Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына ўжо не адзін год займае першае месца ў краіне па колькасьці самагубстваў. Аднак за апошнія месяцы выпадкі суіцыдаў пачасьціліся, прычым адразу ва ўсіх рэгіёнах вобласьці. Адмыслоўцы-псыхіятры лічаць гэта яшчэ адным наступствам фінансава-эканамічнага крызісу.


За першыя два месяцы гэтага году на Віцебшчыне зафіксавана 73 самагубствы, і гэта на ўжо на 16% болей, чымсьці за аналягічны пэрыяд летась. Трывожная тэндэнцыя росту суіцыдаў стала асабліва відавочнай напрыканцы мінулага году: колькасьць тых, хто з уласнай волі пайшоў з жыцьця, пачала істотна павялічвацца ў Аршанскім, Сеньненскім, Шумілінскім і Чашніцкім раёнах, а ў Гарадоцкім раёне яна ўзрасла адразу на 200%.

Паводле галоўурача Bіцебскага псыханэўралягічнага дыспансэру Алены Мартынавай, пераважная колькасьць самагубцаў апошняга часу — гэта мужчыны працаздольнага веку. Нярэдка гэта людзі, якія альбо ўжо страцілі працу, альбо толькі адчулі небясьпеку таго, што неўзабаве ня змогуць фінансава забясьпечыць сваю сям’ю. Спадарыня Мартынава распавяла: дзеля таго каб абмеркаваць сродкі дапамогі тым, хто апынуўся ў складанай сытуацыі і страціў надзею на лепшае, псыхолягі і псыхатэрапеўты правялі ў Віцебску сэмінар “Крызісная інтэрвэнцыя і суіцыдальныя паводзіны”:

“Адмыслоўцы зь Менску, зь іншых абласьцей абмяркоўвалі гэтае пытаньне — як дапамагчы чалавеку, які апынуўся ў крызіснай сытуацыі. Калі ён страціў працу, але адчувае адказнасьць за сям’ю, то галоўнае ў такой сытуацыі, каб не пакідалі чалавека сам-насам з сабою. І калі ён ня будзе такім разьюшаным, то сям’я — дзеці, бацькі, жонкі, мужы — павінна абмеркаваць гэтую праблему і дапамагчы паглядзець на яе зь нейкага іншага боку. Ёсьць цэлыя псыхатэрапэўтычныя тэхналёгіі, як вывесьці чалавека зь цяжкога стану і не дапусьціць апошняга трагічнага кроку.
цяпер тэлефануюць і мужчыны ды пытаюцца, як патлумачыць жонцы, што цяпер крызіс і таму цяжка знайсьці добрую працу ...

Дактары, якія працуюць у Віцебску на так званых “тэлефонах даверу”, адзначаюць зьмену кантынгенту сваіх пацыентаў. Калі раней найчасьцей да іх зьвярталіся жанчыны зь нейкімі асабістымі або сямейнымі праблемамі, то цяпер тэлефануюць і мужчыны ды пытаюцца, да прыкладу, як патлумачыць жонцы, што цяпер крызіс і таму цяжка знайсьці добрую працу.

Псыхолягі ды псыхіятры кажуць, што людзі набываюць комплекс непаўнавартаснасьці і проста губляюцца ў сытуацыі, калі скарачэньне, звальненьне або затрымка заробку закранае іх асабіста, а праз тэлевізар ды ў дзяржаўнай прэсе тым часам цьвердзяць, што ніякага крызісу ў Беларусі няма.
XS
SM
MD
LG