Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец адказвае Карач і чытачам Свабоды


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Публікацыя Вольгі Карач у рамках Дня блогера 13–14 сакавіка “Пра БХД і аборты” выклікала актыўную дыскусію сярод нашых чытачоў. Па просьбе БХД мы даем слова ў адказ аднаму зь кіраўнікоў нядаўна створанай партыі Хрысьцінскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу.


Шаноўная Вольга!
Шаноўныя чытачы сайту “Свабоды”!


Дзякуй вам за ўвагу да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі й актыўнае абмеркаваньне тэмы, якую мы лічым надзвычай важнай.
Пастараюся каротка адказаць на асноўныя пытаньні, зададзеныя падчас дыскусіі на сайце Радыё “Свабода”.

1) Ці зьяўляецца ідэалёгія Партыі БХД таталітарнай?
2) Якая пазіцыя БХД датычна абортаў?
3) Што БХД мае на ўвазе пад “хрысьціянізацыяй беларусаў і беларусізацыяй хрысьціянаў”?

1. БХД – дэмакратычная партыя. Працытую Праграму БХД, прынятую 28 лютага 2009 г.:

“Правы кожнага грамадзяніна павінны мець прыярытэт перад правамі дзяржавы” (4.2), “БХД стаіць на прынцыпах, якія закладзены ва “Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека” (4.3), “Кожны чалавек мае права свабодна разьвіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і культурным жыцьці так, як ён абярэ” (5.3)

Сучасная БХД яднае прынцыповых супраціўнікаў таталітарызму і аўтакратыі ў любой форме, і многім хадэкам давялося цярпець за імкненьне да дэмакратыі ад сёньняшняга рэжыму. Больш за тое, унутры партыі мы няўхільна кіруемся дэмакратычнымі прынцыпамі і ўсе спрэчныя пытаньні на ўсіх узроўнях імкнемся вырашаць менавіта дэмакратычным шляхам галасаваньня.

2. Кампанія “Моцная сям’я – моцная Беларусь” – надзённая патрэба для сёньняшняга беларускага грамадства.

Вось факты:

– Пастаянны рост колькасьці абортаў – адна з самых балючых праблемаў нашае краіны. Адмена забароны на аборты ў 1954-55гг. значна скараціла нараджальнасьць: з 222 тыс. у 1960 г. да 108 тыс. у 2008г. Зараз паводле статыстыкі абартуецца больш за 60 000 дзяцей штогод. Усяго ў Беларусі за пасьляваенны перыяд (з 1945 г. па 2007 г.) было абартавана каля 8 млн. 500тыс. дзяцей. Амаль цэлая Беларусь.

– У 2008 г. нарадзiлася 107,9 тыс. дзяцей. Разам з тым у краiне памерла 134,4 тыс. чалавек. Ужо больш за 15 гадоў Беларусь жыве ва ўмовах дэпапуляцыі. За апошняе дзесяцігодзьдзе беларусаў стала менш на 400 тысячаў: устойлівы спад наступіў з 1994 года.

– Паступовая дэградацыя маралі сучаснага беларускага грамадзтва выклікае разбурэньне інстытуту сям’і. За 2007 г. колькасьць зарэгістраваных шлюбаў зьнізілася на 9,8%, колькасьць разводаў узрасла на 15,2%. Пры гэтым на кожныя 1000 шлюбаў прыходзіўся 721 развод. У Менску за першыя сем месяцаў 2008 году на 7842 шлюбы прыйшлося 4702 разводы;

– Павялічваецца колькасьць дзяцей, народжаных па-за шлюбам. Значная іх частка застаецца без апекі бацькоў і пакутуе на хранічныя паталёгіі. У параўнаньні з 70 гг. ХХ ст. колькасьць дзяцей, народжаных па-за шлюбам, узрасла ў 3 разы і штогод складае каля 20 тыс.

– У 2008 годзе ў Беларусі было зафіксавана 2800 самагубстваў. 60% працэнтаў ад агульнай колькасьці суіцыдаў здзейсьненыя ў п’яным стане.

– Паводле афіцыйнай статыстыкі, продаж алькагольных напояў ў Беларусі складае 10,6 л. чыстага алькаголю на душу насельніцтва. Гэта адзін з самых вялікіх паказчыкаў у сьвеце. Наступства такой сітуацыі - 300 тыс. беларусаў, хворых на алькагалічную залежнасьць, якія стаяць на ўліку ў наркалягічнай службе. Сьпецыялісты кажуць, што каля 30% беларусаў у той ці іншай ступені хворыя на алькагалізм. Алькагалізм – страшная праблема, што разбурае асобу чалавека й руйнуе ягоную сям’ю: гэта прычына 50% разводаў і абсалютнай колькасьці сіроцтваў.

Тое, што аборты – гэта зло, неаспрэчна. Але БХД вызнае, што забаронай гэтую праблему зараз вырашыць немагчыма. Таму мы й выступаем за комплекс мераў, дзе галоўны акцэнт ¬¬– не “забарона” ці “прымус”, а зьберажэньне жыцьця маці й дзіцяці шляхам інфармаваньня пра шкоду, якую нясе аборт. Першыя крокі, прапанаваныя БХД на канферэнцыі “Моцная сям’я ¬¬– моцная Беларусь” 31 студзеня гэтага года, наступныя:

– скарачэньне тэрміну цяжарнасьці, пры якой дапускаецца свабоднае ажыцьцяўленьне апэрацыі штучнага перарываньня цяжарнасьці, з 12 да 10 тыдняў;

– увядзеньне права для лекара адмовіцца ад правядзеньня аборту па маральна-этычных перакананьнях;
(для рэалізацыі вышэйпададзеных прапановаў неабходнае ўнясеньне зьменаў у артыкул 27 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”)

– абавязковае азнаямленьне жанчынаў перад абортам з інфармацыяй аб рэлігійных і грамадзкіх арганізацыях, якія займаюцца прафілактыкай абортаў;

– абавязковае разьмяшчэньне інфармацыі пра небясьпеку абортаў і інфармацыі пра рэлігійныя і грамадзкія арганізацыі, якія займаюцца прафілактыкай абортаў, у жаночых кансультацыях, паліклініках, раддамах і іншых установах аховы здароўя;
(для рэалізацыі вышэйпададзеных прапановаў неабходнае ўнясеньне дапаўненняў у Інструкцыю аб парадку штучнага перарываньня цяжарнасьці, зацьверджаную пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2007 г. № 15)

– абавязковае правядзеньне заняткаў – прафілактычных размоваў аб шкодзе абортаў, алькаголю, тытуню у 7–11 класах СШ, вучэльнях, каледжах, 1-х курсах ВНУ і т.п. з абавязковым удзелам прадстаўнікоў рэлігійных і грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца прафілактыкай абортаў, працай з нарказалежнымі і алькаголікамі;

– дапамога па доглядзе за дзіцем – у памеры сярэдняга заробку на кожнае дзіця да 5 год і па 0,5 сярэдняга заробку да 10 год.

Як вернікі мы ведаем: аборт – гэта забойства. Шаноўныя апанэнты маюць сёньня магчымасьць спрачацца толькі таму, што іхнія маці калісьці НЕ ЗРАБІЛІ АБОРТ.

3. “Хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў”. Зьвернемся да Праграмы БХД:

“Беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысьціянскага сьветапогляду: свабоды, веры, любові, справядлівасьці, роўнасьці, салідарнасьці, адказнасьці” (1.3), “Беларусізацыя нацыянальнага жыцьця бачыцца нам не як бюракратычны працэс, а як творчыя й эфэктныя праграмы, у першую чаргу для дзяцей і моладзі” (3.8)

І хрысьціянізацыя, і беларусізацыя для нас – справы, безумоўна, негвалтоўныя паводле сваёй прыроды. Хрысьціянства і Беларусь маюць грунтавацца на свабодзе, а свабода не прымае гвалту.

Таму – “Стойце ў свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і не схіляйцеся зноў пад ярмо рабства”! (Гал. 5:1)

Павал Севярынец

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG