Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агнешка Рамашэўская хоча застацца на “Белсаце”


Агнешка Рамашэўская

Агнешка Рамашэўская

Звольненая з пасады дырэктара спадарожнікавага каналу “Белсат” Агнешка Рамашэўская заявіла Свабодзе, што не выключае свайго вяртаньня на канал у іншай якасьці.

Былая дырэктарка спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” Агнешка Рамашэўская перакананая, што яе звальненьне з кіроўнай пасады пагрозы для дзейнасьці каналу не нясе. Грошы на вяшчаньне “Белсату” да канца году выдзеленыя. Калектыў працуе стабільна. Паводле спадарыні Рамашэўскай, апошнія падзеі не зьяўляюцца нейкім палітычным крокам польскіх уладаў:

“Я спадзяюся, што нічога дрэннага з “Белсатам” не адбудзецца, бо, мяркую, што праект занадта важны для польскай замежнай палітыкі. Мяркую, што хутка ўсё нармалізуецца. Гэта такое завіхрэньне польскай палітыкі, на жаль. Дзіцячая хвароба нашай дэмакратыі, яшчэ вельмі маладой”.

Аб сваіх уласных плянах на будучыню Агнешка Рамашэўская заявіла наступнае:

“Я вярнуся у “Белсат” відавочна. У якой функцыі? Не ведаю яшчэ. Гэта ўсё цяпер вырашаецца. Я перш за ўсё маю надзею, што “Белсат” будзе існаваць, што мы будзем далей разьвівацца”.

Прэсавы сакратар тэлеканалу Сяргей Пеляса на гэтыя словы спадарыні Рамашэўскай сказаў:

“Людзі, якія працуюць на “Белсаце”, вераць у тое, што Агнешка вернецца да нас. Гэта чалавек, які ад пачатку ствараў канал, і мы ўпэўненыя, што безь яе ён бы не паўстаў. Яна ўклала такую масу працы, сваёй творчасьці і часу, што мы проста не ўяўляем сабе працы безь яе. Але зь іншага боку, яна стварыла моцную каманду, якая ў стане перажыць цяжкія часы і пакіраваць «Белсатам» нават у час яе вымушанай адсутнасьці”.

Спадар Пеляса зазначыў, што калектыў “Белсату” працуе ў нармальным рэжыме, у сувязі з апошнімі падзеямі калектыў нават кансалідаваўся, адзіны, хто пакінуў канал – вядучы перадачы “Госьць “Белсату” Павал Мажэйка.

Сам Павал так патлумачыў прычыну свайго звальненьня: “Нязгода з рашэньнем звольніць дырэктара каналу А.Рамашэўскую”. У сераду Павал запісаў чарговую перадачу зь гісторыкам Алегам Латышонкам, сабраў усіх, хто мае дачыненьне да праграмы, і паведаміў пра сваё рашэньне.

Агнешка Рамашэўская нэгатыўна ўспрыняла гэтую вестку:

“Ён не павінен звальняцца з “Белсату”, ён такім чынам ня зробіць нечага насуперак кіраўніцтва польскай тэлевізіі, а толькі нашкодзіць гледачам. Маю надзею, што гэта толькі чутка, што Павал гэтага ня зробіць. Няма чаго паддавацца – “Белсат” будзе існаваць, я туды напэўна вярнуся, і Павал не павінен адыходзіць”.

Спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” цяпер зьяўляецца ня толькі польскім праектам, ён існуе на падставе дамовы паміж польскім МЗС і Публічным тэлебачаньнем Польшчы, яго падтрымліваюць іншыя краіны Эўразьвязу. У траўні на канале выйдзе перадача “Акно ў Эўропу”, якая будзе фінансавацца Эўракамісіяй.

Беларускамоўны тэлеканал “Белсат” вяшчае з тэрыторыі Польшчы на Беларусь зь 10 сьнежня 2007 году. Агнешка Рамашэўская была ягоным дырэктарам ад самага пачатку. 17 сакавіка спадарыню Рамашэўскую вызваліў ад абавязкаў кіраўнік польскага публічнага тэлебачаньня TVP Пётр Фарфал. Ён патлумачыў гэта тым, што спадарыня Рамашэўская “публічна аспрэчвала рашэньні Рады каналу, у тым ліку на сустрэчах у Сэйме, і выказвалася на старонках прэсы без належнага ўзгадненьня”. Кіраваць “Белсатам” прызначаная намесьніца спадарыні Рамашэўскай Бэата Паклепа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG