ўспрымаецца як энцыкляпэдыя пра знакаміты род і дзейнасьць двух ягоных лепшых прадстаўнікоў. Яе выхад плянаваўся летась да 115-годзьдзя клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расстралянага бальшавікамі, чыя творчасьць доўгі час была пад забаронай.

“Браты Гарэцкія” мусілі стаць першай кнігай новай сэрыі выдавецкага праекту Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Аднак першым выданьнем з лэйбам “Людзі Беларусі” на вокладцы стала кніга Сяргея Шапрана пра Васіля Быкава. Запачаткаваць сэрыю прапанаваў Радзім Гарэцкі. Праўда, старшыня рады згуртаваньня Алена Макоўская кажа, што гэта ня сэрыя, а падсэрыя “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”:

“У мінулым годзе мы вырашылі падтрымаць ідэю і ініцыятыву Радзіма Гарэцкага. Было бачаньне ягонай кнігі як той, якая запачаткуе новую падсэрыю. Назва яе зьявілася зь лёгкай рукі Генадзя Бураўкіна. Як толькі мы пачалі працу над гэтай кнігай, да нас зьвярнуўся Сяргей Шапран з прапановай кнігі пра Васіля Быкава, якую таксама мы ўжо выдалі. Такім чынам бачна, што гэтая падсэрыя будзе жыць”.

У “Бібліятэцы Бацькаўшчыны” ўжо выйшла пятнаццаць кніг, аўтары якіх – беларусы з розных краін сьвету.
XS
SM
MD
LG