Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Лукашэнка: “Гэта не апазыцыя, гэта ворагі народа”


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі на Віцебшчыну нэгатыўна ацаніў дзеяньні беларускай апазыцыі, якая нібыта патрабуе ад Захаду зрабіць больш жорсткімі санкцыі адносна Беларусі.


Ён заявіў журналістам:

“Гэта не апазыцыя, гэта “пятая калёна”, гэта ворагі беларускага народа”.

Паводле А.Лукашэнкі, калі б “мы апублікавалі, як працуе апазыцыя ў Брусэлі, Страсбуры, іншых эўрапейскіх сталіцах і ў Амэрыцы, то вы б жахнуліся”. Маўляў, “як толькі мы паспрабавалі дамовіцца з эўрапейцамі і працэс гэты пайшоў у патрэбным кірунку, то гэта выклікала ў іх гістэрыю. У іх ці то па п'яні, ці ад нейкай дурноты ўсё гэта палезла праз вушы, празь іншыя месцы, праз усе дзіркі. Некаторыя вялікія дзеячы, якіх мы з турмаў павыпускалі, вызвалілі, ажно верашчаць у адкрытую, што трэба патрабаваць ад уладаў, ад Лукашэнкі, ціснуць, цкаваць у гэты час крызісу”.

Ён паабяцаў давесьці да грамадзкасьці некаторыя дакумэнты, у якіх “яны пішуць эўрапейцам, чаго Эўропа павінна патрабаваць ад Беларусі”.

“Ім нехта падкідае ідэю, і яны пачынаюць плявузгаць. Вось гэта пазыцыя нашай вашывай апазыцыі. Ніякая яна не апазыцыя”, — заявіў А.Лукашэнка. — “Гэта пятая калёна. Я гэта адказна заяўляю. Яны гатовыя прадацца любому, каб толькі скруціць галаву Лукашэнку, ускочыць у крэсла самім і разбамбіць краіну. Гэтага не атрымаецца, пакуль я жывы. Сёньня дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі нікому ня ўдасца”.

Таксама кіраўнік Беларусі станоўча ацаніў рашэньне Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу аб падаўжэньні тэрміну прыпыненьня санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў.

“Дзякуй, добра. Але пытаньне не ў чыноўніках і не ў Лукашэнку. Калі эўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку, атрымоўваючы сыгналы ад нашых “адмарожаных”, і ўвесь час нас тузаць і панукаць бяз справы, то мы на такой пазыцыі дыялёг весьці ня будзем”, — заявіў А.Лукашэнка.

Паводле А.Лукашэнкі, “калі Эўропа сёньня хоча супрацоўнічаць зь Беларусьсю на тых прынцыпах, на якіх мы вызначыліся з Хавіерам Салянам, хоча бачыць Беларусь у гэтай эўрапейскай сям'і, то мы гатовыя да гэтага. Але мы не хацелі б, каб эўрапейцы тузалі нас па дробязях. Трэба, каб мы бачылі галоўнае, каб за гэтымі хмызамі мы бачылі лес”.

Паводле кіраўніка краіны, “Вялікабрытаніі, Нідэрляндам, яшчэ некаму ня хочацца супрацоўнічаць. Што ж, мы іх сёньня пакуль ня можам пераканаць. Але тое, што нас падтрымалі буйнейшыя эўрапейскія краіны — гэта факт. Нас, напэўна, упершыню падтрымалі нашы суседзі. У нас цудоўна разьвіваецца дыялёг з Украінай”.

Таксама А.Лукашэнка адзначыў, што разьвіцьцё дыялёгу з ЭЗ адбываецца не на шкоду стасункам з Расеяй. Маўляў, “мы ніколі ўбок ад Расеі ня сыдзем”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG