Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямёра зь дзесяці беларусаў жывуць у гарадах. Упершыню беларускія навукоўцы-эканамісты зрабілі спробу зрабіць рэйтынг беларускіх гарадоў паводле іх прывабнасьці для жыцьця. У рэйтынг увайшлі 134 аб’екты — 112 гарадоў і 22 гарадзкія паселішчы, якія зьяўляюцца цэнтрамі раёнаў.

Адзін з распрацоўшчыкаў рэйтынгу, эканаміст Уладзімер Валетка, распавёў: некалі вядомая ўрбаністка Джэймс Якабс паставіла пытаньне: “Якая ж сіла ўтрымлівае ў горадзе разам капітал, людзей і Зямлю? Зямля заўсёды таньней за горадам, пражываньне таксама за горадам”. Робэрт Лукас, адзін з аўтараў новай гісторыі эканамічнага росту, прапанаваў тлумачэньне, якое і працытаваў спадар Валетка:

“Сіла, якая ўтрымлівае разам такую вялікую колькасьць людзей, фірмаў, хатніх гаспадарак на адносна невялікай тэрыторыі — гэта вонкавы чалавечы капітал. Ускоснай мерай гэтай сілы зьяўляецца згода плаціць больш высокую зямельную рэнту за права, за пражываньне ў буйным горадзе з мэтай атрымаць яшчэ большую аддачу”.

Для пабудовы рэйтынгу былі абраныя асноўныя паказьнікі:

  • тэмп росту насельніцтва,
  • міграцыйны прырост,
  • сярэднемесячная зарплата,
  • доля занятых на малых прадпрыемствах,
  • доля эканамічна актыўнага насельніцтва,
  • транспартная даступнасьць.

У асноўным, гэта эканамічныя паказьнікі, таму навукоўцы не прэтэндуюць на ўсебаковасьць. Любы рэйтынг даволі суб’ектыўны. Аднак рэйтынг гарадоў зроблены на падставе абсалютна аб’ектыўных статыстычных паказьнікаў.

Лепш за ўсё жывецца і працуецца беларусам у Заслаўі. Сталіца — на другім месцы.
Дасьледчыкі прыйшлі да высновы: лепш за ўсё жывецца і працуецца беларусам у Заслаўі. Сталіца — на другім месцы. Распавядае адзін з распрацоўшчыкаў рэйтынгу Зьміцер Бабіцкі:

“Тыя гарады, якія знаходзяцца блізка ад Менску — гэта Заслаўе, Фаніпаль, Лагойск, Дзяржынск — уваходзяць у першую дзесятку. У першыя 40 гарадоў ўваходзяць таксама тыя гарады, якія знаходзяцца ў радыюсе 100 кілямэтраў ад Менску. Мы можам сьцьвярджаць пра існаваньне так званай сталічнай аглямэрацыі. Першая зона характарызуецца вельмі высокім узроўнем жыцьця, высокім узроўнем даходаў, высокім разьвіцьцём малога бізнэсу. У прынцыпе, гэтую зону трэба разглядаць як адзіную адміністрацыйную адзінку. Мне падаецца, дзяржава хутка прыйдзе да гэтай высновы”.

Натуральна, усіх заінтрыгавала тое, што на першае месца выйшла невялічкае Заслаўе з насельніцтвам у 14 тысяч жыхароў. Тлумачэньне Зьмітра Бабіцкага:

“Абагнаў гэты горад нашу сталіцу зусім нязначна. У Заслаўі найвышэйшую долю ў сумарным бале 186,9 — 28% — мае высокая прадпрымальніцкая актыўнасьць. Але наўрад ці адказ будзе простым, трэба шукаць больш комплексныя заканамернасьці”.

Дарэчы, у рэйтынгу гарадоў Польшчы таксама невялікі Сопат абагнаў Варшаву.

Прывабныя для беларусаў і ўсе абласныя цэнтры. А вось што да буйных прамысловых цэнтраў, ня ўсе яны пасьпяховыя. Прывабна выглядаюць тыя, дзе ёсьць прадпрыемствы нафтахіміі ці вырабляецца канчатковая прадукцыя, што ідзе на экспарт. Эканаміст Зьміцер Бабіцкі працягвае:

“Ва ўсіх прамысловых гарадах малы і сярэдні бізнэс разьвіты значна горш, чым у абласных цэнтрах і Менску. За выключэньнем Жодзіна, Маладзечна, якія знаходзяцца блізка ад сталічнай агламэрацыі. А некаторыя з прамысловых цэнтраў, такія, як Бабруйск, Пінск, Слонім, Сьветлагорск увогуле знаходзяцца ў другой палове рэйтынгу”.

Распрацоўшчыкі рэйтынгу акрэсьлілі праблемныя групы гарадоў, на якія варта зьвярнуць увагу пры фармаваньні дзяржаўнай палітыкі разьвіцьця рэгіёнаў. Гэта некаторыя прамысловыя цэнтры з кепскім станам навакольнага асяродзьдзя і слабой інфраструктурай, патэнцыйны “пояс беднаты” вакол сталіцы — далёкія сатэліты Менску (кшталту Барысава, Стоўбцаў, адкуль людзі імкнуцца ў сталіцу), некаторыя гарады Чарнобыльскай зоны, малыя гарады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG