Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня каля 10 тысяч вайскоўцаў адзначаць Дзень унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь. Да сьвята шмат хто з вайскоўцаў атрымалі новыя шчыты, бронекамізэлькі ды пераселі ў новыя аўтамабілі.

Камандуючы ўнутранымі войскамі Валеры Гайдукевіч напярэдадні правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якую журналістаў недзяржаўных СМІ не запрасілі. Абмяжуюся цытаваньнем з БЕЛТА. “Ва ўнутраных войсках цяпер рэалізуюць праграму пераўзбраеньня. Закуплены бронекамізэлькі, шчыты, адмысловыя сродкі. Таксама на ўзбраеньне ўзятыя новыя сродкі сувязі”, – перадае афіцыйная крыніца зьвесткі, атрыманыя ад генэрала Гайдукевіча.

Колькі грошай з бюджэту пойдзе на новую экіпіроўку і пераўзбраеньне “ўнутраных вайскоўцаў”? Кіраўнік прэсавай службы ўнутраных войскаў Сяргей Кабаковіч грашовыя пытаньні абмінае:

“Мы новае ўзбраеньне не закупляем. Зброя, якая ў нас ёсьць, дазваляе выконваць аб’ём пастаўленых задач. Закупляецца і абнаўляецца парк аўтамабіляў і спэцыяльных аўтамабіляў: гэта аўтамабілі для патруля і для перавозкі спэцкантынгенту”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька згадвае, як у сакавіку 2000 году салдаты ўнутраных войскаў разагналі сьвяточны мітынг на Дзень Волі. Палітыка схапілі вайскоўцы ў крапавых бэрэтах, кінулі ў аўтобус ПАЗ, ды адвезьлі ў ангар часткі ўнутраных войскаў на вуліцы Маякоўскага. “Там ужо зьбівалі нагамі ды дубінкай па поўнай праграме”, – кажа Анатоль Лябедзька:

“Яны ўсё ж павінны займацца не палітычнымі функцыямі, не жандарскімі – калі іх выкарыстоўваюць як інструмэнт здушэньня іншай думкі - а менавіта як сілы, якія могуць змагацца супроць тэрарызму. Супроць нейкіх брутальных забурэньняў і гэтак далей”.

У 2006 годзе, калі міліцыянты “зачышчалі” Кастрычніцкую плошчу ад моладзевых актывістаў, якія пратэставалі супроць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, апазыцыянэраў “загружалі” ўжо ня ў ПАЗікі, а ў новенькія спэцаўтамабілі “МАЗ”, пазьней празваныя “каробачкамі”. Паводле зьвестак зь Менскага аўтамабільнага заводу, кожная такая “каробачка” каштуе як магутны цягач – да 100 тысяч даляраў. Менавіта такія “МАЗы” зноў спатрэбіліся ўнутраным войскам.

Ці ня лепш у час крызісу зэканоміць на выдатках сілавікоў, у тым ліку на бронекамізэльках ці дарагім транспарце? Пытаньне да эканаміста Міхала Залескага:

“Усё адбываецца аналягічна таму, як ва ўсім сьвеце. Магчымыя сацыяльныя крызісы, таму трэба ўзброіцца. Гэта пазыцыя ўраду. І ня толькі нашага. Іншая рэч – на каго мы хочам быць падобнымі? На Гаіці ці на Швайцарыю? Бо можна тыя самыя грошы накіраваць на прафіляктыку пэўных сацыяльных дэфармацыяў”.

Ва ўнутраных войсках цяпер служыць каля 10 тысяч чалавек, зь іх ужо болей за палову – паводле кантрактаў, паведамілі ў прэсавай службе войскаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG