Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сеялі драконаў, а сабралі блох


Мінулі тры гады трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Што было зроблена за гэты час уладай у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сфэрах? Чым запомнілася дзейнасьць прэзыдэнцкай вэртыкалі людзям, якія прыклады засталіся ў памяці?

Ці адчулі беларусы за апошнія тры гады сябе больш свабоднымі, а сваю краіну – больш дэмакратычнай? Я зьвярнуўся да Віктара Сазонава – кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі БСДГ (Шушкевіча): пасьля многіх няўдалых спробаў яна нядаўна нарэшце атрымала рэгістрацыю. За тры апошнія гады ўлада толькі працягвала закручваць гайкі, ці часам паслабляла іх?

Сазонаў: “У тым і ёсьць самая трагічная рэч і парадаксальнасьць сытуацыі, што паслабленьне альбо закрутка гаек не залежаць ад таго, што хоча грамадзтва, а залежыць толькі ад той улады, якая сёньня кіруе Беларусьсю. І калі гаварыць пра тое, што добры цар адпусьціў балты альбо зноў раззлаваўся і закруціў болей, гэта якраз даказвае, што нічога не зьмянілася. Усё залежыць ад той сыстэмы ўлады, якая існуе. І гэтае нібыта касмэтычнае паслабленьне ціску якраз даказвае, што тая сыстэма, якая існавала, яна й засталася”.

Віктар Сазонаў кажа: улады зарэгістравалі абласную арганізацыю БСДГ, Рух “За Свабоду”, толькі зрабілі гэта пад ціскам Захаду і зважаючы на фінансавы крызіс. Але па-ранейшаму не рэгіструюць праваабаронцаў, гаворыць спадар Сазонаў. Зазначым таксама, што не прызнаюць улады па-ранейшаму і Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс.
Мы аказаліся цалкам непрыстасаваныя да новых рэальнасьцяў

Афіцыйныя СМІ любяць гаварыць пра беларускі эканамічны цуд. Што пра гэта мяркуе аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч?

Скуратовіч: “Мадэль беларускага “эканамічнага цуду” была антырынкавая. Пакуль у сьвеце эканамічная кан’юнктура падвышалася ў спрыяльным для Беларусі кірунку, расьлі, прыкладам, цэны на нафту, але хутчэй расьлі цэны на прадукты нафтаперапрацоўкі, мы атрымлівалі ад Расеі на асаблівых умовах і прадавалі выгадна нафтапраукты ў Эўропе і атрымоўвалі валюту. Паступленьні былі вельмі значныя для Беларусі, хоць агульнае сальда зьнешнегандлёвае было адмоўнае. Але як толькі сытуацыя зьмянілася ў сьвеце, мы аказаліся цалкам непрыстасаваныя да новых рэальнасьцяў.

У нас захавалася мусіць самая савецкая прамысловасьць. Самы яскравы прыклад – нашыя гіганты МАЗ, МТЗ, Белаз. А што зараз адбылося, куды дзеўся ўвесь гэты цуд? За студзень гэтага году памер зьнешняга гандлю адносна студзеня 2008 году зьменшыўся больш, чым на сорак адсоткаў. А плянавалася, што ён павінен павялічыцца амаль на дваццацць адсоткаў. Такім чынам нетрапляньне ў прагноз складае шэсьцьдзесят адсоткаў. Зусім урад не разьлічваў, што будуць такія малыя вынікі. Як Гётэ казаў: “Я сеяў драконаў, а збор ураджаю даў мне блохаў”. Можна называць лічбы скарачэньня экспарту трактароў, аўтамабіляў, дарожнай тэхнікі, усё гэта напалову, а часам больш – скарацілася. Грошы браць няма адкуль А тых пазыкаў, якія ўжо зробленыя, іх хопіць можа на паўгода, ці крыху на болей. Так што ніякага цуду не адбылося”.

Дарэчы, у такі час улады вырашылі будаваць атамную электрастанцыю, прычым у вельмі нечаканым месцы – у Астравецкім раёне Гарадзеншчыны.

Канстанцін Скуратовіч падкрэсьлівае, што ў Беларусі цяпер рэзка скарачаюцца заробкі… Якія зьмены за апошні час запомніліся ў сацыяльнай сфэры? Пра гэта – кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін:

“Самым адметным за тры гады стала тое, што адмянілі сацыяльныя льготы фактычна для большасьці насельніцтва Беларусі. Калі глядзець на гарадзенскую сытуацыю, вобласьць зьяўляецца найменш сацыяльна забясьпечанай, таму што нашыя хатнія гаспадаркі атрымліваюць найменш сацыяльных выплатаў, на сям’ю атрымліваецца ў сярэднім 4,6 даляра. Больш за шэсьць адсоткаў сем’яў жывуць ніжэй пражытковага мінімуму. Гэта на фоне таго, што будуюцца лядовыя палацы, вельмі недарэчны паказчык. Канечне, добра, што ў нас даюцца крэдыты на будаўніцтва жыльля, але я лічу, што сем’і павінны мець такія даходы, каб маглі пабудаваць жытло за свае грошы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG