Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні свой бізнэс страчваюць прыватнікі, якія здаюць на суткі кватэры.

Дагэтуль рэклямныя выданьні Горадні стракацяць аб’явамі пра здачу кватэраў на суткі. Гэты бізнэс у памежным горадзе заўсёды квітнеў. Яго нават удалося легалізаваць. Людзі, якія здаюць кватэры, у большасьці рэгіструюць сваю дзейнасьць і плацяць падаткі. Шмат хто паставіў справу так, што здымае некалькі кватэраў сам на доўгі тэрмін, а потым здае іх ужо на суткі.

Базавая стаўка за суткі аднапакаёвай кватэры раўнялася прыблізна 30 далярам, але цяпер сытуацыя зьмянілася. Кажа гаспадыня, якая здае на суткі аднапакаёўку:

“Мала, вельмі мала стала кліентаў, у мяне кватэра вольная ўжо колькі начэй. І пачалося гэта з Новага году. Яшчэ студзень я выцягнула за кошт камандзіровачных, а вось цяпер зарабіла толькі 30 даляраў і 600 тысяч рублёў”.

Спадарыня распавядае, што яе бізнэс стаў стратным, бо падатак трэба за месяц наперад заплаціць у памеры 50 эўра, своечасова разьлічыцца за камунальныя паслугі — 100 тысяч у месяц, і за рэкляму — 116 тысяч у месяц.

Спадарыня: “Раней мне плацілі за суткі 30 даляраў, цяпер і размовы няма пра такія грошы. Самае большае — 50-55 тысяч, а ўжо калі 60, дык гэта толькі нехта адзін такі можа знайсьціся”.

Была чарга далёка наперад, а цяпер ніхто нават не тэлефануе.
На думку гаспадыні кватэры, прычына ў тым, што ў людзей ня стала грошай. І застаецца толькі ўзгадваць пра тое, як яшчэ было да Новага году:

“Была чарга наперад, ледзьве не на два тыдні. А цяпер тэлефон зусім ня звоніць”.

Я паспрабаваў патэлефанаваць па рэклямцы й замовіць кватэру на суткі. У адказ жаночы голас прапанаваў мне тры кватэры на выбар: адна-, двух- і трохпакаёвую. Калі я запытаўся пра кошты, згаворлівы голас адказаў:

“Па цане абавязкова дамовімся. Вы прыедзеце, паглядзіце, а што да цаны, то абавязкова дамовімся…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG