Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік: “Людзі думалі, што гэта былі чарговыя выбары Аліева”


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме 18 сакавіка
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме 18 сакавіка
Афіцыйны Баку заяўляе пра пераканаўчую перамогу на рэфэрэндуме, які зьняў абмежаваньні колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў у гэтай краіне. Між тым, афіцыйныя дадзеныя ўдзелу ў рэфэрэндуме і падлікі назіральнікаў моцна адрозьніваюцца.

Мойо суразмоўца Фарыд Гахраманаў супрацоўнічае з шэрагам недзяржаўных мэдыяў у Азэрбайджане, а таксама за мяжой. У рэфэрэндуме ён ўдзельнічаў яшчэ і як назіральнік. Фарыд Гахраманаў найперш распавёў пра вялікую разьніцу, якая існуе ў афіцыйных дадзеных аб выніках рэфэрэндуму і тым, пра што сьведчаць назіральнікі. Паводле афіцыйных дадзеных, бралі удзел у рэфэрэндуме болей за 70 % выбарцаў, зь іх за адмену абмежаваньня выказаліся болей за 90%. А вось незалежныя назіральнікі кажуць пра іншыя дадзеныя.

Паводле назіральнікаў галасавалі ня болей за 15% выбарцаў.
“Паводле назіральнікаў галасавалі ня болей за 15% выбарцаў. Афіцыйны вынік быў дасягнуты праз такія мэтады, як «карусель». Гэта калі адны і тыя ж асобы галасуюць на адным ўчастку, потым едуць на заказаным транспарце да другога ўчастку, і там галасуюць зноў па новых бюлетэнях”.

Паводле Фарыда Гахраманава за рэфэрэндумам мелі магчымасьць назіраць шматлікія назіральнікі, у тым ліку з Эўропы. Была магчымасьць працаваць і незалежным журналістам.

“Паводле маіх назіраньняў, актыўнасьць на шэрагу участкаў у Баку была вельмі нізкай. Мае калегі апытвалі удзельнікаў рэфэрэндуму і пыталіся, за што яны галасавалі. Высьветлілася, што шмат хто не разумеў сутнасьці паправак, якія вынесьлі на рэфэрэндум. Многія казалі, што яны галасавалі ў падтрымку Ільхама Аліева. Даходзіла да кур’ёзаў. Шмат дзе людзі думалі, што гэта былі чарговыя прэзыдэнцкія выбары, а не рэфэрэндум”.

Што стала прычынай такой дрэннай інфармаванасьці простых азэрбайджанцаў? Паводле майго суразмоўцы, афіцыйныя СМІ на яго радзіме не асабліва актыўна прапагандавалі будучы рэфэрэндум. Улада, відаць, больш спадзявалася на адміністрацыйны рэсурс, чым на актыўнасьць насельніцтва, — мяркуе Фарыд Гахраманаў. Прымаліся і захады супроць іншых поглядаў на рэфэрэндум.

“Яшчэ дрэнным фонам для грамадзкім дэбатаў стала тое, што з 1 студзеня ў Азэрбайджане спынілі рэтрансьляцыю на мясцовых частотах праграм Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі і «Голасу Амэрыкі». Гэта нэгатыўна адбілася на атмасфэры рэфэрэндуму. Фактычна пра будучы рэфэрэндум ведала толькі актыўная частка грамадзтва, журналісты, палітыкі. А шмат якія слаі насельніцтва проста пра яго ня ведалі”.

У размове з Фарыдам я нагадаў бачаныя па тэлевізіі кадры брутальнага разгону мітынгу апазыцыі ў Баку пасьля парлямэнцкіх выбараў 2005-га году. Тады тысячы чалавек пратэставалі супроць фальсыфікацыі. Ці чакаюцца выступы апазыцыі зараз?

“Пасьля разгону таго мітынгу, гэта было ў лістападзе 2005-га году, улады проста не дазваляюць праводзіць ніякія вулічныя акцыі. Да таго ж тады было шмат рэпрэсій супраць дзеячаў апазыцыі, і гэта таксама прывяло да зьніжэньня актыўнасьці”.

Фарыд Гахраманаў адзначыў, што ў Азэрбайджане працягваюць дзейнічаць розныя грамадзкія арганізацыі, выходзяць недзяржаўныя газэты. Падчас рэфэрэндуму былі зарэгістраваныя дзьве агітацыйныя групы, якія адстойвалі іншыя ад дзяржавы погляды на папраўкі ў канстытуцыю. Таксама апазыцыянэры часта падаюць на чыноўнікаў зыскі ў мясцовыя суды “з пэрспэктывай выйграць працэсы ў эўрапейскім судзе па правах чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG