Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы працуем у інтарэсах слухачоў і чытачоў...”


Журналістка “Радыё Свабода” адказвае на крытычныя заўвагі наведніка нашага сайту.

У нядзелю на нашым сайце было зьмешчанае паведамленьне зь Віцебску “За ўлёткі да Дня Канстытуцыі – у пастарунак”. Віцебскага моладзевага актывіста Кастуся Іванова міліцыянты затрымалі каля ўнівермагу, дзе хлопец раздаваў мінакам улёткі, адмыслова прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі.

Наведнік сайту svaboda.org , які схаваўся за мянушкай “uschent”, даслаў на сайт крытычны камэнтар:

Не было затрыманьняў – не было акцыі.

Мне падаецца, што вынесенае ў загаловак словазлученьне ёсьць прынцыпам радыё «Свабода» апошнія дзесяць год. За больш раннія выпускі не скажу, не адсочваю.

Разбяром на прыкладох. У Віцебску зараз прайшлі дзьве літаральна аднатыпныя акцыі. Улёткі з віншаваннямі з нагоды Дня канстытуцыі раздавалі мінакам актывісты грамадзкай кампаніі «Наш дом» і трыюмвірат нацыяналістычных арганізацый – БХД, «За свабоду» спадара Мілінкевіча і «Моладзь БНФ». Звонку можа падацца, што апошнія тры, маючыя і гістарычныя імёны, і рэсурсанапоўненасьць дадуць рады гораду Віцебску («тожа мне горад – 300 тысячаў усяго»), літаральна схалануць яго. Але атрымалася наадварот, бо, калі верыць журналістам (акрамя адной, але аб ёй пазьней) – калі трыюмвірат ужо разбегся, «нашдомаўцы» яшчэ раздавалі і раздавалі свае каляровыя улёткі. Больш скажу – на цэнтральным прыпынку, які любіць спадар Б .Хамайда, і дзе працавалі іншыя на літару «Б», людзі ёсьць толькі у будні дзень, у выхадныя там нікога няма (аб чым у мяне ёсьць фотасьведчаньні), а вось на Полацкім рынку, дзе раздавалі актывісты «Нашага дому» - як раз наадварот, натоўп разьмятаў улёткі (аб чым таксама фотасьведчаньні ёсьць). І ўсё роўна «Наш дом» скончыў пазней.
Аднак, замест таго, каб сьвядома і матэматычна параўнаць гэтыя акцыі, падобныя як падобныя на сабе падобныя трохкутнікі (прабачце за калямбур, матэматыкі зразумеюць), Браніслава Станкевіч падае толькі адну акцыю, можа таму, што першыя літары большасьці арганізацый, уваходзячых у яе, пачынаюцца з першая літары яе імя?

Але праблема тут больш глыбінная: перашкаджае прынцып радыё «Свабоды». «Нашдомаўцы» раздавалі сабе і раздавалі, а у трыюмвірата затрымалі сябру БХД, ці сябру «За свабоду» ці сябру «Моладзі БНФ». Аднаго чалавека, але мяркую я не памыліўся, бо ў Віцебску гэтыя арганізацыі – адное і тое ж. І спрацоўвае прынцып – вось гэта сапраўды акцыя, калі ёсьць затрыманьні.

Паважанае радыё. 9 год таму Вашыя супрацоўнікі ўжо рабілі памылкі, дадаючы нолікі да лічбаў колькасьці удзельнікаў акцый у Віцесбку, пераправіўшы 400 на 4000. Паглядзіце, калі ласка файл як раз за 15 сакавіка 2000 году. А потым паспрабуйце прачытаць яго. Услых. Так ніхто не кажа – відавочна, што «падчысткі» былі зробленыя ўжо ў рэдакцыі, у тэксьце. Чатыры тысячы ў Віцебску 15-га сакавіка (любога году) - той жа міф, што й існаванне ў Віцебску толькі адной, нават і трохгаловай структуры – ну ёсьць іншыя, увогуле, ёсьць нават іншая Беларусь, непадобная на тую, якую малюеце Вы. І Вам за гэта будзе потым сорамна.

А сорамна Вам будзе і таму, што калі «Наш дом» рэальна дамогся таго, каб яго актывістаў не затрымлівалі – СВАІМІ дзеяннямі, то Вы сваімі дзеяннямі толькі робіце палітуцекачоў, якія па тры разы затрымаюцца тут (ужо нават жаргон выпрацавалі - «страдануць за Беларусь») і паедут шчасьця шукаць у Варшаву, Ню-Ёрк ці Прагу. Але «не посуд мыць там будут у танных барах», як казаў у вершы на «Свабоду», а пойдуць далей распаўсюджваць міт аб нейкай Беларусі, дзе ўсе гавораць толькі па-беларуску і ахвяруюць за яе кожны дзень проста бескарысна (цытую словы Івонкі Сурвілы ў адносінах да А.Міхалевіча).

А можа Вам патрэбныя новыя радыё-тэле-канкурэнты?

На камэнтар адказвае аўтар паведамленьня Браніслава Станкевіч:

Вялікі дзякуй Аўтару папярэдняга допісу. Вельмі прыемна, што амаль кожнае паведамленне з Віцебску на Радыё Свабода камэнтуюць неабыякавыя да падзеяў у грамадзтве людзі.

Але дазвольце Вам нагадаць, шаноўны Аўтар, што Радыё Свабода працуе ў першую чаргу ў інтарэсах слухачоў і чытачоў. А інфармацыйнае абслугоўваньне грамадзкіх арганізацый або палітычных партый ня ёсьць першачарговым абавязкам СМІ. Больш за тое: у цяперашніх умовах, з улікам усіх згаданых Аўтарам допісу негатыўных тэндэнцыяў у шэрагах апазыцыі, мы мусім зь вялікай асьцярожнасьцю ставіцца да паведамленьняў пра пасьпяхова праведзеныя акцыі ды іншыя праявы грамадзянскай актыўнасьці. Таму мы пераправяраем інфармацыю праз 3-4 крыніцы, як таго патрабуюць правілы незалежнай журналістыкі. І ня дужа давяраем “пастановачным фотаздымкам”, якія часта робяцца ўдзельнікамі акцый для ўласнага “гераічнага” фотаархіву або для справаздачы.

Аптымальны варыянт, вядома, калі сам журналіст прысутнічае на нейкай акцыі. На жаль, нават тыя структуры, якія самі дужа шмат распавядаюць пра ўласную дзейнасьць, зусім не ахвотна запрашаюць на свае мерапрыемствы журналістаў, бо там, як слушна піша Аўтар, “адное і тое ж” – тыя самыя твары і тыя самыя мэты. Між тым, журналісты гатовыя да інфармацыйнай падтрымкі як саміх акцыяў, так і іх “працягаў” у пастарунках (як было, да прыкладу, 15 сакавіка з Кастусём Івановым у Чыгуначным РАУС) і да асьвятленьня наступстваў – у судах і (крый Божа!) турмах.

Цывілізаваныя адносіны з журналістамі, гатоўнасьць ісьці на кантакт ёсьць прыкметай здаровага грамадзтва. Думаю, нават пакрыўджаны нібыта няўвагай Аўтар з гэтым пагодзіцца. Крыўда Аўтара зразумелая: пра распаўсюд улётак на Полацкім кірмашы ў Віцебску не згадала ня толькі Радыё Свабода: прамаўчалі таксама Рацыя, Эўрарадыё, няма паведамленьняў на мясцовых незалежных сайтах, нават на сайце кампаніі “Наш дом”, які ўвогуле апошні раз абнаўляўся ці ня ў лютым... У працяг гэтае тэмы з майго журналісцкага досьведу магу распавесьці наступнае: калі нейкая акцыя або іншая імпрэза насамрэч уражвае тых, для каго яна прызначаецца – тых самых звычайных жыхароў Віцебску, пра якіх Аўтар чамусь ня згадвае ўвогуле – то людзі звычайна тэлефануюць ды кажуць: “Вы яшчэ ня там? Бяжыце хутчэй, там адбываецца падзея!”

Учора не тэлефанавалі. Магчыма, раздача ўлётак, нават каляровых, як падкрэсьлівае Аўтар, ужо нікога ў Віцебску ня ўражвае. Ці не штодня пару-другую праспэкцікаў, рэклямак і да т.п. можна знайсьці ва ўласнай паштовай скрыні або атрымаць у рукі на людным скрыжаваньні…

Ніхто не зьбіраецца адмаўляць, што разнастайныя акцыі мусяць праводзіцца. Няхай гэта будзе і распаўсюд улётак, і віншаваньні мінакоў сьвяточнымі паштоўкамі, і “ланцуг неабыякавых людзей” са сьвечкамі ў рукох. Але ўсё гэта -- натуральная сфэра дзейнасьці тых, хто называе сябе грамадзкімі актывістамі. Ненатуральна, незаконна і ненармальна іншае: калі падчас такіх акцыяў затрымліваюць іх удзельнікаў. Таму Радыё Свабода ужо колькі год запар, як гэта справядліва заўважыў Аўтар, паведамляе пра падобныя выпадкі. Але зусім не дзеля таго, што наша радыё, як піша Аўтар “робіць палітуцекачоў, якія па тры разы затрымаюцца тут (ужо нават жаргон выпрацавалі - «страдануць за Беларусь») і паедут шчасьця шукаць у Варшаву, Ню-Ёрк ці Прагу”. Ні Барыс Хамайда, ні Сяргей Парсюкевіч, ні Павал Севярынец, ні іншыя віцебскія актывісты, пра якіх даводзілася паведамляць асабліва часта, ня сталі палітуцекачамі. “Палітуцекачамі”, або “палітутрыманцамі” – я мяркую, Аўтар разумее, што я маю на ўвазе, – найчасьцей робяцца якраз тыя, хто мкнецца “прапіярыцца” праз незалежныя СМІ...

Зрэшты, Браніслава Станкевіч ня толькі журналістка, але яшчэ й грамадзянка свае краіны. І як грамадзянка магу зазначыць наступнае: мэтамі любых акцый, як асьветленых, так і не асьветленых Радыё Свабода, мусяць быць не самі гэткія імпрэзы, а зьмены ў грамадзтве. І менавіта да такіх пазытыўных зьменаў, на маю думку, мусяць імкнуцца і кампанія “Наш дом”, і тыя, каго Аўтар называе “трыюмвіратам нацыяналістычных арганізацый – БХД, «За свабоду» спадара Мілінкевіча і «Моладзь БНФ», і іншыя структуры з назовамі на “Б” ды іншыя літары.

Каб разам распавядаць пра змаганьне жыхароў Віцебску за агульначалавечыя і дэмакратычныя каштоўнасьці, Радыё Свабода насамрэч патрэбны і калегі, і “радыё-тэле-канкурэнты”. Таму, шаноўны Аўтар, калі Вы наступным разам станеце сьведкам вартай асьвятленьня падзеі, без сумневу зьвяртайцеся да журналістаў! Але не дзеля працягу палемікі, а дзеля канструктыўнага выніку.

XS
SM
MD
LG