Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь лічыцца краінай бяз “злодзеяў у законе”, хоць яшчэ 10 гадоў таму не саступала ў гэтым сэнсе суседзям. Што адбываецца з крымінальнымі аўтарытэтамі і як гэта ўплывае на стан правапарадку ў краіне?

4 сакавіка ў Бабруйску пахавалі крымінальнага аўтарытэта на мянушцы Біра — Уладзімера Бірукова. Яму было 44 гады. Паводле мэдычнай вэрсіі, ён раптоўна памер ад хваробы сэрца. За два дні да таго міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў публічна прызнаў надзвычайныя захады, якія робіць міліцыя ў сувязі з пахаваньнем:

“Усё, што тычыцца грамадзянскай паніхіды, — тут мы будзем падтрымліваць парадак і перашкаджаць ня станем. Што да магчымай сходкі злодзеяў — спынім вельмі жорстка”.

Апошнія гады лічылася, што “злодзеяў у законе” ў Беларусі ўвогуле не засталося. Згадваліся трагічныя лёсы апошніх каралёў крымінальнага сьвету краіны. 1997 — зьнік “аўтарытэт” Шчаўлік, ён жа Ўладзімер Клешч, каранаваны трыма гадамі раней. Цела дагэтуль ня знойдзена. 2000 — забіты аўтарытэт Лукаш (Генадзь Лукашоў). У той жа час зьнік Траца Аляксандар Трацэўскі. Сьпіс можна працягнуць.

У канцы 2001 году па беларускім тэлебачаньні Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што хутка пасьля прыходу да ўлады праз пэўныя каналы папярэдзіў крымінальных лідэраў: “Ня дай Бог створыце дзе крымінальную абстаноўку, я вам паадрываю галовы”. “Быў выпадак, калі яны сябе няправільна сталі паводзіць. Памятаеце гэтых шчаўлікаў ды іншых? Дзе яны цяпер? Таму ў краіне парадак”, — цытуе беларускага лідэра інтэрнэт-рэсурс Газета.ru.

Лукашэнка быў перакананы, што са “злодзеямі ў законе” ў Беларусі даўно скончана.
Аляксандар Лукашэнка быў перакананы, што са “злодзеямі ў законе” ў Беларусі даўно скончана. Тады пра што сьведчыць гісторыя Ўладзімера Бірукова, які, хоць і з-за мяжы, але працяглы час кіраваў сваім крымінальным бізнэсам у Бабруйску? Усё ж ёсьць крымінальныя “аўтарытэты”? Калі так, то якім чынам яны захаваліся?

Прадпрымальнік Валер Леванеўскі кажа: так, у калёніях ёсьць “аўтарытэты”, якія вырашаюць спрэчкі паміж зэкамі, але на волі “злодзею ў законе” доўга не пратрымацца:

Валер Леванеўскі
“Што да «аўтарытэтаў» на волі, то судовая сыстэма ў Беларусі пабудавана гэтак, што любога чалавека, ня тое што крымінальніка, могуць адразу схаваць за краты і там будуць «прэсаваць» як заўгодна. Ізалююць ды гэтак «апрацуюць», што ён у лепшым выпадку будзе карыстацца інваліднай каляскай”.

Валер Леванеўскі зьвяртае ўвагу на наступную беларускую асаблівасьць: арганізаваная злачыннасьць у краіне знаходзіцца пад кантролем сілавых структураў ці пэўных асобаў з гэтых структураў:

“Бязь нейкага «даху» арганізаванай злачыннасьці ня можа быць у прынцыпе. Вось злачынца-адзіночка — гэта магчыма. І для праваахоўных органаў такі злачынца — вялікая праблема, бо яго вельмі складана злавіць. А з арганізаванымі прасьцей. Пэрыядычна праваахоўнікі выдаюць пэўную колькасьць для добрых паказчыкаў раскрывальнасьці — і ўсе задаволеныя”.

Паводле Валера Леванеўскага, час ад часу паміж сілавымі структурамі ўзьнікаюць канфлікты, і тады не шанцуе і “аўтарытэтам”, якія былі “пад дахам” пэўнай структуры.

Ёсьць вэрсія, што Ўладзімеру Бірукову, які раптоўна памёр пасьля выхаду на волю з маскоўскай турмы, “дапамаглі” сканаць людзі ў пагонах. Як ставяцца да гэтага тыя, хто пабываў за кратамі?

Былы вязень Шклоўскай калёніі Аляксандар Грыцанаў:

Быць крымінальным «аўтарытэтам» — гэта праца вельмі цяжкая. Таму я не выключаю, што чалавек сапраўды мог памерці ад хваробы сэрца.
“Быць крымінальным «аўтарытэтам» — гэта праца вельмі цяжкая, бо трэба вырашаць канфлікты кожны дзень. Таму я не выключаю, што чалавек сапраўды мог памерці ад хваробы сэрца”.

Што да свайго асабістага досьведу, Аляксандар чуў пра існаваньне ў калёніі асуджанага, які лічыўся турэмным “аўтарытэтам”, але асабіста яму зьвяртацца да гэтага чалавека і нават бачыць яго не даводзілася.

Былы палітвязень Цімафей Дранчук мяркуе інакш: сьмерць Біры не была выпадковай.

Цімафей Дранчук
“Проста прыйшла чарга. Нехта вырашыў прыбраць сабе ягоны бізнэс у Бабруйску. Ёсьць вэрсія, што нейкі час таму яму прапаноўвалі падзяліцца большай часткай справы, ён да гэтага паставіўся несур’ёзна, і вось…”

Цімафей Дранчук займаецца юрыдычнай дапамогай былым зьняволеным і з гэтай прычыны дасьведчаны таксама ў сытуацыі вакол крымінальнікаў:

“Аўтарытэты” збольшага ўсё ж ёсьць, хаця іх можна пералічыць па пальцах. Але гэта «аўтарытэты» ў тым сэнсе, што іх слухаюцца астатнія зэкі і яны здольныя кантраляваць сытуацыю ў калёніі значна лепш, чым адміністрацыя. Гэта, дарэчы, адна з прычын, чаму іх баяцца ды спрабуюць зьнішчыць“.

Паводле некаторых крыніц, зьнішчаць крымінальных аўтарытэтаў фізычна сілавікі вырашылі ў сярэдзіне 1990-х, убачыўшы, што злачыннасьць пусьціла настолькі глыбокія карані, што законным шляхам іх было ня вырваць. Некаторыя афіцыйныя мэдыі тыражуюць гэтую вэрсію і нават заяўляюць пра датычнасьць да такой ідэі былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Нібыта ў 1995-м той пахваляўся Аляксандру Лукашэнку, што зьнішчыў злодзея ў законе Шчаўліка, а праз 4 гады сам стаў ахвярай “эскадрону сьмерці”.

“Гэта няпраўда”, — кажа былы супрацоўнік КДБ Валер Костка і заўважае, што Юры Захаранка, якога ён добра ведаў пры ўладзе і ў апазыцыі, быў зьняты з пасады міністра ў 1995 годзе, калі злодзей у законе Ўладзімер Клешч (Шчаўлік) гуляў на волі. А абвінавачаньні Юрыя Захаранкі ў стварэньні “эскадронаў сьмерці”, на думку Валера Косткі, патрэбныя дзеля таго, каб падмацаваць вэрсію пра помсту былому міністру з боку крыміналу — маўляў, ці не таму міністра і скралі? Што да зьнікненьня крымінальных аўтарытэтаў, Валер Костка схіляецца да вэрсіі пра датычнасьць да гэтага ўлады:

“Наўрад ці гэта былі разборкі паміж бандытамі. Калі там нехта некага «кідае», то зьбіраюцца і выносяць прысуд, а потым яго выконваюць. І пра гэта вядома. А тут нічога такога не было”.

Як паўплывала трывалае зьнішчэньне крымінальных аўтарытэтаў на агульны стан рэчаў са злачыннасьцю? На гэта лепш адкажа статыстыка. Паводле дадзеных МУС, у 2001 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка публічна згадваў пра зьніклага Шчаўліка, у Беларусі было зьдзейсьнена 138 тысяч злачынстваў. Праз 7 гадоў колькасьць насельніцтва ў Беларусі скарацілася амаль на 200 тысяч чалавек, а злачыннасьць павялічылася: у 2008-м зафіксавана ўжо 158 тысяч злачынстваў, 73 тысячы чалавек асуджана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG