Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такое пытаньне задае Радзе Эўразьвязу нямецкі свабодны дэмакрат, сябра парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Міхаэль Лінк.

Камэнтуючы ўчорашняе рашэньне Эўразьвязу замарозіць візавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 35 ягоных паплечнікаў, Міхаэль Лінк адзначае:

“Эўразьвяз не павінен прапаноўваць апошняму эўрапейскаму самадзержцу такі вялікі пернік. Каб сапраўды наблізіцца да ЭЗ, рэжым Лукашэнкі павінен спачатку зьдзейсьніць істотны прагрэс у пытаньні правоў чалавека. Тое, што назіралася дагэтуль, нельга назваць інакш, як касмэтычнымі саступкамі”.

Нямецкі палітык перакананы: ня можа ня цешыць, што да чытачоў у Беларусі вярнуліся дзьве крытычныя апазыцыйныя газэты. Аднак гэтага яўна недастаткова.

“І наадварот, апошнія абвінавачаньні супраць некаторых апазыцыйных палітыкаў з магчымасьцю турэмнага пакараньня — чарговы доказ усё яшчэ недастатковых дэмакратычна-прававых ведаў менскага кіраўніцтва”.

Як лічыць дэпутат бундэстагу Міхаэль Лінк, “запрашэньне Лукашэнкі на травеньскі саміт у Прагу на дадзеным этапе было б заўчасным. Замест таго каб “расьсьцілаць перад ім чырвоную дывановую дарожку”,”разумная дыпляматыя лепш паказала б краіне, як той крок за крокам інтэгравацца ва “Ўсходняе партнэрства”. І толькі вынікі, зробленыя Менскам на гэтым шляху, могуць стаць падставай для рашэньня адносна далейшага лёсу санкцыяў. “Запрашэньне для прэзыдэнта Лукашэнкі варта рабіць па ходзе працэсу, улічваючы яго вынікі, але ні ў якім разе не папярэдне, калі сур’ёзныя рэформы толькі пачынаюцца”, — перакананы палітык.

“Нягледзячы на тое, што ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» вельмі важны, — працягвае Лінк, — ягонай цаной ня могуць быць дэмакратыя і вяршэнства закону. Найлепшы паказчык сапраўдных рэформаў у Беларусі — жаданьне яе кіраўніцтва выконваць свае абавязаньні краіны-сябры АБСЭ ў забесьпячэньні вольных выбараў. Толькі калі Беларусь, у адпаведнасьці зь яе заявамі, разам з экспэртамі БДІПЧ пойдзе на рэфармаваньне свайго выбарчага заканадаўства, можа адкрыцца шлях да супрацоўніцтва”, — лічыць нямецкі парлямэнтар Міхаэль Лінк.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG