Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кіраўнікоў Сянна трэба ўздымаць зранку ды біць фактамі!”


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 19 сакавіка.

На адзіную на Сеньненшчыне чыгуначную станцыю Багушэўск прыехаў пад раніцу. Цягам наступных 30 кілямэтраў да Сянна, самага маланаселенага райцэнтру Віцебшчыны, наш аўтобусік у перадпрацоўныя гадзіны не сустрэў ніводнага (!) аўто. Зрэшты, да такога “павароту” мяне загадзя падрыхтавалі словы лідэра талачынскай апазыцыі Мікалая Петрушэнкі.

Петрушэнка: “У часе перадвыбарчай кампаніі зь Сяргеем Вазьняком мы праехалі Сеньненскі раён уздоўж і ўпоперак. Як толькі ад’едзеш ад магістральнай дарогі — машын няма і ўказальнікаў, як дабірацца да вёскі і раённага цэнтру. Насельнікі сьмяюцца — “ня ведаеце, як дабрацца да Сянна”.

Адзінае, што было адчынена ў гарадку, — “забягалаўка”, як называюць кафэ “Бульбяная”. Пасьля 8 раніцы натоўп апранутых у працоўныя робы людзей з характэрнымі тварамі разышоўся. І я змог пагутарыць з прадавачкай Сьвятланай, што прыбірала са сталоў расьпітыя пляшкі з-пад “чарніла”, ды інвалідам другой групы, які быў паранены ў Аўганістане, 44-гадовым Алегам. Той ужо “выпіў — дзень свабодны”.



Карэспандэнт: “Сьвета, у вас даўно ліцэнзія прадаваць сьпіртное ад 7 раніцы?”

Святлана: “Я працую 24 гады тут. Антыалькагольныя кампаніі нас міналі — у нас трэцяя нацэначная катэгорыя. Ад 7 раніцы да 8 асноўная рэалізацыя ідзе...”



Алег: “Звычайна пасьля бярэм у краме ды сюды прыходзім. Я 237 рублёў па Аўгане і інваліднасьці маю. А дзяржава клапоціцца толькі, калі чалавек у 7 раніцы прыходзіць і ў Сьветкі атрымлівае, а ня ў краме...”

7-тысячнаму Сянну больш за 570 гадоў. У той дзень у бібліятэцы адбывалася прэзэнтацыя другой краязнаўчай кнігі настаўніка гісторыі, спадара Бандарэвіча. Васіль Віктаравіч кажа, што ў матэрыялах нястачы не было.

Бандарэвіч: “Мястэчка Багатае Сянно ўзьнікла на старажытнай дарозе з Друцку на Полацак. Уладарамі былі князі Друцкія, Сеньненскія, Сапегі, Агінскія. Быў прыпынак і была патрэба ў сене ўзімку — вось і Сенна ўзьнікла. А на карце ВКЛ — Sienno. Машэраў з нашага раёну, Заір Азгур, Анатоль Вялюгін, мастак Гоманаў. Тут стары замак Сапегі 1543 году ў барока. Сеньненскі павет ахопліваў і сучасныя Талачынскі, Чашніцкі, Бешанковіцкі раёны, Крупава. Сянно было як сталіца вобласьці. У 1777-м Сенна атрымаў статус гораду...”

Пытаюся пра геаграфічныя, прыродныя прычыны бязьлюдзьдзя — у раёне ды горадзе ўсяго толькі 30 зь лішнім тысяч жыхароў.

Бандарэвіч: “Нешматлікія радовішчы пяску, гліны, жвіру. Глеба ў нас неўрадлівая, падобная да Фінляндыі — шмат камянёў. Другі па памерах у Беларусі Чортаў камень у нас ледавік прынёс. Зь ім зьвязана шмат паданьняў. Чорт добры шыў адзеньне, выгналі яго з суседняй дрыгвы. Праз рэчку жыў злы, шкадлівы цмок. Сяляне ў чорта прасілі дапамогі. Біліся яны тры ночы. У апошнюю чорт пасьпеў іголкай патрапіць у вока, цмок зароў, і чорт адхапіў яму язык. Паваліўся цмок і памёр, чорт дайшоў да каменя і зьнік. Раніцай сяляне пахавалі цмока — узьнікла Зьмяіная гара ля Чортавага каменя...”

У свае часы дыплёмную працу па гісторыі Сеньненскага паўстаньня 1918 году напісаў яшчэ адзін тутэйшы гісторык, спадар Козанаў.

Козанаў: “Было паўстаньне другога Смаленскага палку, які называлі таксама Сеньненскім, якое ўзначальваў Пётра Закрэўскі — антыбальшавіцкае, леваэсэраўскае. У складзе было шмат сеньненцаў, якія пражывалі на тэрыторыі, аддадзенай бальшавікамі немцам. Таму сэнс заключаўся ў тым, каб адагнаць немцаў. Яны перайшлі лінію фронту і пачалі ваяваць...”



43-гадовы Леанід Леанідавіч узначальвае школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў. Міністэрствам адукацыі ўстанова 8 гадоў таму абвешчаная экспэрымэнтальнай. Да таго ж у любы час тут гатовыя да прыёму замежных партнэраў. Таму інтэлігентны спадар Козанаў заўжды падкрэсьлена ахайна апрануты. Ён распавядае пра сваіх 146 выхаванцаў, якім даводзіцца, як ён кажа, “афіцыйна прызначаным бацькам”.

Козанаў: “Гэта сацыяльныя, сапраўдныя сіроты і тыя, у каго ня вызначаны статус бацькоў — якія ў ЛТП, турме. Мы рэалізавалі дабрачынны праект “школа-фабрыка” сумесна з італьянскім фондам “Дапаможам жыць” і галяндзкай асацыяцыяй “Дапамога дзецям”. Даем дзецям прафэсіі — агароднік, сталяр, швачка, трактарыст-машыніст. Гэта значыць, ня плесьці кошыкі і садзіць памідоры, а вырабляць мэблю, шыць швачныя вырабы, працаваць са станкамі. Бо атрымлівалася, калі дзеці-сіроты дажылі ўтрыманцамі да 18 год, то ў соцыюме адаптаваць іх складана, бо ня ведаюць, што рабіць. Нашы выхаванцы не баяцца працы, могуць самаабслугоўвацца. Мы даем пасьведчаньне аб прафэсіі, і яны не губляюць права на адукацыю. Не павінны пайсьці ў крымінальнае асяродзьдзе. У 2004-м выпусьцілі першы выпуск 11-гадовай школы...”

Карэспандэнт: “Куды ні паедзеш у правінцыю, баяцца скарачэньняў, закрыцьця. Вам гэта не пагражае?”

Козанаў: “Мінімум інтэрнатных устаноў застанецца. І мы лічым, што ўвойдзем у гэты лік. Шэраг дзяцей бярэцца ўжо зь сярэдніх клясаў, і такіх уладкаваць у прыёмную сям’ю праблематычна, бо ён узарве яе. Былі выпадкі, калі дзеці пачыналі бадзяцца, красьці...”

Карэспандэнт: “Самы цяжкі лёс, зь якім давялося сутыкнуцца?”

Козанаў: “Дваіх дзетак накіравалі зь сям’і. Яны доўга стаялі ля вакна і плакалі... Каго напаткала вялікае гора, цяжэй перажываюць, чым тыя, хто жыў у сям’і разбуранай...”

У гэтым пакоі на дваіх акуратна прыбрана. Любімыя плякаты на сьценах. 17-гадовы Сямён Саўчанка ды 16-гадовы Міхась Падстаўленка маюць уласныя ключы. Лёсы іхнія тыповыя для інтэрнатаўцаў.



Саўчанка: “Я зь дзіцячага ўзросту — памерла маці, бацька запіў, быў асуджаны. Я пайшоў тут на трактарыста, а потым, каб атрымаць права на аўтамабіль...”

Падстаўленка: “У 7 гадоў я страціў маці, у 5 гадоў — бацьку. Патрапіў да бабулі, але яна таксама пачала піць. І я патрапіў у прытулак і ў школу-інтэрнат. Тут ёсьць ежа, цяпло і добрыя выхавацелі. Я выбраў сталярную майстэрню. Гэта “корачка”. Ложкі зрабілі, будзем тумбачкі. Першы заробак — 37 тысяч, бо быў у Італіі на вакацыях. Звычайна па 130—150 тысяч...”

Аднак у самым Сяньне спадзяваньняў на працаўладкаваньне мала — сказаў мне пры сустрэчы на вуліцы 19-гадовы Аляксандар.

Аляксандр: “Для будаўнікоў мо і ёсьць месцы, але не для мяне. Думаю зьяжджаць...”

* * *

Сустрэча з былым, паводле ягоных словаў, апазыцыянэрам, прадпрымальнікам Сяргеем — прозьвішча па яго просьбе не называю — зьбянтэжыла. Хваткі, каржакаваты чалавек, убачыўшы мікрафон, раптам сумеўся ды пачырванеў.

Сяргей: “Рэкамэндую спачатку схадзіць у райвыканкам, у аддзел ідэалёгіі прадставіцца, бо праз гадзіну будуць ведаць. У нас кожны другі закладзе...”

Праз пэўны час суразмоўца, які займаецца рэклямнай справай, разгаварыўся.

Сяргей: “Во, бачыш, повескі, таблічкі робім. Працуем па 12 гадзін. Асабліва з нашым прэзыдэнтам — у яго як указ ці дырэктыва, дык новы стэнд. Некалькі гадоў таму бюджэт раёна складаўся зь дзярждатацый плюс ільвіную бонду давалі Сеньненскі маслазавод і Багушэўскі сьпіртзавод. Цяпер завод сухога нятлустага малака з-за нястачаў вырашылі зрабіць філіялам Лепельскага малочнага заводу — падаткі паступаюць у Лепельскі раён. Прамысловасьці ніякай, Цьмутаракань...”

Хутка падышоў вайсковы пэнсіянэр, былы лётчык, 48-гадовы Алег Шумкоў. Ён сябра БСДГ-НГ. Дый увогуле адзіны ў горадзе апазыцыянэр. Прынамсі, сваіх поглядаў ня тоіць. І не цураецца мікрафона.

Шумкоў: “Што да крызісу, калгасы працуюць, дзе грошы ўлілі. Сьпіртзавод Віцебску аддалі, маслазавод — былі скарачэньні. Прыватныя крамы ёсьць. Я быў старшынёй незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў — працаваць заканадаўчая база дазваляе. А пакупніцкая... 25% працаздольных — у Расеі гастарбайтэры. Любую “пяціпавярхоўку” ўзяць — элемэнтарна вылічваецца. Майстроў знайсьці цяжка — сталяроў, цесьляроў. Хто домікі будуе — атрымліваюць добра па нашых мерках: па 800. Але гэта сэзон. А так па 600 па Сяньне — цяпер меней у сувязі з падзеньнем курса даляра. Палітычнай суполкі ў нас няма. Я быў кіраўніком БСДГ, газэту выпускаў. Цяпер сувязі зь Менскам страчаныя. Узяць Казуліна — як можна было садзіць рэктара за бойку? Шушкевіч — мы працавалі зь ім, найразумнейшы мужык, але таксама ня бачна яго...”

На невялікім гарадзкім кірмашы сустракаюся з адным з найбуйнейшых, па тутэйшых мерках, прадпрымальнікам — 42-гадовым Сяргеем Калымагам. У яго адзіны тут мясны шапік. Прадае да тоны сьвініны за месяц. На сякеру мясьніка ён зьмяніў пэндзаль мастака. Усьмешлівы, сьветлавалосы выпускнік Маскоўскага ўнівэрсытэту мастацтваў змрачнее, калі гамана заходзіць пра справы — кажа, што, насуперак абяцаньням Лукашэнкі, узрасьлі падаткі ды арэндная плата.

Калымага: “Падатак быў 40 эўра, мільён 200 плаціў да гэтага. Пасьля нам сказалі 10% зьверху — 800 тысяч. Пад два мільёны буду плаціць. Калі выручку палічыць, нам застаецца 20—30%. Вельмі вялікая рызыка! Калі хтосьці выпіша штраф — пажарнік, вэтэрынар — ужо шмат хто задумваецца, ці варта рабіць. Я 25 галоў трымаю і купляю ў насельніцтва. Ад улады я ўсюды бачу супрацьстаяньне. Я гатовы паставіць вялікі павільён у Сяньне, але старшыня райвыканкаму Герасіменка не дазваляе адкрыць краму...”

Найбуйнейшае ў Сяньне фэрмэрскае сямейства Лапехаў, нібы, на ўздыме. Маюць 118 гектараў ворных зямель. Апошнім разам сабралі 300 тон бульбы. Заходняя сельгастэхніка фірмаў “Santa” ды “Red Skild”. Сотавы 25-гадовага Зьмітра ў часе размовы разрываецца ад званкоў. А яшчэ ж зьбіраецца вучыцца на агранома ў Горацкую акадэмію. Уласна, фэрмэрскае прызваньне ў яго зь дзяцінства.

Зьміцер: “Мой бацька фэрмэр 20 год, дый я з 7—8 ужо на трактары. Быкоў трымаем статак, кароў завесьці хочам. Зерневых было па 72 цэнтнэры з гектара, усяго 200 тон. Спаборніцтва з калгасам выйгралі — у іх было па 27—30. Найманыя два трактарысты і я з братам. У іх зарплата летам мільён і болей...”

Карэспандэнт: “Дзіма, ёсьць вышыні, якіх хочаш дасягнуць?”

Зьміцер: “Хацеў бы зерневыя, бульбы больш пасадзіць. Усё роўна пабудуем зернясховішча яшчэ адно. Зямлю даюць пад агратурызм — паляўнічая гаспадарка каля Сеньненскага возера. Будзем ставіць тры домікі. Можна было б шмат чаго пацягнуць, каб былі нармальная тэхніка і нармальныя людзі. У Сеньненскім раёне ўсе п’юць...”

Карэспандэнт: “А добра плаціць — перастануць піць?”

Зьміцер: “Не. Два чалавекі знайшоў, астатнім кажам — колькі табе грошай, каб ня піў?! Ну, 600 тысяч — у калгасах па 150—200. Ён атрымлівае 600 тысяч — 4 дні няма. А калі мільён — 6 ня будзе. Замкнёнае кола. Прычыны — няма адукацыі, вырасьлі ў такім жыцьці. Няма надзеі на сябе...”

Карэспандэнт: “У цябе ёсьць?”

Зьміцер: “Ёсьць. Ёсьць сіла волі — будзе і надзея...”

Вынікі вандроўкі мы падсумавалі зь сябрам ЦК КПБ Мікалаем Петрушэнкам. Спадар Мікалай апошнім часам бывае тут усё часьцей. Маўляў, суседняя зь яго роднай Талачыншчынай Сеньненшчына — “слабое зьвяно”.

Петрушэнка
: “Лукашэнка з нагоды прадстаўленьня губэрнатара Віцебшчыны Косінца прывёў яскравы факт. Сярэднестатыстычны калгас мае запазычанасьць ня менш за 7 млрд. рублёў. Валавой выручкі — менш за 300 млн. Гэта значыць, што за 40 гадоў не зьліквідуюць. Прыплылі! Калі на капітанскім мастку сядзіць варона, караблю не мінуць сьметніка. І Герасіменку, кіраўніка вэртыкалі, трэба падымаць зранку і біць фактамі дрэннай працы. А тут няма каму біць. Ён адчувае сябе, як маленькі прэзыдэнт. Прыяжджае ў Багушэўск, сустракаюць хлебам-сольлю. І ў суправаджэньні міліцэйскай “мігалкі”. Усе людзі баяцца. Тут няма ніводнай суполкі палітычнай партыі. Людзі ня ведаюць прыкладу, калі можна выйсьці пераможцам у барацьбе з уладай. Наша талачынская суполка пераносіць сваю працу на Сеньненскі раён. Гэта будзе працаваць на аўтарытэт аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG