Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы сёньня абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі. Дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні прапанаваў даць Нацыянальнаму сходу Беларусі статус спэцыяльна запрошанага ў Асамблеі. Канчатковае рашэньне мае ўхваліць Бюро ПАРЭ не раней за чэрвень гэтага году.

СЛУХАЦЬ:


На паседжаньне Палітычнага камітэту ПАРЭ запрасілі прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Яўгена Сьмірнова і Анатоля Глаза, апазыцыйных палітыкаў Віктара Карняенку і Анатоля Лябедзьку, а таксама італьянскага дэпутата Андрэа Рыгоні. Апошні рыхтуе справаздачу пра становішча ў Беларусі на чэрвеньскую сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Сёньня спадар Рыгоні прапанаваў надаць статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ Нацыянальнаму сходу Беларусі. Раней такім статусам карыстаўся Вярхоўны Савет.

Пазыцыю Рыгоні падчас дыскусіі падтрымалі прадстаўнікі Расеі ды Вугоршчыны. А вось дэпутаты зь Літвы, Украіны, Эстоніі ды Швайцарыі казалі, што ім больш імпануе падыход апазыцыі.

Прапанову Рыгоні падтрымалі прадстаўнікі Нацыянальнага сходу. Апазыцыйныя беларускія палітыкі выказаліся супраць. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
“У нас была іншая стратэгія. Яна таксама скіраваная на дыялёг. Але мы расставілі прыярытэты па-іншаму. Першы этап — стварэньне супольнай групы з прадстаўнікоў улады і апазыцыі і выпрацоўка дарожнай мапы. І толькі пасьля гэтага — вяртаньне статусу спэцыяльна запрошанага”.

Нагадваю спадару Лябедзьку, што ідэя супольнай дэлегацыі належыць самім эўрапейцам. Чаму ж яны сёньня ад яе адышлі? Лідэр АГП выказвае сваё меркаваньне:

“Гэта азначае, што Рыгоні альбо «перагарэў», альбо былі на яго нейкія кулюарныя ўзьдзеяньні. Бо гэта частковае адступленьне ад той пазыцыі, якую Рыгоні прэзэнтаваў у Беларусі”.

Пра далейшыя пэрспэктывы спадар Лябедзька кажа так:

“Паглядзім, што будзе далей. У любым выпадку я думаю, што наш падыход правільны. Мы праводзілі паралелі. Казалі, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла гэткую ж самую стратэгію. Яна бяз хатняга заданьня і без «дарожнай мапы» прыняла Нацыянальны сход у асамблею. І гэта не дало ніякіх станоўчых вынікаў”.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка адказны за ўзаемадзеяньне з эўрапейскімі структурамі. Ідэю супольнай дэлегацыі ён характарызуе так: “Гэта адлюстраваньне гульняў вакол легітымнасьці нашага парлямэнту”:

Ігар Карпенка
“Эўропе ня трэба нам дыктаваць нейкія канкрэтныя ўмовы ў гэтым пытаньні. У нас існуюць легітымна абраныя органы ўлады. І зь імі трэба супрацоўнічаць. Ну гэта ж нонсэнс, каб дзесьці ў Эўропе ў нейкія структуры ўключылі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якія не прайшлі ні ў парлямэнт, ні ў органы самакіраваньня”.



Статус спэцыяльна запрошанага для парлямэнту Беларусі замарозілі 13 студзеня 1997 году. Гэта была рэакцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на шматлікія парушэньні, зь якімі прайшоў лістападаўскі рэфэрэндум 1996 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG