Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя мэтады перасьледу адпрацоўваюць на сябрах БХД


Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі напярэдадні ўстаноўчага зьезду і пасьля яго адчулі на сабе ціск з боку ўладаў. Адных выклікаюць на размовы, іншых правяраюць фінансавыя органы, некаторым пагражаюць звальненьнем з працы і выключэньнем з вучобы.

СЛУХАЦЬ:


Выкладчыку нямецкай мовы зь Бешанковічаў Георгію Станкевічу напярэдадні ўстаноўчага зьезду БХД, які адбыўся 28 лютага, дырэктар школы пагражаў звальненьнем, калі ён паедзе на зьезд у якасьці дэлегата. Але ён кажа, што гэта яго не спалохала:

“Я рэдактар мясцовай газэты “Крывінка” і пісаў у газэце, што ўсе жадаючыя стаць сябрамі БХД — калі ласка, устаноўчы зьезд будзе ў Менску, і ад Бешанковічаў будзе дэлегат. Яны вылічылі хто гэта будзе. Магчыма, гэта было ў маштабах раёну арганізавана, ня больш.

У вясковую школку мне трэба дабірацца 15 кілямэтраў у бок Улы. Штодня праяжджаю па 30 км. На бэнзін мае выдаткі складаюць 200 тысяч у месяц з 500-600 тысяч заробку. Таму я не баюся страціць працу“.

Георгі Дзьмітрук
Да старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Хрысьціянская дзелавая ініцыятыва”, жыхара Кобрына Георгія Дзьмітрука ўжылі новы від рэпрэсій — фінансавыя праверкі.

“За апошні тыдзень — дзьве ананімкі. Адна зь іх — пра тое, што ў памяшканьні, якім валодае мая жонка, быў усталяваны крадзены кацёл. Адначасова ў той жа дзень патэлефанавалі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і папрасілі даць ім дакумэнты за апошнія тры гады. У мінулую пятніцу той жа ДФР папрасіў даць ім дакумэнты за апошнія два гады.

Атрымліваецца, трэцяя праверка ДФР, плюс праверка Дзяржкантролю, плюс праверка комплексная“.

Навуковец Уладзіслаў Грабавы працуе ў Акадэміі навук. Ён распавёў, што меў размовы з прадстаўнікамі адміністрацыі інстытуту наконт сваіх выказваньняў пра сымпатыі да БХД.

“Можа, зь мяне хацелі зрабіць чалавека, які вельмі баіцца. Мэта спэцслужбаў — стварыць у чалавека ўражаньне пастаяннага кантролю і сачэньня. Вось яны такімі мэтадамі і дзейнічаюць. Палохаюць, і псыхалягічныя гульні вядуць. Калі чалавек верыць у Бога, то ён пад абаронай Бога. Якія б там ні здараліся рэчы, але калі ён моцны ў сваёй веры, то ўсё будзе добра”.

Гомельскія актывісты БХД распавялі, што ад пачатку году іх некалькі разоў затрымлівалі. Некалькі чалавек, сярод якіх Андрусь Цянюта і сустаршыня аргкамітэту БХД Кастусь Жукоўскі, раней звольнілі з працы. Яшчэ некалькім студэнтам, якія вучацца ў гомельскіх ВНУ, пагражаюць адлічэньнем з вучобы за іхны ўдзел у БХД.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

Павал Севярынец
“Спэцслужбы ўжываюць самыя разнастайныя мэтады дзеля таго, каб запалохаць хрысьціянскіх дэмакратаў. Тут і візыты супрацоўнікаў КДБ да сьвятароў і пастараў, тут і смс-рассылкі з пагрозамі, тут і тэлефонныя званкі, тут і інтэрнэт-праца, і выклікі на вучобу, тут і звальненьні, затрыманьні, пошукі наркотыкаў, як гэта было ў берасьцейцаў…

Увесь спэктар мэтадаў, бо, на мой погляд, хрысьціянская дэмакратыя — гэта новая сіла. Не апазыцыя, а альтэрнатыва. Сёньняшні рэжым папросту адчуў, што ў гэтай сьвежай сіле ідэі маральнага супрацьстаяньня абвостраныя да ўзроўню зброі“.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG