Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахова ўрочышча Курапаты даручана аўтапатрулям ДАІ і Менскага РУУС. Пра гэта гаворыцца ў лісьце начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менскага аблвыканкаму Тацяны Дзедух.


У інтэрвію БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч адзначыў, што ліст атрыманы ў адказ на яго паведамленьне пра неабходнасьць арганізацыі аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня “Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”.

У лісьце адзначаецца, што ў зьвязку з тым, што А.Астаповіч адмовіўся ад арганізацыі аховы на платнай аснове, “вырашана ахоўваць урочышча экіпажамі дарожна-патрульнай службы ДАІ і аўтапатрулямі патрульна-паставой службы Менскага РУУС”.

Спадар Астаповіч назваў станоўчым гэтае рашэньне Менскага аблвыканкаму, “бо штомесячныя паслугі дэпартамэнту аховы па абслугоўваньні Курапатаў вымяраюцца нерэальнай сумай – амаль у 20 мільёнаў рублёў”. Аднак А.Астаповіч мае намер дамагацца арганізацыі сталага пешага патруляваньня ўрочыша Курапаты сіламі паструльна-паставой службы Менскага РУУС ці нарадамі ўнутраных войскаў. Спадар Астаповіч мяркуе, што ахова ўрочышча аўтапатрулямі ДАІ і Менскага РУУС будзе ажыцьцяўляцца толькі пэрыядычна.
XS
SM
MD
LG