Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу, сьмерць праваабаронцы Яны Паляковай, эканамічны крызіс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


СЛУХАЦЬ:


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт кіраўнікоў краін Эўразьвязу ў Прагу — тэма, якую абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Паважаныя эўразьвязаўскія палітыкі, ні ў якім разе нельга запрашаць спадара Лукашэнку ў Прагу. Гэта будзе вялікая памылка. Ён павінен ведаць, што ў Эўропе ён непажаданы. А што яго чакае ў Расеі, ён таксама ведае. Яго чакае лёс караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага”.

Працоўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Армэнію разам з малым сынам Мікалаем — яшчэ адна тэма выказваньняў слухачоў:

Спадарыня: “Адкажыце, калі ласка, на пытаньне: якім артыкулам закону карыстаецца Лукашэнка, калі на працу возіць з сабой малое дзіця? Ці могуць карыстацца гэтым артыкулам нашы жанчыны — браць на працу сваіх дзяцей? А можа, для Лукашэнкі існуе свой закон?”

На пытаньне адказвае юрыст і палітык Уладзімер Лабковіч:

“Няма такога закону. Я ня думаю, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць праблема — з кім пакінуць дзіця, і таму ён, бедны, вымушаны браць яго з сабою на працу. Тым больш на важныя міжнародныя сустрэчы. Як я гэта разумею, то гэта дэманстратыўны выклік і беларускаму грамадзтву, ягоным маральным прынцыпам, і гэта дэманстратыўны выклік міжнароднаму пратаколу. Але ва ўсёй гэтай сытуацыі турбуе ня гэта, а маральны стан і псыхіка гэтага дзіцяці. Бо ва ўсім гэтым спэктаклі, які ладзіць ягоны бацька і выкарыстоўвае яго, гэтае дзіця вымушанае ўдзельнічаць”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды сьмерці праваабаронцы Яны Паляковай:

Спадар: “Шаноўныя слухачы, успомніце, калі ласка, як было ў Чэхаславакіі раней, як звалі таго студэнта, які кайданкамі прыкуў сябе да плота, абліў бэнзінам і спаліў. Яго звалі Ян Палах. Ён зараз нацыянальны герой, вуліца ёсьць яго імя. І наша будучая гераіня Яна Палякова — параўнайце. Гэта божы знак — пачатак канца тыраніі”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на эканамічную і іншыя тэмы.

Спадар: “Пракаповіч з усьмешкай абвясьціў, што беларускі зайчык умацаваўся на 5 рублёў. Вось каб ён з такой усьмешкай пару месяцаў таму абвясьціў, што ён абрабуе насельніцтва на 20 адсоткаў зайчыкаў, як бы тады мы яму ўсьміхаліся?!”

Спадар:
“Як тут не абурацца!
Калі ў нас пэнсія пачне павышацца?
Нядаўна, нягледзячы на крызіс, эканамічныя недаробкі,
Немцам пэнсію паднялі на 2—3 адсоткі.
Наша ўлада адвеку
Ніколі не клапацілася пра чалавека”.


Спадарыня: “У знаёмай мне прадуктовай краме дзён шэсьць таму таматны сок мясцовага заводу каштаваў 2300. Сёньня новы кошт — 3250. Вядома, эканамічны крызіс, завод няма чаго вінаваціць, але так і хочацца сказаць: дакіраваліся. І што далей? Прайшлі ў Беларусі апошнія 15 год, і выявілася, што такія рэчы, як мова, нацыянальная культура, нацыянальная годнасьць і страўнік — зьвязаныя”.

Спадар Лявонцій, Гомель:

“Прызнаньні былога агітатара:

Лукашэнка мякка сьцеле,
Ды трывожна люду сьпіцца.
А было, калісьці верыў
Я ў яго запал і кемнасьць,
Ды ўжо лёс даўно адмерыў
Слоў і спраў яго нікчэмнасьць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG