Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выказваньні кіраўніка краіны на адрас беларускай апазыцыі, магчымы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу, эканамічны крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Падчас візыту на Віцебшчыну Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна ацаніў дзеяньні беларускай апазыцыі, назваўшы яе “пятай калёнай” і “ворагамі беларускага народу”. Гэтыя выказваньні найчасьцей камэнтуюць слухачы Свабоды:

Ільля Копыл, Менск: “Многія тэлегледачы на ўсіх беларускіх тэлеканалах пачулі абразьлівыя словы на адрас апазыцыі з боку ўлады. Улада спрабуе запалохаць насельніцтва, быццам бы апазыцыя — гэта пятая калёна, прыслужнікі Захаду, платныя агенты, што яны ўсё распрададуць і падзеляць. Трэба адзначыць, што такія мэтады абалваньваньня людзей вельмі прымітыўныя. У такое могуць паверыць такія ж прымітыўныя людзі”.

Спадар: “Паглядзіце, людзі, як ён абражае гэтую апазыцыю, а заадно і ўвесь беларускі народ: вашыўцы, пятая калёна, ворагі беларускага народу, адмарожаныя. Як агідна слухаць! Ды нідзе ва ўсім сьвеце няма, каб прэзыдэнт краіны так абражаў свой народ”.

Спадарыня: “Апускацца да таго, каб называць свой народ вашывымі, нават, калі гэта і апанэнты — вось культура ўлады і народу”.

Спадар: “Не зьлічыць, колькі год мы чулі зьневажальныя выказваньні кіраўніка дзяржавы на адрас апазыцыі, сваіх грамадзян. Колькі ваўка ні кармі, а ён усё адно ў лес глядзіць”.

Спадарыня: “Апазыцыя крыштальна чыстая перад народам. Вы, Лукашэнка, ня вартыя такога высокага крэсла”.

Аляксандар, Ворша: “Ніводзін прэзыдэнт не назаве свой народ вашывымі адмарозкамі. Лукашэнка яшчэ раз паказаў сваё хамства, забыўшыся пры гэтым, адкуль ён выйшаў сам”.

Ларыса, Менск: “Прадстаўнікі апазыцыі хай публічна выступяць са сваімі прапановамі наконт таго, як выйсьці з крызісу. Яшчэ гэта павінна быць прадстаўлена ў друку і на тэлебачаньні. Тады мы будзем бачыць, ворагі яны ці не”.

Ігар Пасноў: “Я ніколі не лічыў сябе апазыцыяй, больш за тое, я заўсёды быў гарачым прыхільнікам нашага прэзыдэнта, але апошні выступ мяне моцна абразіў. Улады страцілі ўсякую крытыку і кантроль над сабой”.

Андрэй, Пінск: “Выступаючы ў Віцебску, Лукашэнка кляйміў сталінскай тэрміналёгіяй апазыцыю. Але, як заўсёды, ён нічога не сказаў пра слугаў народу, якія будуюць сабе шыкоўныя палацы за мільёны даляраў”.

Яцкевіч: “Што такое апазыцыя? Апазыцыя — гэта ж люстэрка. “Что сетовать на зеркало, коль рожица крива?”

Cпадар: “Апазыцыя ў Беларусі адзначылася ясным розумам, хуткай арыентацыяй, валадарнай воляй. Галоўнае — апазыцыя ў Беларусі кажа аб’ектыўную праўду”.

Спадар: “Спадар Лукашэнка, ня ганьбіце сябе, калі вы гаворыце наконт апазыцыі і Эўропы. Трэба казаць дакладна, у чым яны ня маюць рацыі”.

Наступныя выказваньні на адрас апазыцыі:

Нарачанскі селянін: “Хто такі Мілінкевіч для мяне, беларуса? Поўзае па замежжах, у яго нават праграмы няма. Я думаю пра гэтую пустую апазыцыю, якая ня ведае, што ёй рабіць і дзе зарабіць больш, у якога гаспадара”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік Аляксандра Мілінкевіча ў руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Аляксандар Мілінкевіч — вядомая асоба перадусім у Беларусі, а ня толькі за яе межамі. У 2006 годзе на кангрэсе дэмакратычных сілаў быў абраны адзіным кандыдатам на прэзыдэнта. З таго часу ён шмат зрабіў для дэмакратыі, незалежнасьці Беларусі. Нядаўна было зарэгістравана грамадзкае аб’яднаньне “За свабоду”, якое мае сваю праграму. І Аляксандар Мілінкевіч зьяўляецца лідэрам гэтага грамадзкага аб’яднаньня”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы.

Спадарыня: “Калі б на ўсю Эўропу абмяркоўвалі, запрашаць мяне ці не запрашаць на саміт Эўразьвязу, я б ад сораму ня ведала, дзе падзецца, а Лукашэнку хоць бы што — аніякага сораму”.

Бялькевіч, Салігорск: “Хачу выказаць сваю глыбокую пагарду беларускім уладам за тое, што яны рабуюць, ашукваюць, абшукваюць, б’юць людзей на вуліцах, у пад’ездах, у кватэрах, пішуць паклёпы ў газэтах і распаўсюджваюць іх у прымусовым парадку”.

Спадар, Барысаў:
“Годзе крычаць,
каб Яну Палякову рэабілітаваць.
Няўжо не паняць,
што гэтаму не бываць?
Улада ніколі слабіну ня дасьць.
Прэзыдэнт наш упарты,
ён моўчкі глядзіць, як ламаюць крыжы ў Курапатах”.

Мікола-беларус: “Калі паглядзець на Лукашэнку як на кіраўніка дзяржавы, то ён зьяўляецца дылетантам у эканоміцы. Разьдзьмуўшы з 1995 году такі непамерны намэнклятурны штат, ён хоча, каб Беларусь жыла ў дабрабыце. Гэтага ніколі ня будзе, таму што гэтых дармаедаў трэба добра накарміць грашыма, а даяркі, сьвінаркі, токары каб толькі з голаду ня здохлі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG