Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў акцыянэрнае таварыства “Віцебскдрэў”. Там ён выступіў з новымі антыкрызіснымі рэцэптамі ды чарговымі нападкамі на апазыцыю, якую ён па-сталінску назваў “ворагамі народу”.

СЛУХАЦЬ:


Аляксандар Лукашэнка публічна ўхваліў рашэньне Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу зноў замарозіць на 9 месяцаў візавыя санкцыі супраць яго асабіста і яшчэ 35 беларускіх чыноўнікаў. Ён заявіў, што станоўча ацэньвае крокі з боку Эўразьвязу на наладжваньне стасункаў зь Беларусьсю. Разам з тым ён абурыўся, што эўрачыноўнікі “тузаюць Беларусь па дробязях”, адгукаючыся на адпаведныя сыгналы “адмарожаных” апазыцыянэраў.

Лукашэнка ўвогуле вельмі рэзка выказваўся на адрас сваіх палітычных апанэнтаў, якія, ягонымі словамі, патрабуюць ад Захаду больш жорсткіх санкцый супраць беларускіх уладаў, а значыць, нясуць шкоду ўсяму беларускаму народу: “Ім нехта падкідае ідэю, і яны пачынаюць плявузгаць. Вось гэта пазыцыя нашай вашывай апазыцыі. Ніякая яна не апазыцыя, а пятая калёна — ворагі беларускага народу”, — зрабіў выснову Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, калі б “мы апублікавалі, як працуе апазыцыя ў Брусэлі, Страсбуры, іншых эўрапейскіх сталіцах, у Амэрыцы, вы б жахнуліся”.

“У іх ці то па п’яні, ці ад нейкай дурноты ўсё гэта палезла праз вушы, празь іншыя месцы, праз усе дзіркі. Некаторыя вялікія дзеячы, якіх мы з турмаў павыпускалі, ажно верашчаць у адкрытую, што трэба патрабаваць ад уладаў, ад Лукашэнкі, ціснуць, цкаваць у гэты час крызісу”.

Апазыцыянэры, на думку Лукашэнкі, гатовыя прадацца любому, каб толькі скруціць яму галаву, “ускочыць у крэсла самім і разбамбіць краіну”. Але сёньня дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі нікому ня ўдасца, — запэўніў ён.

Палітычныя абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтаваў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

Лявон Баршчэўскі
“Тэрміналёгія «ворагі народу» — гэта ж тэрміналёгія ня новая. Яе пераважна ўжываюць тыя, каму няма чаго сказаць спакойна, разважліва і адказаць канкрэтнымі дзеяньнямі на канкрэтныя папрокі ці захады. Мы заўсёды баранілі правы канкрэтных людзей, тых, што знаходзяцца пад перасьледам, сядзяць у турмах, пазбаўленыя працы, пазбаўленыя навучаньня, пазбаўленыя права выбіраць, даведзеныя да самагубства. І будзем гэтых людзей бараніць далей, што б там пра іх спадар Лукашэнка ні казаў. Нішто не замінае Лукашэнку стаць на шлях усталяваньня ў краіне законнасьці, а ня волі чыноўнікаў”.

Разам з тым сёньня Аляксандар Лукашэнка загадаў уладам: нягледзячы на эканамічны крызіс, прадпрыемствы абавязаныя забясьпечваць людзей працай і заробкамі. Ягоныя рэцэпты ад крызісу — зьніжэньне сабекошту прадукцыі, пошук новых зьнешніх рынкаў, пошук замежных інвэстараў.

“Паўтараць я больш ня буду: крызіс, ня крызіс, людзі хочуць жыць — напэўна, мільярдаў сем ужо на Зямлі. Ёсьць такія рэгіёны ў сьвеце, як Азія, Афрыка ды іншыя, дзе грошай няма куды падзець, яны меней за ўсіх пацярпелі. Таму ў гэтай сытуацыі трэба проста працаваць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG