Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёньня ў Баранавічах выяўлены і прыцягваюцца да адказнасьці 157 так званых нелегальных прадпрымальнікаў. Гэта першы вынік працы спэцыяльнага апэратыўна-рэйдавага аддзелу падатковай інспэкцыі.

Павелічэньне падаткаў на прыватны бізнэс у Баранавічах суправаджаецца ўзмацненьнем барацьбы з тымі, каго падазраюць у атрыманьні нелегальнага даходу. У горадзе створана і дзейнічае група падатковых інспэктараў, якая выяўляе парушальнікаў. Пра мэтады выкрыцьця “Свабодзе” расказаў супрацоўнік падатковай інспэкцыі Міхаіл:

“Першы раз выносіцца пісьмовае папярэджаньне. У другі раз складаецца адміністрацыйны пратакол з накіраваньнем у суд. Велічыню падаткаў мы не вызначаем. Гэта робяць у Менску ці ў аблвыканкамах. А мы толькі спаганяем падаткі”.

Павелічэньне падаткаў суправаджаецца “вайной” мясцовага значэньня.
Як высьвятляецца, інспэктары выявілі ў Баранавічах некалькі рэпэтытараў. Тыя па сваіх аб’явах запрашаюць школьнікаў, а прыходзяць інспэктары. Пра канкрэтныя выпадкі і агульную сытуацыю расказвае жыхар Баранавічаў Віктар Сырыца:

“Ведаю шмат каго, хто займаецца рэпэтытарствам, але я дакладна ня ведаю, хто плаціць падаткі ці не. Асабіста я плачу. Заробак у мяне фактычна, як і ў настаўніка школы, — тысяч 600. А падаткі — у тры разы большыя, чым у школе. Адзіны падатак складае 25 эўра ў месяц, і такі ж падатак плачу ў пэнсійны фонд. Усяго 50 эўра. Палічыце, колькі гэта па курсе!”

Са словаў Віктара Сырыцы, баранавіцкія настаўнікі шмат дапамагаюць выпускнікам. Да ведаў моладзь заахвочвае магчымасьць паступіць у мясцовы ўнівэрсытэт, а таксама ў тэхнічныя каледжы. Чыноўнікі, аднак, імкнуцца і з гэтай справы атрымаць грошы. Віктар Сырыца працягвае:

“На чым можа зарабіць настаўнік? Гнаць самагонку?”
“Бюджэт у дзяржаве пусты. Ведаю, што нават тэлефоны цяпер праслухоўваюцца. Кожны дырэктар ведае, хто зь яго настаўнікаў займаецца рэпэтытарствам. Калі націснуць,то можа і выдаць. Але ж у настаўнікаў заробак вельмі малы. А гэта адзіная магчымасьць неяк зарабіць трошкі больш. Мне адна настаўніца патэлефанавала і запыталася, колькі я плачу падаткаў. Калі я сказаў, то яна завойкала: маўляў, яна тады ніякіх дадзеных падаваць ня будзе”.

Як відаць, настаўнікі ня супраць плаціць падаткі. Але супраць таго, каб гэтыя падаткі былі такія вялікія.

“Канечне, гэта праблема. На чым яшчэ можа зарабляць настаўнік? Гнаць самагонку, каб бацькі вучняў яе куплялі?! Не, ня можа”, — кажа Аксана Бародзіч, якая мае адукацыю настаўніка, але не працуе па спэцыяльнасьці з-за нізкіх заробкаў.

Як стала вядома, сярод 157 парушальнікаў, якіх выкрыў спэцаддзел, — прадавачкі семак, масажысты і нават прыбіральшчыцы памяшканьняў.
XS
SM
MD
LG