Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёсам Уладлены Функ зацікавілася расейскае консульства


Сакратарку Эмануіла Зэльцэра Ўладлену Функ (Брускову) дэпартуюць у Расею тады, калі атрымаюць зьвесткі пра яе рэгістрацыю. Так заявілі адвакату Зьмітру Гарачку ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі.

Уладлена Функ дагэтуль знаходзіцца ў гомельскім ізалятары. Cакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра адбыла тэрмін зьняволеньня 12 сакавіка, але на волю яе не адпусьцілі. Жанчыну зьмясьцілі ў Гомельскі ізалятар, не патлумачыўшы, на які час. 16 сакавіка ў ізалятар прыехала маці Ўладлены Функ Валянціна Брускова, але ёй не дазволілі сустрэцца з дачкой. 17 сакавіка з сакратаркай Эмануіла Зэльцэра сустрэўся адвакат Зьміцер Гарачка. Ён расказаў, калі могуць вызваліць ягоную падабаронную:

“Толькі што я размаўляў з прадстаўніком расейскага консульства. Яны дазваніліся да Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі і там ім патлумачылі, у чым праблема. Аказваецца, з Дэпартамэнту паслалі запыт у Вялікі Ноўгарад, адкуль Уладлена, ці яна там зарэгістраваная. Калі пацьвердзяць, што яна там зарэгістраваная, то яе дэпартуюць у Расею, калі не — тады ў ЗША”.

Сам адвакат выказаў зьдзіўленьне дзеяньнямі міліцыі. Паводле Зьмітра Гарачкі, у калёніі ёсьць адказ зь міліцыі Вялікага Ноўгараду адносна Ўладлены, які быў атрыманы ў студзені, калі разглядалася магчымасьць датэрміновага вызваленьня расейскай грамадзянкі.

Маці Ўладлены Валянціна Брускова кажа, што яе дачка мае рэгістрацыю ў Вялікім Ноўгарадзе. Паводле Валянціны Брусковай, пра гэта ведаюць і беларускія міліцыянты. Жанчына патрабуе выканаць закон і адпусьціць яе дачку на волю:

“За што? Чаму да гэтага часу яе не адпускаюць? Яна адбыла свой тэрмін, справядліва яе пакаралі ці несправядліва, але яна адбыла. Чаму яе не выпускаюць — я б хацела гэта ведаць”.

Зьміцер Гарачка кажа, што Ўладлена Функ ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў гомельскім ізалятары, але скардзіцца на тое, што яе трымаюць за кратамі.
XS
SM
MD
LG