Лінкі ўнівэрсальнага доступу

…а ў мужыкоў чубы трашчаць. Гэтая народная прымаўка мне згадалася, калі я прачытаў даволі абсурдную гісторыю ў ЖЖ аднаго беларуса ў Амэрыцы. Паводле ягонага расповеду, амэрыканскі правайдэр “Bluehost” выдаліў два беларускія сайты са свайго сэрвэра, матывуючы гэты крок амэрыканскімі санкцыямі.

Абсурднасьць гэтай гісторыі ня толькі ў тым, што Ярык, адміністратар аднаго сайта і ўласьнік другога, не зьяўляецца ні чыноўнікам беларускага рэжыму, ні прадстаўніком Белнафтахіму, але і ў тым, што адзін з выдаленых сайтаў належаў да праваабарончай арганізацыі, якая якраз беларускаму рэжыму супрацьстаіць.

Можна было б махнуць рукой і сказаць — дробязь. Як разумею, гэтыя два выдаленыя сайты перанесьліся беспраблемна да іншага правайдэра, бо пра свой намер “Bluehost” паведаміў згаданаму Ярыку загадзя.
У правілах карыстаньня сваімі сэрвэрамі “Bluehost” папераджае, што нельга імі карыстацца грамадзянам з краінаў, на якія накладзеныя амэрыканскія санкцыі.
Да таго ж, у правілах карыстаньня сваімі сэрвэрамі “Bluehost” папераджае, што нельга імі карыстацца грамадзянам з краінаў, на якія накладзеныя амэрыканскія санкцыі. Так што фармальна “Bluehost” ня быў абавязаны разьбірацца, каго ён выдаляе — прыхільніка рэжыму ці апанэнта, ці наогул асобу ні пры чым.

Ды як і дзе звычайным амэрыканцам разьбірацца, who is who in Belarus? Для іх жа Беларусь з той самай паліцы геаграфічных адкрыцьцяў, што Зімбабвэ, Эрытрэя ці Бутан. Гэта толькі нам тут падаецца, што Беларусь — пуп Эўропы, а калі ня пуп, дык прынамсі “апошняя дыктатура”. А звычайным амэрыканцам, якія не чытаюць справаздачаў Дзярждэпартамэнту пра парушэньні правоў чалавека, Беларусь наогул па барабану.

Нават калі ўявіць сабе ідэальную сытуацыю, у якой амэрыканскім інтэрнэтным правайдэрам захацелася разабрацца, хто ў Беларусі за рэжым, а хто супраць, дык і тут могуць зьявіцца непераадольныя цяжкасьці. Дапусьцім, яны дазваніліся ў БНФ спадара Пазьняка і запыталіся пра некага з БНФ-у спадара Баршчэўскага. Або пазванілі ў якую-небудзь сацыял-дэмакратычную партыю, і запыталіся пра кагосьці з другой ці трэцяй. Пра камуністаў ужо ня згадваю. У такім выпадку амэрыканцы маглі б засумнявацца ня толькі як выдаляць непажаданых інтэрнаўтаў са сваіх сэрвэраў, але і непажаданыя прадукты абмену рэчываў са свайго арганізму…

But seriously. Гэты амэрыканскі інцыдэнт, які здарыўся больш за месяц таму, увесь апошні час круціўся ў маёй галаве. Сёньня мне ўдалося неяк угаманіць яго і “спасьцігнуць”. Пра што і хачу напісаць.

Справа ў тым, што і я пацярпеў ад амэрыканскіх палітычна-эканамічных санкцый. Не, не цяпер у Празе, а ў Польшчы ў 1980-х.

Назваць Бушавыя “санкцыі” супраць Лукашэнкі санкцыямі без двукосься язык не паварочваецца, калі чалавек згадае санкцыі Рэйгана супраць генэрала Ярузэльскага.
Назваць Бушавыя “санкцыі” супраць Лукашэнкі санкцыямі без двукосься язык не паварочваецца, калі чалавек згадае санкцыі Рэйгана супраць генэрала Ярузэльскага пасьля таго, як гэты апошні ўвёў ваеннае становішча ў Польшчы ў сьнежні 1981 г. і дэлегалізаваў “Салідарнасьць”.

Рэйган скасаваў статус most-favored-nation для Польшчы — гандлёвы абарот Польшчы з ЗША ўпаў напалову. Рэйган таксама заблякаваў прыняцьцё Польшчы ў Міжнародны валютны фонд. Для Польшчы, якая набрала вялізныя крэдыты ў 1970-х на “мадэрнізацыю сацыялізму”, гэта было як адключэньне кіслароду ад хворага, у якога не працуюць як сьлед лёгкія. Краіна не памерла, але і жыцьцём гэтага назваць нельга было.

У Польшчы ўжо пад канец 1970-х была ўведзеная картачная сыстэма разьмеркаваньня харчовых прадуктаў. За панаваньня Ярузэльскага на крамных паліцах у любы дзень можна было знайсьці толькі польскі воцат і, чамусьці, турэцкі чай у пакетах. А ўсё іншае зьяўлялася раз на нейкі час, паводле хітрамудрага пляну, пра які ведалі толькі пасьвячаныя, якія жылі поблізу адпаведнай крамы.

Рэйган адмяніў санкцыі ў 1987 годзе, калі Ярузэльскі звольніў апошняга палітычнага вязьня і паабяцаў палітычную лібэралізацыю. Два з паловай гады пасьля гэтага палякі звалілі камунізм.

Па кім ударылі гэтыя рэйганаўскія санкцыі? Безумоўна, не па Ярузэльскаму і не па нейкаму мільёну партыйна-адміністрацыйнай вярхушкі ў дзяржаве. У іх была свая сыстэма разьмеркаваньня прадуктаў і свае крамы, у якіх заўсёды ўсё было. Санкцыі ўдарылі па 30 мільёнах астатніх палякаў, уключаючы і польскіх беларусаў са мною. І няважна, хто з нас быў супраць Ярузэльскага, а хто за ім. Усе дасталі пад хвост пароўну.

Чаму? Адказ, які мне прыйшоў да галавы ўчора вечарам, страпянуў мяне настолькі, што я нават пабаяўся сказаць пра гэта жонцы.

Бо гэта мы фактычна былі рэжымам генэрала Ярузэльскага. Мы, 30 мільёнаў людзей, якія не належалі ні да якай партыі і, магчыма, нават не цікавіліся палітыкай усур’ёз, а хацелі толькі накарміць дзяцей і паглядзець тэлебачаньне вечарам.

Усе санкцыі б’юць не ва ўладу (бо яе немагчыма ніякімі санкцыямі дастаць), а ў “глебу”, зь якой гэтая ўлада ўзрасла.
Усе санкцыі б’юць не ва ўладу (бо яе немагчыма ніякімі санкцыямі дастаць), а ў “глебу”, зь якой гэтая ўлада ўзрасла. І толькі такім чынам можна ўладу дастаць. Так бы мовіць, раскапаць глебу, каб дрэва ўлады звалілася. Рэйган вучыў розуму не Ярузэльскага і ягоных прыкарытнікаў, а перш за ўсё ўсіх астатніх, якія з уладай ня мелі нічога супольнага, а некаторыя дык нават і ў турмах сядзелі за тое, што спрабавалі дрэва ўлады пахіснуць.

А таму выснова такая: не крыўдуйце, калі амэрыканцы выдаляюць вас зь якогасьці месца ў іншае. А пастарайцеся прыкінуць мазгамі. Усё ідзе да лепшага. Цераз горшае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG