Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неаніла Міхайлаўна Палякова, маці праваабаронцы Яны Паляковай, якая скончыла жыцьцё самагубствам 7 сакавіка, ад журналіста “Свабоды” даведалася пра тое, што Салігорская пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу паводле артыкула аб давядзеньні да самагубства.


“Мяне пра гэта не праінфармавалі. Больш за тое, напярэдадні мяне нават не распытвалі пра абставіны апошніх дзён жыцьця дачкі. Толькі сёньня ад вахцёра ў нашым пад’езьдзе я даведалася, што ўчора тут былі сьледчыя з пракуратуры, нібыта з кімсьці размаўлялі пра Яну, але да мяне яны не падышлі. Як гэта не знайшлі прыкметаў давядзеньня да самагубства? Ды іх колькі заўгодна. Дачку зьбівалі, яна трапляла ў шпіталь, яе адтуль тэрмінова выпісалі, каб правесьці суд. На судзе ня слухалі, што яна кажа. Усе міліцыянты як па пісанаму, як зь бягучага радка казалі ў судзе адно і тое ж, што яе нібыта не зьбівалі. Атрымалася, што гэта яна такая дрэнная. А цяпер кажуць, што няма прыкметаў давядзеньня да самагубства?”

Актывістка з Салігорску Ларыса Насановіч кажа: “Ня толькі маму Яны, нікога з тых, хто зь ёй кантактаваў у апошнія дні, не апытвалі. Мы ўвесь час на сувязі, мне б пра гэта было вядома. Тое, што Яну зьбівалі ў міліцыі, ведае ўвесь горад. Дзіўна, што толькі пракуратуры гэта незразумела”.

Людміла Гразнова
Праваабаронца Людміла Гразнова гэтак пракамэнтавала рашэньне пракуратуры Салігорску не заводзіць справу аб прычынах сьмерці Яны Паляковай:

“Яны мусілі правесьці самую дэталёвую праверку, а замест гэтага, як звычайна, абмежаваліся дзяжурнымі дзеяньнямі. Мяркую, пракуратура бароніць свой мундзір. Але праваабаронцы не пакінуць гэтую справу. Мы будзем настойваць на тым, каб прычыны сьмерці Яны былі дасканала вывучаныя”.

Гары Паганяйла
На думку былога судзьдзі Гары Паганяйлы, пракуратура Салігорску пасьпяшалася з рашэньнем адносна прычын сьмерці Яны Паляковай:

“Не апыталі маці, былых калег — гэта адно. Другое — трэба было дачакацца заканчэньня самой справы супроць Яны Паляковай. Гэтая справа абскарджаная, прысуд не ўступіў у сілу, будзе разгляд касацыйнай скаргі, могуць узьнікнуць новыя абставіны. Мы будзем дамагацца, каб Яна Палякова, хоць і пасьмяротна, была цалкам рэабілітаваная”.

Судзьдзя з Салігорску Аляксандар Бураўцоў, які прызнаў Яну Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і пакараў жанчыну 2,5 гадамі “хіміі”, адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю.

Не адказвае і хатні тэлефон былога ўчастковага Віктара Пугачова, які, паводле Яны Паляковай, нібыта зьбіў яе ў міліцэйскім участку. Суд прызнаў, што гэтага не было. Віктар Пугачоў адмаўляецца кантактаваць з журналістамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG