Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод вышэйшых кіраўнікоў Беларусі жанчын можна пералічыць па пальцах. Кажучы пра ўладу, нельга не ўзгадаць Натальлі Пяткевіч, першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. У Беларусі толькі адна жанчына-міністар — Ганна Дэйка, якая ачольвае Міністэрства па падатках і зборах. Ці можа сучасная жанчына дасягнуць кар’ерных вышыняў і адначасова быць клапатлівай маці, добрай жонкай, трымаць утульны і цёплы дом? Ці перашкода ў дасягненьні кар’еры — дзеці?

Ці магчыма пасьпяхова сумяшчаць мацярынства і кар’еру? Як паказвае ўсясьветная практыка — можна. У Фінляндыі і Нарвэгіі больш за палову міністэрскіх партфэляў належыць жанчынам (58% і 56% адпаведна). Можна прыгадаць пачатак кар’еры гішпанскага міністра абароны Кармэ Чакон, якая прымала парад у 37 гадоў і была на 7-м месяцы цяжарнасьці. У Беларусі ж прыклад гендэрнай роўнасьці ў грамадзтве прыводзяць такі: у Полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня залічылі нядаўна 5 дзяўчат.

Дырэктар Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і, сямейны псыхоляг Андрэй Туравец перакананы:

“Жанчыны, якія ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў пачалі займацца кар’ерай і прасунуліся ў гэтым, не задаволеныя, як складваецца іх сямейнае становішча. А тыя, якія займаліся ўладкаваньнем сямейнага жыцьця, у 30 гадоў не задаволеныя, як складваецца іх кар’ера. І яны намагаюцца з 28 да 40 гадоў дабіраць, кожная ў сваёй сфэры”.

Сярод пасьпяховых беларускіх жанчын-кіраўнікоў можна ўзгадаць старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну і старшыню праўленьня “Беларусбанку” Надзею Ермакову. Але яны зрабілі кар’еру, калі іх дзеці ўжо вырасьлі, да таго ж у Ярмошынай адзін сын, у Ермаковай — дзьве дачкі, што ня так ужо і шмат. Сярод прадстаўнікоў шоў-бізнэсу можна ўзгадаць пасьпяховых беларусак Анжаліку Агурбаш, Тамару Лісіцкую, Ларысу Грыбалёву

Тэлевядучая, ды-джэй, пісьменьніца Тамара Лісіцкая мае трох маленькіх дзетак: 9-гадовага Мацьвея, 5-гадовую Кацю і немаўлятку Ігара, якому 6 месяцаў:

Тамара Лісіцкая
“Мне лёгка гаварыць, бо ў мяне быў нейкі, так бы мовіць, задзел: я пачала нараджаць дзяцей, калі крыху адбылася ўжо і стала вядомая ў журналісцкіх, шоў-бізнэсоўскіх колах. Але на сёньняшні дзень я для сябе спакойна і сьвядома вырашыла: кар’ерай я не займаюся. Я займаюся дзецьмі, а калі ўжо застаецца нейкі маленькі кавалачак дня альбо ночы, я стараюся туды кар’еру кампактненька нагамі ўпіхнуць: нешта хуценька напісаць, зрабіць. Бо сумясьціць гэта вельмі складана. Але і ўпадаць у гістэрыку з гэтай нагоды таксама няма сэнсу”.

А вось малады кандыдат філялягічных навук Юнэля Сальнікава, якая мае, праўда, пакуль адну чатырохгадовую дачку, думае інакш:

“Я думаю, што можна беларускай жанчыне зрабіць кар’еру.
Калі ёсьць такая ўстаноўка на кар’еру і на гарманічнае сумяшчэньне зь сям’ёй, зь дзецьмі, з мужам — яна гэта здолее зрабіць.
Калі ёсьць такая ўстаноўка на кар’еру і на гарманічнае сумяшчэньне зь сям’ёй, зь дзецьмі, з мужам — яна гэта здолее зрабіць. Яна будзе ствараць адпаведнае атачэньне, каб зрабіць кар’еру, знаходзіць правільных людзей — нянек, дзядуляў, бабуль, навуковых кіраўнікоў, начальнікаў. Нават калі яна маці -адзіночка, яна жыве ў грамадзтве і ёсьць нейкі асяродак. Жанчына можа зрабіць усё, калі яна гэтага захоча”.

Але ёсьць і яшчэ адна праблема: не заўсёды гэта лёгка зрабіць, бо існуе стэрэатып, асабліва ў кіраўнікоў-мужчынаў, што жанчына павінна займацца дзецьмі, сям’ёй, а не рабіць кар’еру. Аляксей Іванавіч — дырэктар адной буйной саліднай фірмы:

“Перавага заўсёды аддавалася і аддаецца мужчынам. Хаця мужчыны могуць быць нашмат больш хлусьлівымі, яны і выпіваюць, і гуляюць, і на працу спазьняюцца, што жанчыны ніколі ня робяць… Але заплюшчваеш вочы на ўсе недахопы, і бярэш на працу мужчынаў”.

Не сакрэт, беларускія жанчыны нашмат больш адукаваныя за мужчынаў.
Не сакрэт, беларускія жанчыны нашмат больш адукаваныя за мужчынаў.
Сярод жанчын 55% маюць вышэйшую і сярэднюю спэцыяльную адукацыі, сярод мужчынаў — толькі 38%. А вось жанчын-кіраўнікоў, згодна з афіцыйнай статыстыкай, толькі 19%. У сфэры навукі і адукацыі жанчыны вельмі пасьпяхова абараняюць дысэртацыі, пры чым, нават у стане цяжарнасьці, як Юнэля Сальнікава:

“У стане цяжарнасьці была абароненая дысэртацыя. Але пасьля нараджэньня дзіцяці я вучуся ў магістратуры, удзельнічаю ў шматлікіх праектах. Дзіця — у мяне не перашкода ў вытворчай дзейнасьці. Я не абмежаваная толькі сфэрай сям’і. Дзіця ня столькі замінае, колькі наадварот, падштурхоўвае, натхняе”.

Толькі ў ВНУ краіны 214 жанчын-прафэсараў, а сярод кіраўнікоў ўнівэрсытэтаў — толькі адна жанчына, рэктар Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Баранава. Столь для навуковай кар’еры жанчыны — загадчыца катэдры.

І ўсё ж як працуючай жанчыне пасьпяваць і на працы, і ў сям’і?

Тамара Лісіцкая прызнаецца: “У мяне ёсьць нянька, інакш бы я не справілася. Трое дзяцей — вельмі цяжкое фізычнае і гаспадарчае выпрабаваньне. Аднаго праньня і прасаваньня кожны дзень столькі, што на гэта ўвесь дзень патрэбны. Таму ў нас ёсьць няня.
Проста ня ведаю, як спраўляліся нашы маці без усялякіх сучасных гаспадарчых прыстасаваньняў і без дапамогі дадатковых людзей.
Проста ня ведаю, як спраўляліся нашы маці без усялякіх сучасных гаспадарчых прыстасаваньняў і без дапамогі дадатковых людзей”.

Нянька, бабуля, безумоўна — гэта выйсьце, дапамога працуючай жанчыне. І цяпер многія бізнэс-лэдзі нараджаюць і працягваюць працаваць, каб забясьпечыць сям’ю, зарабляючы на гэтую самую няню.

Сямейны псыхоляг Андрэй Туравец перакананы: “Звычайна ў дзяцей тых, хто дамогся прафэсійных, кар’ерных вышынь, ёсьць асаблівасьці ў паводзінах, адхіленьні ў разьвіцьці, розныя праблемы. Нішто ня можа замяніць дзіцяці маці: ні нянькі, ні цудоўныя матэрыяльныя ўмовы, ні цацкі, кампутар. Адсутнасьць маці прыгнятае і нэрвовую сыстэму, уплывае на паводзінныя аспэкты дзіцяці, нягледзячы на тое, што побач добрая няня ці бабуля зь дзядулем”.

Тамара Лісіцкая, якая сьвядома паміж кар’ерай і дзецьмі абрала апошняе, перакананая: “Самае галоўнае, што я разумею: якія б ні былі зробленыя ці ня зробленыя праекты, быў посьпех ці не было, былі водгукі на маю працу ці не, станоўчыя яны альбо крытычныя — гэта ўсё не істотна ў параўнаньні зь дзецьмі. Вось дзеці — гэта пастаянная велічыня, якая часам раздражняе, часам стамляе, але заўсёды любімая і галоўная”.

Што да магчымасьці для жанчыны пасьпяхова сумяшчаць кар’еру і сям’ю, выхаваньне дзяцей, то сямейны псыхоляг Андрэй Туравец упэўнены:

“Верагоднасьць такога спалучэньня адно на мільён. Павінен скласьціся ўнікальны комплекс умоваў, які гэта забясьпечыць, але ў нашым жыцьці, у нашым побыце такі комплекс звычайна не складваецца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG